Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляга Андрэя Суздальцава сёньня дэпартуюць зь Беларусі


Радыё Свабода Сёньня вымушаны пакінуць Беларусь Андрэй Суздальцаў — расейскі палітоляг, які жыве і працуе ў Менску і друкуе свае артыкулы ў беларускіх і расейскіх мэдыях. Афіцыйнае рашэньне аб дэпартацыі яго зь Беларусі прынялі дзесяць дзён таму беларускія ўлады.

Паводле Андрэя Суздальцава, у рашэньні, якое ён атрымаў на рукі, ёсьць такая фармулёўка: “Суздальцаў становіць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь”. Палітоляг тлумачыць такія дзеяньні ўладаў помстай за артыкулы, прысьвечаныя выбарчай кампаніі ў Беларусі. Апрача таго, ён займаўся і маніторынгам палітычнай сытуацыі ў краіне.

Сёньня ўвечары Андрэй Суздальцаў ад’яжджае зь Менску ў Маскву. Чым зоймецца ў расейскай сталіцы, пакуль што ня ведае:

(Суздальцаў: ) “У тым і бяда, што еду на пустое месца. Я выйду зь цягніка, і мне рэчы няма куды паставіць. Увогуле, прыеду быццам бы ў нікуды. Давядзецца хадзіць па Маскве, тэлефанаваць, прасіць, каб дзесьці прынялі”.

Грамадзянін Расеі, які меў дазвол на жыхарства ў Беларусі, Андрэй Суздальцаў спрабаваў знайсьці абарону ў амбасадзе Расейскай Фэдэрацыі. Аднак безвынікова. Расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў, якога я папрасіў пракамэнтаваць гэтую сытуацыю, лічыць, што Андрэй Суздальцаў зможа вярнуцца ў Беларусь раней, чым празь пяць гадоў, калі выканае пэўныя умовы:

(Сурыкаў: ) “Я мала часу працую ў Беларусі. З Суздальцавым асабіста не сустракаўся, але ім займаліся нашыя консульскія супрацоўнікі. Я пачытаў яго матэрыялы. І, аналізуючы тое, што ён пісаў у апошнія дні, магу адзначыць: гэта, безумоўна, адукаваны чалавек. Але калі я пазнаёміўся больш дэталёва з абвінавачаньнямі зь яго справы, дык тут ёсьць парушэньні беларускага заканадаўства. Краіна прыняла рашэньне дэпартаваць яго на пяць гадоў. Мы не выключаем, што калі спадар Суздальцаў будзе сябе нармальна паводзіць, гэта значыць не парушаць заканадаўства Беларусі і не ўздымаць хвалі публікацыяў супраць беларускай дзяржавы, дык празь нейкі час, напрыклад, праз год ці больш, яму можна будзе хадайнічаць аб скарачэньні гэтых абмежаваньняў”.

Расейскі палітоляг лічыць, што яму фактычна выставілі ўльтыматум:

(Суздальцаў: ) “Бачыце, якую ўмову мне ён ставіць: калі не ўздыму хвалі публікацыяў. Яны ж фактычна выставілі ўмову: заткніся там”.

У Беларусь Андрэй Суздальцаў прыехаў амаль чатырнаццаць гадоў таму з Уладзівастоку. У Менску застаюцца ягоная жонка і двое дзяцей — як ён падкрэсьлівае, беларускамоўных. І Беларусь, паводле Суздальцава, стала для яго сапраўднай Радзімай, народу якой ён нічога ніколі дрэннага не рабіў.

(Суздальцаў: ) “Мне вельмі горка, што той урад, які заўжды гаворыць пра расейцаў як пра братэрскі народ, а пра Расею як пра братэрскую краіну, менавіта ён скарыстаў мэтад “чемодан-вокзал-Россия”. Мне вельмі балюча, што я стаў першым рэпрэсаваным чалавекам у саюзнай дзяржаве. Гэта вельмі дрэнная тэндэнцыя, якая рана ці позна праявіцца. Я ад’яжджаю. Сэрца маё тут. І я ўпэўнены, што лепшыя дні Беларусі яшчэ наперадзе”.

Раней зь Беларусі былі дэпартаваны журналісты Аляксандар Ступнікаў, Павел Селін і Міхаіл Падаляк.
XS
SM
MD
LG