Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якіх наступстваў чакаць ад магчымага падвышэньня цаны на расейскі газ?


Ігар Карней, Менск Намеры “Газпрому” падвысіць налета цану прыроднага газу для Беларусі выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў беларускага кіраўніцтва. Паасобныя ўрадоўцы і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў называюць заявы “Газпрому” шантажом і згадваюць пра міждзяржаўнае пагадненьне аб роўных умовах для суб’ектаў гаспадараньня абедзьвюх краінаў. Аднак эканамісты лічаць, што абурэньне беларускага боку бясплённае: трапіўшы ў міжнародную ізаляцыю, Беларусь ня мае да каго апэляваць. З другога боку, 85 % беларускага паліўна-энэргетычнага балянсу складае менавіта расейскі прыродны газ. Якіх наступстваў ад магчымага падвышэньня цаны на газ чакаць звычайным спажыўцам і прадпрыемствам?

Учора намесьнік старшыні праўленьня “Газпрому” Аляксандар Разанаў заявіў, што ад 2007 году цэны на газ для Беларусі будуць падвышаныя не сымбалічна, як дагэтуль спадзявалася беларускае кіраўніцтва, а як найменей у тры разы. Названы і магчымы стартавы кошт за тысячу кубамэтраў газу – прыблізна 120 даляраў. З улікам, што дагэтуль расейскі газ пастаўляўся ў Беларусь па ўнутрырасейскіх цэнах (46,6 даляра), падвышэньне ў гісторыі саюзных стасункаў беспрэцэдэнтнае.

У эканаміста Сяргея Балыкіна цікаўлюся, на кім перш за ўсё гэта адаб’ецца?

(Балыкін: ) “І на простых людзях, і на суб’ектах гаспадараньня, і на эканоміцы ў цэлым. Ад кошту газу залежыць ня толькі, колькі чалавек будзе плаціць за карыстаньне газавай плітой. Газ спальваецца на ТЭЦ, ад чаго наўпрост залежыць тэмпература ў нашых кватэрах. Чым даражэйшы будзе газ, тым больш давядзецца плаціць за цяпло і гарачую ваду. Больш трэба будзе плаціць за электраэнэргію, якая выпрацоўваецца на электрастанцыях. Адпаведна прадпрыемствы трапяць у больш складанае фінансавае становішча, а іх дарагая прадукцыя будзе карыстацца меншым попытам, перадусім на расейскім рынку. Заробкі, магчыма, рэзка ня зьменшацца, але іх будуць плаціць нясвоечасова: могуць быць затрымкі, звальненьні, скарачэньні штатаў”.

На пачатку тыдня прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі супакойваў беларусаў: маўляў, падставаў для панікі няма, вядуцца грунтоўныя перамовы з “Газпромам”. Да таго ж, паводле Сідорскага, кошт на газ вызначаецца міждзяржаўным пагадненьнем аб роўных умовах для беларускіх і расейскіх суб’ектаў гаспадараньня. А гэта значыць, што калі расейцы зьбіраюцца падвысіць цэны для беларускіх спажыўцоў, то аналягічныя захады яны павінны зрабіць і дачынна сваіх унутраных спажыўцоў. Аднак эканаміст Сяргей Балыкін называе лёгіку спадара Сідорскага ў пэўнай ступені прымітыўнай:

(Балыкін: ) “Сапраўды, існуе пагадненьне аб роўных умовах для беларускіх і расейскіх суб’ектаў гаспадараньня. Але ж усякае пагадненьне можна абысьці. Калі Беларусь ня мае нейкіх вагароў, каб ціснуць на Расею, каб прымусіць яе выконваць гэтае пагадненьне, дык да каго можа апэляваць нашае кіраўніцтва? Ды ні да кога! Беларусь цалкам і ў палітычным, і ў эканамічным сэнсе залежыць ад Расеі. Расея, паводле вэрсіі беларускага кіраўніцтва, шмат чаго “мусіць выконваць”. Але гэта вялікая дзяржава, якая можа і так зрабіць, і гэтак. Не выключаю, што гэта ўвогуле спроба націснуць на беларускае кіраўніцтва, каб яго падштурхнуць да больш шчыльнай інтэграцыі”.

Напярэдадні агенцтва “Интерфакс” са спасылкай на крыніцы ў беларускім урадзе назвала заяву “Газпрому” аб трохразовым падвышэньні цэнаў на газ у 2007 годзе “ўжываньнем элемэнтаў шантажу ў працэсе перамоваў”. Не названы суразмоўца агенцтва ўдакладніў, што шантаж у гэтым выпадку выкарыстоўваецца з мэтай паскорыць продаж расейцам “Белтрансгазу”. Нагадаем, што на вывучэньне сваіх цэнавых прапановаў “Газпром” акрэсьліў для беларускага кіраўніцтва тэрмін да канца траўня. У сваю чаргу беларускі ўрад падрыхтаваў свой, альтэрнатыўны пакет дакумэнтаў, які ўжо накіраваны на разгляд у Маскву. Ці зьмяшчаюцца там умовы продажу “Белтрансгазу”, ні ў адным зь ведамстваў не камэнтуюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG