Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д. Фрыд : “Падтрымка дэмакратыі ў Беларусі будзе доўгатэрміновай”


Радыё Свабода Дзярждэпартамэнт ЗША правёў онлайн-канфэрэнцыю, падчас якой намесьнік дзяржсакратара ЗША па краінах Эўразіі Дэніел Фрыд адказаў на пытаньні аб выбарах, што прайшлі ў сакавіку ў Беларусі і ва Ўкраіне.

Спадар Фрыд зазначыў, што выбары паказалі розьніцу паміж “дыктатурай і свабодай”. Паводле яго, беларускія ўлады “спрабавалі любой цаной утрымаць уладу” і “разганялі мірныя дэманстрацыі”, украінскія ж парлямэнцкія выбары прайшлі “дэмакратычна”. “ЗША падтрымліваюць ідэалы дэмакратыі, якім спрыяе аранжавая рэвалюцыя, і мы гатовыя да супрацоўніцтва з будучым урадам Украіны”, – заявіў амэрыканскі дыплямат.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту выказаў занепакоенасьць падтрымкай беларускага рэжыму з боку Расіі. Паводле Дэніела Фрыда, Злучаныя Штаты патлумачылі расейскаму боку сваю пазыцыю ў дачыненьні да беларускага кіраўніцтва і падтрымкі “свабоды беларускага народу”. “Мне шкада, што Расея палічыла за лепшае трымацца ўбаку ад Эўропы і ЗША, якія выступілі за свабоду ў Беларусі, асабліва сёлета, калі Расея старшынюе ў “вялікай васьмёрцы”, чальцы якой павінны супольна выступаць за дэмакратыю”, – сказаў Дэніел Фрыд.

Намесьнік дзяржсакратара падкрэсьліў, што Злучаныя Штаты не падтрымлівалі якога-небудзь канкрэтнага дэмакратычнага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. “Мы выступаем у падтрымку правоў дэмакратычных апазыцыйных групаў Беларусі, каб іх голас, іх думка былі пачутыя”, – патлумачыў пазыцыі амэрыканскі дыплямат.

“Злучаныя Штаты маюць намер падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі”, – заявіў Дэніел Фрыд, дадаўшы, што гэтая падтрымка будзе доўгатэрміновай, паколькі, паводле яго, прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка “хоча пазбавіць беларусаў іх асноўных правоў”. Дыплямат паведаміў, што грошы, выдзеленыя ўрадам ЗША на дэмакратызацыю Беларусі і закладзеныя ў бюджэт, пайшлі на “падтрымку грамадзянскай супольнасьці, свабоды інфармацыі і студэнцкія абмены, а таксама іншыя праекты, скіраваныя на пашырэньне кантактаў беларусаў зь міжнароднай супольнасьцю”. Намесьнік дзяржсакратара ЗША падкрэсьліў, што амэрыканскі бок таксама супрацоўнічае з арганізацыямі-донарамі і міжнароднымі агенцтвамі ў мэтах дапамогі пацярпелым ад чарнобыльскай катастрофы, а таксама для барацьбы з гандлем людзьмі і інфэкцыйнымі захворваньнямі.

Дэніел Фрыд заявіў, што “ЗША і Эўропа аб''ядноўваюць намаганьні супраць беларускага прэзыдэнта і тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў беларускага народу”, і пашыраюць сьпіс адказных. “Мы ня будзем караць беларускі народ, а будзем супрацоўнічаць зь ім”, – заявіў намесьнік дзяржсакратара ЗША. Ён зазначыў, што ЗША і Эўразьвяз робяць уклад у рэалізацыю праграм падтрымкі мэдыяў, “каб забясьпечыць беларусаў нецэнзураванай інфармацыяй аб сьвеце і даць трыбуну незалежным галасам унутры краіны”.

“У той час як беларускае кіраўніцтва робіць усё магчымае для здушэньня беларускага народу, мы падтрымліваем свабоду і верым у тое, што ўрэшце яна пераможа”, – заявіў Дэніел Фрыд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG