Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны тэатар апошніх дзён: флэш-мобы ў Менску


Любоў Лунёва, Менск Новай зьявай апошніх дзён сталі так званыя флэш-мобы, якія моладзь ладзіць у розных раёнах Менску. Дзьвюхчасткавае слова флэш-моб – ад двух ангельскіх словаў: flash ''бліск, усплёск, успышка'' і mob ''натоўп, гурма''. Такім чынам, гаворка ідзе пра сучасны публічны пэрформанс, калі вялікая група людзей зьбіраецца ў папярэдне вызначаным месцы, праводзіць нейкую кароткую акцыю і хутка разыходзіцца.

Флэш-мобы сталі папулярныя ў менскай моладзі цягам апошніх двух месяцаў. Пры канцы сакавіка сотні менчукоў сталі сьведкамі флэш-мобу на Камароўскім рынку. Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на рынкавай плошчы. Яны разгарнулі ў руках газэту “Советская Белоруссия”. Потым, сьмеючыся, дралі газэты на шматкі і кідалі іх у сьметніцы.

Праз пару дзён на Кастрычніцкай плошчы каля трох сотняў чалавек сталі насупраць устаноўленага там тэлеэкрана. Як толькі пачаўся выпуск навінаў на ОНТ, людзі завязалі вочы джынсавымі стужкамі і затулілі вушы далонямі. Байцы спэцназу міліцыі назіралі за акцыяй побач. Было відаць, што яны паінфармавалі сваё кіраўніцтва аб тым, што адбываецца, але загаду адносна сваіх дзеяньняў не атрымалі.

Потым былі некалькі акцыяў на знак салідарнасьці з палітвязьнямі, калі людзі запальвалі сьвечкі ў розных месцах Менску, ускладалі кветкі проста на асфальт.

2 красавіка з паўсотні студэнтаў правялі на цэнтральнай плошчы акцыю, прысьвечаную гадавіне падпісаньня саюзнай дамовы. Яны прыйшлі на флэш-моб з балёнікамі. Праскандаваўшы: “Саюз Расеі і Беларусі – гэта пшык!”, – яны пракалолі балёнікі. Атрымаўся моцны гук. Спэцназаўцы схапілі аднаго хлопца. Яны патлумачылі яму, што ў яго значок зь незарэгістраванай сымболікай. Убачыўшы, што гэта чырвоны контур мапы Беларусі на белым фоне, зьбянтэжыліся і хлопца адпусьцілі.

Апошняя акцыя адбылася на галоўным паштампце. Каля сотні чалавек сталі ў чаргу. Яны трымалі ў руках квіткі, каб пералічыць на рахунак "Менскгарводаканалу" грошы. Хто колькі – ад 500 рублёў да 1000. Гэтым разам за акцыяй назіралі кіраўнікі гарадзкой міліцыі і байцы спэцназу. Было відаць, як яны вагаліся. Паколькі яны былі ў цывільным і выглядалі ў параўнаньні са студэнтамі больш сур’ёзнымі, ахоўнікі паштампту прынялі іх за арганізатараў акцыі. Пакуль доўжыўся разбор, студэнты разышліся.

Я размаўляла з удзельнікамі флэш-мобаў. Пераважна гэта студэнты, якія карыстаюцца Інтэрнэтам. Яны дамаўляюцца ў “Жывым журнале” аб тым, дзе і як будзе адбывацца флэш-моб. Агітуюць сваіх сяброў і ідуць разам у заплянаванае месца. Шмат хто зь іх казаў, што раней ніколі не ўдзельнічаў у апазыцыйных акцыях. Амаль усе гаварылі, што апошнія падзеі ў грамадзтве падштурхнулі іх да акцыяў пратэсту.

(Дзяніс: ) “Гэта знак пратэсту супраць рэжыму, супраць таго, што разагналі мірную дэманстрацыю. Гэта папросту флэш-моб. Гэта моладзь выказвае свае думкі”.

“Лятучыя пэрформансы” зрабіліся гітом у сталічнай моладзі. Беларускія студэнты сталі авангардыстамі гэтага руху, калі ўлічыць, што першы флэш-моб адбыўся 17 чэрвеня 2003 году ў Нью-Ёрку. Тады блізу дзьвюх сотняў чалавек сабраліся вакол дывана і казалі гандлярам, што яны жывуць разам і прыйшлі набыць сабе “Дыван каханьня”.

На здымку: так выглядала моладзевая акцыя на галоўпаштамце 3 красавіка.
XS
SM
MD
LG