Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кошт расейскага газу для Беларусі вырасьце ў любым выпадку


Ігар Карней, Менск Да канца красавіка беларускі ўрад мае азнаёміцца з пакетам прапановаў расейскага канцэрну “Газпром” што да цэнаў на газ у 2007 годзе. У штаб-кватэры “Газпрому” сьцьвярджаюць: цэны будуць падвышаныя ў любым выпадку. Беларускія экспэрты перакананыя: цэны на газ наўпрост будуць залежаць ад пазыцыі афіцыйнага Менску ў пытаньнях магчымага рэфэрэндуму пра абвяшчэньне так званай Саюзнай дзяржавы.

Афіцыйны прадстаўнік “Газпрому” Дзяніс Ігнацьеў у тэлефоннай размове сказаў, што цэны на прыродны газ для Беларусі ад наступнага году вырастуць у любым выпадку. Нават калі гэта й ня будуць абвешчаныя ўчора намесьнікам кіраўніка праўленьня “Газпрому” Аляксандрам Разанавым 120 – 130 даляраў за тысячу кубамэтраў, дык усё роўна пастаўляць газ па цане 46,6 даляра Расея ўжо дакладна ня будзе. Асобныя беларускія ўрадоўцы ды парлямэнтары зьвяртаюць увагу на такі факт: спачатку кіраўніцтва “Газпрому” казала пра пяціразовае падвышэньне, учора ўжо абяцалі трохразовае, а ўрэшце, маўляў, нічога істотнага не адбудзецца. Дзяніс Ігнацьеў на гэта адказвае:

(Ігнацьеў: ) “Я зразумеў гэтую іронію... Але, ведаеце, у пытаньнях зь Беларусьсю мы зыходзім з наступнага: каб урэшце ня ўзьнікла сытуацыя, як колісь з Украінай, калі ўсе думалі, што мы раптам, у адно імгненьне абвясьцілі пра падвышэньне цэнаў на газ. Таму мы загадзя вядзём перамоўны працэс аб цане на наступны год”.

Сёньня на паседжаньні Дзяржаўнай Думы Расеі дэпутат Сяргей Бабурын узьняў пытаньне аб незаконнасьці меркаваных захадаў да Беларусі з боку “Газпрому”. Паводле Бабурына, існуе міждзяржаўнае пагадненьне аб роўных умовах для беларускіх і расейскіх суб’ектаў гаспадараньня. Згодна зь лёгікай Бабурына, калі прадаваць газ беларусам па 120 даляраў, то такую ж цану трэба выстаўляць і да ўнутраных, расейскіх, спажыўцоў.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка перакананы, што газавае пытаньне — толькі адзін са складнікаў міждзяржаўных адносінаў. Спадар Заіка лічыць, што ў блізкім часе Крэмль будзе ініцыяваць рэфэрэндум аб прыняцьці Канстытуцыйнага акту і абвяшчэньні Саюзнай дзяржавы. І менавіта ад пазыцыі афіцыйнага Менску ў гэтым пытаньні залежыць пэрспэктыва як палітычных, так і эканамічных узаемадачыненьняў.

(Заіка: ) “У мяне якраз учора быў тэлемост з Масквой, і па характары пытаньняў да мяне я зразумеў: Крэмль з Лукашэнкам рыхтуецца абмяркоўваць рэфэрэндум у справе Канстытуцыйнага акту й Саюзнай дзяржавы, уключна — з увядзеньнем адзінай валюты. Рэфэрэндум — гэта сур’ёзнае выпрабаваньне і для Расеі, і для Беларусі. Калі плян Крамля спрацуе і Лукашэнка скажа “так”, тады ўжо чыста аўтаматычна будзе здымацца пытаньне й аб тарыфах на газ. Таму пакуль што ідзе цікавая гульня: Мілер падкідае розныя лічбы, а Крэмль чакае, як адрэагуе Беларусь: ці складзецца гэткае маналітнае адзінства беларускага боку супраць яднаньня, ці беларусы жорстка застануцца стаяць на сваёй пазыцыі. З другога боку, калі Лукашэнка раптам пойдзе на рэфэрэндум, то можна чакаць выбуху”.

Як мяркуе эканаміст Леанід Заіка, для беларускай эканомікі нават 100 даляраў за тысячу кубамэтраў газу могуць стаць крытычнай рысай — у гэтым выпадку фінансавыя праблемы ўзьнікнуць мінімум у траціны прадпрыемстваў, а падвышэньне цэнаў (ад камунальных паслуг да ўсяго таварнага асартымэнту) адчуюць на сабе ўсе беларусы. Аднак, разважае спадар Заіка, наўрад ці можна чакаць радыкальных захадаў. І, на ягоную думку, цэны на 2007 год зафіксуюцца у межах 70 – 75 даляраў, што ў сваю чаргу мае зрабіць беларускі бок больш згаворлівым пры перамовах аб будучыні “Белтрансгазу”.
XS
SM
MD
LG