Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Каміла Марцінкевіч (каля 1837, Менск – каля 1880, Вільня)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Увесну 1863 году ўвагу сьледчых судовага аддзяленьня Віленскай вайсковай акругі прыцягнуў групавы здымак, знойдзены пры ператрусе кватэры-атэлье знакамітага менскага фатографа Антона Прушынскага, затрыманага па падазрэньні ў сувязі з паўстанцамі. Рэч у тым, што чатыры чалавекі на фота былі апранутыя ў чамаркі – адзеньне, якое насілі інсургенты. Як высьветліла сьледзтва, адзіная жанчына на здымку – дачка “сочинителя” Дуніна-Марцінкевіча піяністка і сьпявачка Каміла.

Выявіўшы бліскучыя музычныя здольнасьці ўжо ў раньнім дзяцінстве, яна з васьмі гадоў выступала з канцэртамі ў Менску, Вільні, Кіеве, Варшаве... У праграмах звычайна гучала музыка яе ўлюбёных Шапэна й Ліста і ўласныя творы. Не бяз посьпеху яна выходзіла на сцэну і як актрыса – у тым ліку падчас паказу ў Менску славутай опэры “Сялянка” (“Ідылія”), музыку да якой напісаў Станіслаў Манюшка, а лібрэта – бацька Камілы.

Але гэтая артыстычная натура мела й іншае жыцьцё. У 1861-м яе салён стаў месцам сходаў менскай арганізацыі гэтак званага Літоўскага камітэту, які рыхтаваў вызвольнае паўстаньне. Неўзабаве Каміла, якая таксама належала да нелегалаў, была арыштаваная за ўдзел у антырасейскіх маніфэстацыях і зьмешчаная ў вар’ятню. Гучныя пратэсты менскіх жыхароў, якія з дня ў дзень прыносілі да сьценаў лякарні дзясяткі букетаў кветак, змусілі ўлады вызваліць патрыётку. Аднак у лютым 1863-га яе зноў узялі пад варту. Падставай быў данос расейскага салдата, да якога Каміла зьвярнулася з просьбай прадаць зброю.

Яе трымалі ў зьняволеньні ў Пішчалаўскім замку, сумна вядомым сёньня як “Валадарка”, а потым у былым кляштары бэрнардынцаў. Там яна атрымлівала лісты з прызнаньнямі ў каханьні ад аднаго з кіраўнікоў менскай паўстанцкай арганізацыі Караля Станкевіча, што таксама трапіў за краты.

Далейшы лёс Камілы вырашыў учынак, які яскрава сьведчыць пра яе непахісны дух. У жніўні 1863 году з вакна сваёй камэры яна кінула кветкі пад ногі паўстанцу І.Жмачынскаму, якога вялі на сьмяротнае пакараньне. Адказам уладаў стала высылка 25-гадовай Камілы Марцінкевіч па этапе пад паліцэйскі нагляд у горад Салікамск. Яна змагла вярнуцца толькі праз дваццаць гадоў – каб убачыць зямлю юнацтва і амаль адразу знайсьці ў ёй вечны супакой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG