Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: “Уладзе сорамна за свае дзеяньні”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 2 красавіка).

Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі з 19 да 25 сакавіка за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах было арыштавана больш за 500 чалавек. “Асабліва небясьпечных” затрымлівалі прэвэнтыўна. У іх ліку быў і мастак Алесь Пушкін, які жыве ў мястэчку Бобр Крупскага раёну. Чаму дзясяткі грамадзянаў Беларусі ілжэсьведчылі ў судах? Ці адчувае беларуская ўлада сорам за свае гвалтоўныя дзеяньні? Як энэргію масаў можна скіраваць у канструктыўнае рэчышча? Пра гэта ды іншае з Алесем Пушкіным гутарыць Міхась Скобла.

(Скобла: ) “Алесь, апошнім часам ты больш часу праводзіш за мальбэртам. За што ж цябе арыштавалі?”

(Пушкін: ) “Пачну з таго, што мы зь сям’ёй вырашылі ня браць удзелу ў галасаваньні й не ісьці на выбарчыя ўчасткі ў дзень выбараў. 18 сакавіка да мяне дамоў прыехалі начальнік аховы грамадзкай бясьпекі Крупскага РАУС маёр Мікалай Макарэвіч і опэрупаўнаважаны па крымінальным вышуку Валеры Костачка. Яны пасадзілі мяне ў машыну, сінюю, зь мігалкамі, і павезьлі ў Крупкі. Там начальнік РАУС падпалкоўнік Уладзімер Пагуда паказаў мне два пратаколы. У іх было запісана, што грамадзяне мястэчка Бобр, ловячы рыбу на супрацьлеглым ад маёй хаты беразе ракі, чулі, як я гучна размаўляў па тэлефоне зь нейкім Сьцяпанам Сухарэнкам, лаяўся на яго матам, пагражаў узрываць школы, кідаць пацукоў у водаправоды й выказваўся, як запісана ў пратаколе, дзіўным словам “супастат”. Я выслухаў і падзякаваў міліцыянту за тое, што хоць убачу тых стукачоў, хто гэткую бязглузьдзіцу панапісваў. Адзін зь іх, Сойка Іван Пятровіч, 1948 году нараджэньня, беларус”.

(Скобла: ) “Гэта твой сусед?”

(Пушкін: ) “Так, праз раку жыве. Потым я яго пабачыў на судзе. І ён, гледзячы ў падлогу, пацьвердзіў, што ўсё так і было. Засунулі мяне, кажучы на іхным слэнгу, у “абязьяньнік” сьледчы ізалятар. І сядзеў я там з 18 да 20 сакавіка. Потым адбыўся суд, на якім судзьдзя Вольга Хома пакарала мяне штрафам 31 000 рублёў”.

(Скобла: ) “Давай вернемся да твайго суседа. Беларускія сяляне даносілі на інсургентаў у 1864-м, высочвалі слуцкіх паўстанцаў у 1920-м, дапамагалі МГБ лавіць беларускіх дывэрсантаў у 1952-м… Як ты лічыш, сёньня магчымая падобная сытуацыя?”

(Пушкін: ) “Ня толькі магчымая, гэта ўжо рэальная сытуацыя. Дастаткова аднаго загаду зьверху. Калі дзяржава дасьць адмашку, гэтыя людзі, якія дзесяць гадоў стаяць поруч з табой у царкве і дапамагаюць табе вазіць дровы, заўтра скажуць: так, ён вораг, ён фашыст, ён будзе паказваць ліхтарыкам натаўскім самалётам, дзе бамбіць, і адчыніць вароты натаўскім танкам”.

(Скобла: ) “Гэта ж страшна. Гэта ж найгоршае, што можа быць”.

(Пушкін: ) “Тут я падумаў пра другое, пра тое, якую адказнасьць бярэ на сябе начальства, правакуючы ў людзях такую брыдоту. А што робіць Беларускае тэлебачаньне? Напярэдадні выбараў яно паказала фільм “Духоўная вайна”. І бабулі ў царкве мне казалі: “Ну во, Саша, уключылі тэлевізар, думалі паглядзець духоўную перадачу, а там цябе, супастата, убачылі. Дык і ты супраць нашага прэзыдэнта?! І партрэт Джахара Дудаева намаляваў…” Я кажу ім, бачыце, і я “к злодеям причтён”.

(Скобла: ) “Сёньня можна пачуць папрокі тым ці іншым апазыцыйным палітыкам: не скарысталі наяўных сілаў, ці наадварот — пайшлі на непатрэбныя сутыкненьні. А ў якое канструктыўнае рэчышча можна было скіраваць 30-цітысячны натоўп?”

