Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеячы культуры Беларусі: “Перамога Свабоды непазьбежная”


Радыё Свабода Група беларускіх інтэлектуалаў, людзей мастацтва і культуры, журналістаў выступіла з зваротам да сваіх калег, “да ўсіх сумленных грамадзянаў Беларусі”. Аўтары звароту заклікаюць “не падтрымліваць дзеяньняў рэжыму, скіраваных супраць уласных грамадзянаў, дэмакратычных каштоўнасьцяў, нашай культуры і мовы”.

“Сёньня ў нашай краіне, – пішуць аўтары звароту, – пануюць гвалт, хлусьня і цемрашальства. Журналісты дзяржаўных СМІ вядуць “духоўную” вайну супраць усяго цывілізаванага сьвету і ўласнага народу. А нашы міліцыянты сталіся адзінай крыніцай “праўдзівых” сьведчаньняў у судах”.

У звароце дзеячоў культуры Беларусі сярод іншага гаворыцца:

“Хлусьня – гэта не адсутнасьць праўды. Гэта – калі яе выдаюць за праўду. А каб у такую “праўду” паверылі, улада зачыняе незалежныя выданьні. Журналістаў, якія працуюць у іх, зьбіваюць і арыштоўваюць. Звычайнай практыкай зьяўляюцца звальненьні з працы і выключэньні з навучальных установаў па палітычных матывах. Рэжым, відавочна, хоча ўтрымацца на брутальнай сіле і запалохваньні людзей. Але пасьля 19 сакавіка 2006 году ў грамадзтве адбыўся зрух: беларусы прадэманстравалі волю да Свабоды”.

“Ня бойцеся! Перамога Свабоды непазьбежная. Жыве Беларусь!” – гэтымі словамі завяршаецца зварот, пад якім паставілі свае подпісы Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Уладзімер Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Рыгор Барадулін, Лявон Баршчэўскі, Лявон Вольскі, Радзім Гарэцкі, Сяргей Дубавец, Кася Камоцкая, Аляксандар Кулінковіч, Аляксей Марачкін, Генадзь Сагановіч, Віталь Сіліцкі, Аляксандар Старыкевіч, Валянцін Тарас, Андрэй Хадановіч.
XS
SM
MD
LG