Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: “Студэнты маюць права на выказваньне думак”


Любоў Лунёва, Менск Мінакі на сталічных вуліцах адказвалі на пытаньне, ці правамерна адлічваць з вучобы студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў вулічных акцыях пратэсту? Людзі па-рознаму паставіліся да апазыцыйнай дзейнасьці студэнтаў, але з 43 апытаных толькі адзін выказаўся за адлічэньне з вучобы, астатнія — катэгарычна супраць.

(Карэспандэнтка: ) “Ці трэба адлічваць з вучобы студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў апазыцыйных акцыях?”

(Мінак: ) “Вядома, не. Студэнты маюць права на выказваньне сваіх думак. Гэта будзе недэмакратычна”.

(Жанчына: ) “Я лічу, што ня трэба. Ня трэба ламаць іхных лёсаў. Гэта нашы людзі, гэта нашы дзеці. Ня трэба пра гэта забывацца. Яны патрэбныя нам, нашай грамадзе, нашай краіне”.

(Дзяўчына: ) “А чаму іх адлічваць? Яны ж толькі выказвалі свае думкі”.

(Мінак сталага ўзросту: ) “Намесьнік міністра адукацыі казаў, што гэта ня ёсьць падставай для іх адлічэньня. Тады трэба адлічваць і звальняць усіх, хто супраць, хто ў апазыцыі да прэзыдэнта”.

(Карэспандэнтка: ) “А тое, што яны зьедуць за мяжу ў выніку выключэньня... Ці варта, каб такія людзі пакідалі краіну?”

(Мінак: ) “Я лічу, што такім чынам мы атрымаем у Беларусі нейкі натоўп людзей, якія будуць малаадукаваныя й запалоханыя”.

(Мінак: ) “Мяне вельмі абурае, што іх затрымалі, арыштавалі. Гэтага быць не павінна”.

(Міначка: ) “Людзі адстойвалі свае правы, сваю свабоду. Несправядліва гэта ўсё”.

(Мінак: ) “Я мяркую, што ня варта адлічваць з вучобы. Гэта ўціск правоў студэнтаў. Іх выключаюць, каб запалохаць астатніх”.

(Мінак: ) “Я не хацеў бы, каб яны зьяжджалі. Яны патрэбныя нам тут. А чаму ж тады тых, што стаяць ля польскай амбасады, з БРСМу, не адлічваюць? Іх з заняткаў забіраюць”.

(Мінак: ) “Гэта нармальная зьява. Яны самі вырашылі пайсьці. Іх не змушалі ісьці на Кастрычніцкую плошчу”.

(Мінак: ) “15 сутак і страціць вучобу. Столькі каштуе цяпер выхад на плошчу?”

(Мінак: ) “Ну, вядома: астатнія ўбачаць, і ўжо ня пойдуць на гэтыя акцыі. Вядома ж, запалохваньне”.

(Міначка: ) “Я свайго сына, як гэтая апазыцыя была… Ён паедзе ў ліфце, а я яго на лесьвіцы злаўлю, каб толькі не пайшоў на акцыю апазыцыі”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці варта адлічваць з вучобы студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях апазыцыі?”

(Міначка: ) “Гэта злачынства. Гэта недапушчальна, гэта немагчыма. Я абураюся. Такія тут умовы, што ўсе лепшыя ад’яжджаюць”.

(Міначка: ) “У нас знаёмыя пацярпелі. Мы супраць, супраць і яшчэ раз супраць! Мы самі там былі”.

(Міначка: ) “Яны малайцы, што набраліся мужнасьці й пайшлі. Шмат каму не хапіла мужнасьці папросту выйсьці на плошчу”.

(Міначка: ) “Калі ўрад змагаецца за тое, каб большасьць студэнтаў заставалася ў Рэспубліцы Беларусь, то навошта тады іх адлічваць — каб яны паехалі за мяжу?”
XS
SM
MD
LG