(Пушкін: ) “Ня толькі трыццацітысячны натоўп. Беларускі народ усё ж такі падняўся. Энэргія масаў, энэргія моладзі, пратэставы электарат — у наяўнасьці. Нягледзячы на запалохваньні, на ўсю масавую прапаганду, людзі з прыходам вясны падняліся. У наяўнасьці добрыя рысы нашага жывога грамадзтва. Адчуваецца прага пераменаў. Як гэта скарыстаць? Трэба ведаць, што ў нас ніколі ня будуць дзейнічаць тэхналёгіі Захаду. Беларускі лідэр мусіць абапірацца на ўласнабеларускія сродкі, на свае беларускія структуры, назавём гэта беларускай самапомаччу. Ён павінен мець чыстую біяграфію, не павінен быць помсьлівым, як адзін з кандыдатаў, каторага выпіхнулі з той лыжні, на якой ён бутэлькі адчыняў. Ня трэба энэргію помсты накіроўваць на палітычнае змаганьне. Трэба зарабляць грошы, складвацца і рабіць палітычную партыю, вылучаць чыстага, нармальнага, маладога лідэра”.

(Скобла: ) “Калі на менскіх вуліцах пачуліся выбухі, нам патэлефанаваў слухач і роспачна заявіў, што пачалася грамадзянская вайна. А ў цябе не было падобнага адчуваньня?”

(Пушкін: ) “Не, я ведаў, што гэта запалохваньне. Страляніна газавымі гранатамі дае дымавую заслону, дае спалох людзей, такая мэтодыка прадумваецца загадзя. Памятаеце 25 Сакавіка 2000 году? Бэтээры, салдаты з сабакамі каля ЦУМу. Гэта ўсё для таго, каб запалохаць людзей. І сёлета было тое самае. Адзінае, што мяне насьцярожыла, — тое, што супрацьстаяньне розных сэгмэнтаў грамадзтва дасягае небясьпечнай рысы. Сапраўды, у нашым мірным грамадзтве распачаўся чарговы віток нянавісьці, распачалося супрацьстаяньне адзін супраць аднаго. Вось чым жахлівая сытуацыя! Не на Акрэсьціна трэба было ісьці, а да расейскай амбасады”.

(Скобла: ) “Алесь, я ведаю, што ты — уцаркоўлены чалавек, наведваеш царкву і супрацоўнічаеш як мастак з рознымі канфэсіямі. Давай пагаворым пра ролю ў сакавіцкіх падзеях Беларускай праваслаўнай царквы. Што гэтая тэма хвалюе грамадзтва, засьведчылі і шматлікія званкі на Радыё Свабода. Давай паслухаем адзін зь іх, запісаны нашым аўтаадказьнікам 30 сакавіка”.

(Спадар: ) “Хачу сказаць некалькі словаў пра ролю праваслаўнай царквы й Філарэта ў падзеях пасьля выбараў. Каб вызначыць пазыцыю Філарэта, трэба згадаць, што пасьля ўручэньня Пуціным узнагароды Філарэту ён сказаў: “Служу Расеі!” У гэтых словах уся ягоная сутнасьць. Ён жа сапраўды служыць Расеі, як і ўся праваслаўная царква. А ў нас няма сваёй царквы, а ёсьць Беларускі экзархат, структура Расейскай праваслаўнай царквы. Замянеце Філарэта другім чалавекам — і ён будзе служыць Расеі. Каб праваслаўная царква служыла Беларусі, трэба мець сваю аўтакефальную, незалежную ад Расеі й ад расейскай царквы праваслаўную царкву. Лукашэнка пасьлядоўна, прадумана, крок за крокам зьнішчае ўсё беларускае, а Філарэт забясьпечвае духоўны бок усёй гэтай справы. Так абодва служаць Расеі і карыстаюцца яе падтрымкай. І крыўдзіцца на Філарэта і праваслаўную царкву ня трэба, неабходна проста разумець іх сутнасьць”.

(Пушкін: ) “Я слухаў камэнтар па БТ айца Фёдара Поўнага, які саркастычна называў сьвятароў беларускай народнай царквы, што стаялі побач зь мітынгоўцамі на Кастрычніцкай плошчы, самазванцамі, самаабвешчанай царквой. Маўляў, іх япіскапы ў Нью-Ёрку, у Амэрыцы, таму яны прадажныя. Але ён не сказаў, што на плошчы стаяў і ўніяцкі сьвятар з Воршы айцец Андрэй. Ён прастаяў першую ноч на марозе акурат у ачапленьні, дзе было хіба найцяжэй. Ён нёс свой крыж з народам.

