Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ваўкавыскага актывіста прымусілі звольніцца з працы


Радыё Свабода, Ваўкавыск Віктар Вайцюк, сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, застаўся бяз працы. Кіраўніцтва гандлёва-тэхнічнага цэнтру “Мікс” падпісала ягоную заяву аб звальненьні на ўласнае жаданьне, якую ён вымушаны быў напісаць.

Праблемы ў Віктара Вайцюка пачаліся пасьля таго, як невядомыя падчас выбарчай кампаніі размалявалі сьцены будынкаў у Ваўкавыску палітычнымі графіці. Міліцыянты правялі ў кватэры Вайцюка ператрус, сканфіскавалі кампутар і некаторыя дакумэнты. Пазьней усё гэта вярнулі. Віктара Вайцюка некалькі разоў выклікалі на допыты ў міліцыю і КДБ. Урэшце высьветлілася, што ён ня мае дачыненьня да надпісаў на сьценах.

Вайцюк напісаў скаргу ў раённую пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі і запатрабаваў тлумачэньня: на якой падставе ў ягонай кватэры рабілі ператрус? На яго спрабавалі націснуць супрацоўнікі праваахоўчых органаў, каб ён забраў заяву — Віктар Вайцюк адмовіўся. Тады ціск пачаўся на працы. Кажа Віктар Вайцюк:

(Вайцюк: ) “Пасьля маёй заявы пачаліся дзеяньні: да мяне падышоў брыгадзір Хільмановіч і сказаў, што яго папрасілі, каб ён сказаў мне забраць заяву з пракуратуры. У адваротным выпадку я і мая жонка застанемся бяз працы. Вось так было”.

Гэта, аднак, не падзейнічала на Віктара Вайцюка. Тады яму заявілі: калі ня звольніцца сам, яму створаць неспрыяльныя ўмовы працы. Гаворыць Віктар Вайцюк:

(Вайцюк: ) “Сказалі: мы табе ўрэжам аб’ёмы, будзеш атрымліваць базавую велічыню 120 тысяч і так дасядзіш да заканчэньня кантракту (гэта азначала, што я страчу за гэты пэрыяд шмат грошай і два месяцы часу), і будзеш сядзець побач з тэлефонам з 9-й раніцы да 6-й вечара. А калі куды-небудзь адыдзеш, мы цябе па артыкуле звольнім. Мне намякнуў аб гэтым брыгадзір, што яны так могуць зрабіць”.

Кіраўнік прыватнай фірмы “Мікс” Уладзімер Мельнік адмовіўся паведаміць, ці прымусілі яго ўлады звольніць Віктара Вайцюка:

(Мельнік: ) “Гэта без камэнтароў”.

Да сёньняшняга дня Віктар Вайцюк працаваў у прыватнай фірме “Мікс” электрамэханікам электронна-касавых апаратаў. Учора яго зноў выклікалі ў пракуратуру, каб удакладніць прычыны ягонай скаргі.
XS
SM
MD
LG