Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Народная воля" расьсьледуе, хто пагражаў сьмерцю Вячаславу Сіўчыку


Радыё Свабода Агляд незалежных СМІ за 5 красавіка.

“Народная воля” сёньня публікуе артыкул “Эскадрон сьмерці” адрадзіўся?”, альбо Хто пагражаў забойствам Вячаславу Сіўчыку”. Сіўчык зьвярнуўся ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску з патрабаваньнем прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці людзей, якія падманам выбавілі яго з намётавага гарадка, выкралі і жорстка зьбілі, пагражаючы забойствам.

“Дэмакратыя па-беларуску”. За знаходжанне ў палатцы на плошчы журналiста Вадзiма Казначэева асудзiлi на дзесяць сутак арышту. “Гэта не суд — гэта судзiлiшча!” — так пракамэнтаваў журналіст рашэньні судзьдзяў.

“Бобруйский курьер” паведамляе: былы начальнік СІЗА Бабруйску асуджаны на 9 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. У верасьні афіцэр быў затрыманы, калі браў хабар — 400 даляраў ад асуджанага.

8 красавіка ў Бабруйску пройдзе першы з трох заплянаваных суботнікаў, сродкі ад якіх будуць накіраваныя ў фонд “Дажынак-2006”. Усе суб’екты гаспадараньня, незалежна ад формы ўласнасьці, павінны пералічыць на спэцыяльны рахунак аднадзённы заробак.

“Вольнае Глыбокае” піша пра чарговую сэнсацыйную знаходку археолягаў – каменную сякеру эпохі нэаліту. Дэталі падае рэдактар “Вольнага Глыбокага” Уладзімер Скрабатун:

(Скрабатун: ) “Перад Новым годам вытворчае аб’яднаньне ЖКХ праводзіла работы, каналізацыю будавалі. Знайшлі на чатырохмэтровай глыбіні рэшткі драўляных збудаваньняў. Археолягі пацьвердзілі, што гэта нэаліт. І вось сьнег растаў, і ў панядзелак знайшлі каменную сякеру. Мы патэлефанавалі археолягам, ізноў пацьвярджаецца тая вэрсія, што 5 тысяч гадоў таму людзі жылі на тэрыторыі гораду Глыбокае”.

“Комсомольская правда” в Белоруссии” піша: "Кастрычніцкі пляц рыхтуюць да інаўгурацыі Лукашэнкі. У аўторак ў прысутнасьці высокага начальства мантажавалі трыбуны. Генадзь Нявыглас пацьвердзіў, што кіраўнікоў іншых дзяржаваў на ўрачыстацьцях ня будзе. Запрошаныя чальцы ўраду, дэпутаты, сэнатары і прадстаўнікі рэгіёнаў. Як і на Ўсебеларускі сход, вобласьці накіруюць сваіх дэлегатаў".

З 20 красавіка льготныя квіткі на прыгарадныя цягнікі са скідкай 50% змогуць купіць ня ўсе пэнсіянэры, а толькі ветэраны працы: мужчыны з працоўным стажам больш за 30 гадоў і жанчыны – больш за 25.

Зураб Цэрэтэлі купіў для свайго Музэю сучаснага мастацтва карціну віцебскага мастака Аляксандра Малея. Падрабязнасьці – у сьвежым нумары “Комсомольской правды” в Белоруссии”.
XS
SM
MD
LG