А што да нашай афіцыйнай царквы… Я раскажу, што ў нашым прыходзе адбывалася. Для Бобраўскага храму я зрабіў два абразы, тры месяцы працаваў. Напісаў апостала Яна і Маці Божую, якая стаіць каля ўкрыжаваньня. Напярэдадні выбараў я далажыў аб заканчэньні працы свайму сьвятару айцу Віктару. Сьвятар разам са старшынёй царкоўнага камітэту прыйшлі і прынялі маю працу — яны былі задаволеныя. Але потым я трапіў у пастарунак. Дык цяпер сьвятар баіцца забіраць абразы. Чаму так? Бо, як я думаю, гэты чалавек не свабодны. Ён мне і сам гаварыў: “Аляксандар, у царкве не працуюць, а служаць”. Але ня ўсе сьвятары такія. Я ўспамінаю сьвятара Георгія Бортніка з Глыбоччыны, чый партрэт зараз пішу. Ён расстраляны савецкай уладай у 1951 годзе, па сутнасьці, за тое, што размаўляў зь вернікамі па-беларуску, за тое, што дапамагаў Беларускай Незалежніцкай Партыі. Уладу не спыніла нават тое, што ў яго былі маленькія дзеткі. Так што былі сьвятары, якія падзялялі і радасьць, і бяду з народам. Ёсьць яны й сёньня”.

(Скобла: ) “А што ты як праваслаўны вернік адчуў, калі пабачыў царкоўны ордэн на грудзях камандзіра СОБРу Паўлічэнкі?”

(Пушкін: ) “Вельмі складана гаварыць пра Беларускі экзархат РПЦ. Але я не выбіраю гэтае царквы. Спрадвеку мая бабуля, мая маці, мой бацька былі яе прыхаджанамі. Я ўцаркоўлены чалавек, хаджу й малюся Богу ў Бобраўскую царкву. Але мне вельмі цяжка цалаваць руку сьвятару, які дае мне крыж. Бо я вельмі ясна бачу, што гэта рука ўлады. І таму цалаваць руку ўлады мне не хацелася б. Але ж царква ёсьць жывым арганізмам, які складаецца зь людзей. А яны могуць памыляцца. Да таго ж, Бог дае папушчэньні дзеля людзкога выпрабаваньня. Памятаеш, спачатку царква ўзнагародзіла Лукашэнку ордэнам Сьвятой Эўфрасіньні. А потым сьвецкая ўлада дае Філарэту званьне Героя Беларусі. Такі абмен. Ці — царкоўныя ўлады ўзнагароджваюць ордэнам роўнаапостальнага Сьвятога Ўладзімера абаронцу ўлады. І не выпадкова ордэн гэты носіць імя чалавека, які праліў столькі крыві, — князя Ўладзімера? Так, ён забіваў, але ён выканаў сваё містычнае пакліканьне — ён “увергнуў” нашыя землі ў правільную веру. І мне здаецца, што ў выпадку з Паўлічэнкам царкоўныя ўлады ўзнагародзілі ваеннага чалавека не выпадкова. Гэтым яны падкрэсьлілі два моманты. Момант першы: Паўлічэнка ёсьць уцаркоўленым чалавекам — неўцаркоўленым такія ўзнагароды не даюць. Момант другі: царква разглядае Паўлічэнку як абаронцу, як архістраціга, як Георгія Перамоганосцу, які стаіць на варце славянскіх праваслаўных каштоўнасьцяў”.

(Скобла: ) “Пра якія каштоўнасьці ты гаворыш? Паўлічэнка даваў каманду на зьбіцьцё людзей, якія трымалі ў руках крыжы”.

(Пушкін: ) “Гэта сапраўды так. І, я думаю, гэта вельмі цяжка перажываецца самім Паўлічэнкам. Я дакладна ведаю, што яго пакінула першая жонка, ад яго адхінуліся многія сябры. Гэта сьведчыць, што нават самыя блізкія яго не разумеюць. Але ён выбар свой зрабіў. Ён будуе храм”.

(Скобла: ) “У гэткім разе амаль кожны старшыня калгасу мае права на царкоўны ордэн. Бо сёньня амаль у кожным калгасе ці новазбудаваны храм, ці адноўлены”.

(Пушкін: ) “Ну, што тут сказаць… Паспрабую зірнуць на гэта зь іх пазыцыяў. Напэўна, вядзецца духоўная “брань”, і ў гэтай духоўнай “брані” дзейнічаюць воіны. У дадзеным выпадку з боку дзяржавы ёсьць воін Дзімітрый, якому кананічна праваслаўная царква падала знак: ты – наш абаронца. І, між іншым, гэта вельмі важна: ордэн гэты шмат ад чаго вызваляе Паўлічэнку, пазбаўляе яго ад згрызотаў сумленьня, цяжкіх думак, сораму”.

