Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Твары і галасы плошчы: Крысьціна Шацікава


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія за падтрымку намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску былі арыштаваныя, асуджаныя на зьняволеньне. Наша сёньняшняя суразмоўца –жыхарка Магілёва, маці дваіх дзяцей Крысьціна Шацікава.

Сёньня Крысьціну пазнаюць на вуліцах. На наступны дзень пасьля вызваленьня з-за кратаў яна ехала ў спэцразьмеркавальнік на Акрэсьціна – каб арганізаваць перадачы для тых, хто яшчэ чакаў суду ці вызваленьня. Выпадковая размова з таксістам прыемна ўразіла Крысьціну:

(Крысьціна: ) “Я выйшла з аўтобуса каля рэстарацыі “Белая вежа” – а там прыпынак таксовак. Дзьверы адной з машын адчыніліся, і мужчына кажа: “Вам на Акрэсьціна? Сядайце”. Я аўтаматычна села, але на мой запытальны погляд ён адразу сказаў: “Вы не палохайцеся, я Вас па тэлевізары бачыў – вы ўсе такія малайцы!” – і адвёз мяне на Акрэсьціна, адмовіўшыся ад грошай”.

Крысьціна прысутнічала на менскай дэманстрацыі 19 сакавіка і, калі зразумела, што акцыя пратэсту мае быць доўгая, вырашыла не вяртацца дадому ў Магілёў. Двое малых дзяцей засталіся зь ейнымі бацькамі… Тыя, хто жыў у намётавым лягеры, адзначаюць: менавіта Крысьціна ў пэўны момант пачала каардынаваць дзеяньні аховы намётавага лягеру. Расказвае актывіст незарэгістраванага моладзевага руху “Зубр” Аляксандар Атрошчанкаў:

(Атрошчанкаў: ) “Першая ноч была, безумоўна, самай страшнай і адказнай – ніхто ня ведаў, што будзе ў наступную хвіліну, гадзіну, што будзе ранкам. Крысьціна ў пэўны момант узяла на сябе адказнасьць, пачала кіраваць колам людзей, якія абаранялі намётавы лягер. Магчыма, яна інтуіцыйна адчувала, што трэба рабіць...”

Ад панядзелка – пачатку жыцьця плошчы Каліноўскага, як яе назвалі жыхары намётавага лягеру, Хрысьціна спала па 15 – 20 хвілін на суткі. Але было не да сну. Асабліва ў ноч зачысткі. Уражаньняў ад працэсу зьнішчэньня лягеру хопіць на ўсё жыцьцё, кажа Крысьціна. Ці забудзецца, напрыклад, як адзін з тых, хто быў апрануты ў застрашальную чорную ўніформу, плескануў кіпенем у твар дзяўчыне, і тая атрымала апёк другой ступені. Ня менш уразілі тэлевізійнікі і “акторы”, якія “паставілі карцінку” для беларускіх тэлеканалаў…

(Крысьціна: ) “Разам з бэтэшнікамі з машын выйшлі АМАПаўцы зь белымі пакетамі ў руках. Яны пайшлі на тэрыторыю лягеру, пачалі проста кучамі высыпаць з пакетаў шпрыцы, бутэлькі, а БТ гэта здымала. Пасьля гэтага з машын выйшлі людзі, імідж якіх прыпамінаў наркаманаў, алькаголікаў – ну, відаць па тварах... І іх таксама пачалі здымаць... Браць “інтэрвію”.

У чаканьні суду Крысьціна правяла ў ізалятары 4 сутак, а затым прысуд: штраф 620 тысячаў беларускіх рублёў. Між тым, паводле закону, утрыманьне за кратамі Крысьціны да суду было неправамоцным: калі жанчына мае дваіх непаўналетніх дзяцей, адміністрацыйнае правапарушэньне не прадугледжвае затрыманьня болей як на тры гадзіны.

Андрэй Макарэвіч, адзін з тых, хто правёў на пляцы Каліноўскага некалькі начэй і атрымаў за гэта 7 сутак арышту, апавёў, як пазнаёміўся з Крысьцінай на прыступках Акрэсьціна.

(Макарэвіч: ) “Яна мяне сустрэла, калі мяне ўжо вызвалілі. Зь бел-чырвона-белымі кветкамі, ружамі і дыскам “Песьні Свабоды”. Наагул, Крысьціна – цікавы чалавек. З аднаго боку, жаноцкая і мяккая. З другога, калі зьяўляецца пытаньне, якое трэба вырашаць, у ёй прачынаецца лідэр…"

Самае галоўнае дасягненьне беларускага “Майдану”, на думку Крысьціны Шацікавай, – гэта адчуваньне Свабоды. Яна параноўвае гэта са скокам з парашутам. Спачатку вельмі страшна, але калі здолееш скочыць – болей бяз гэтага ня можаш жыць.

Увага: сёньня вы можаце задаць Крысьціне Шацікавай свае пытаньні. Яна адкажа на іх у часе онлайн-канфэрэнцыі на нашым сайце.
XS
SM
MD
LG