(Скобла: ) “Пратэставы электарат, нават калі меркаваць паводле афіцыйных лічбаў Цэнтравыбаркаму, у многія дзясяткі разоў перасягае колькасьць людзей, што выйшлі на вуліцу. Чаму людзі працягваюць абурацца на кухні?”

(Пушкін: ) “Людзі хочуць пераменаў. Беларускі народ дрэнны ў тым пляне, што лёгка паддаецца афіцыйнай прапагандзе. Прапаганда дапамагае праявіцца вельмі брудным рысам характару беларуса. Тым, пра якія пісаў Васіль Быкаў у сваіх творах — і ў “Жоўтым пясочку”, і ў “Сотнікаве”. Пытаньне маральнага выбару перад беларусамі гэтай вясной зноў паўстала. Ёсьць дабро і зло. Дзяржава асабіста для мяне атаясамліваецца са злом. Але ўладам сорамна за свае дзеяньні. Міліцыянтам у маёй хаце было сорамна, яны чырванелі. Падпалкоўніку міліцыі было сорамна паказваць фальшывыя пратаколы. Стукачу было сорамна, ён вачэй ад зямлі не падняў. Судзьдзя сарамліва прызначыла мне штраф 31 000 рублёў, хоць магла даць і 600 000”.

(Скобла: ) “Пра сорам улады падумаў і я, калі ішоў на запіс сёньняшняй перадачы. Сустрэў паблізу адміністрацыі прэзыдэнта аднаго даволі высокага чыноўніка. У пахмурнае надвор’е ён быў у непранікальных чорных акулярах. І вылез ён з аўто з зацемненымі вокнамі. Але ці ўладзе бывае сорамна?”

(Пушкін: ) “Яны, тыя, хто ва ўладзе, –– жывыя людзі. Я назіраў, як паводзіў сябе начальнік Крупскага РАУС падпалкоўнік Уладзімер Пагуда. Ён родам з Маладэчна, ён шчыра любіць беларускую мову. Яму было сорамна, і ён, выдаючы мне даведку, нэрваваўся, нарабіў памылак, замест слова “справка” напісаў “спрака”. Падмаладзіў мяне на некалькі гадоў. У яго дрыжалі рукі. Той жа маёр Макарэвіч, калі мяне арыштоўваў, таксама чырванеў. Бо яны забіралі не злачынцу, які кагосьці з дубальтоўкі застрэліў, а мастака. Дарэчы, я тады запісаў іхныя прозьвішчы і перадаў жонцы. А потым узяў на рукі двухгадовага сына Міколку й паказаў яму на міліцыянэраў: “Сыне, гэта ворагі! Яны здрадзілі Беларусі! Адпомсьці за тату, калі яго не выпусьцяць!” Маёр стаў чырвоны, нібы рак, і разгублена запытаўся: “Аляксандар Мікалаевіч, вы навошта дзіця настройваеце супраць міліцыі?” А я кажу: “Хіба ж гэта няпраўда? Вам жа сорамна! За што вы мяне арыштоўваеце?”. І ён змоўчаў”.

(Скобла: ) “І пры канцы нашай гутаркі хачу прыгадаць адну беларускую прыказку. Часам людзі сьмяюцца з улады, зь яе нехлямяжасьці, неадукаванасьці. Але ж спрадвеку казалі ў народзе: чужы дурань — сьмех, а свой дурань — грэх. У нас жа ўлада ня прышлая, не прысланая аднекуль, а — свая”.

(Пушкін: ) “Калі я па тэлевізары назіраю за падзеямі ў Расеі ці ў Парыжы, яны мяне як бы непасрэдна ня тычацца. А тут мне балюча. Я ня ведаю, як мне ў сваім мястэчку Бобр далей жыць. Як дамагчыся таго, каб гэтыя людзі, калі ім дадуць злачынны загад, прыйшлі й сказалі: “Алесь, мне загадана цябе арыштаваць, але я сарваў пагоны й кінуў!”. Ці прычакаю я таго часу, калі мой сусед, як яму загадаюць падпісаць пратаколы на мяне — “тэрарыста”, катэгарычна скажа: “Я ніколі гэтага не зраблю, бо я люблю нашага адзінага мастака”. Вось якая цяпер асноўная для мяне праблема. А пакуль вера мне адно падказвае: “Зло дабром перамагай!”
XS
SM
MD
LG