Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Саюз беларускіх пісьменьнікаў прынялі 55 новых сяброў


Валянціна Аксак, Менск 55 чалавек – такую рэкордную за ўсе гады існаваньня колькасьць творцаў прыняў сёньня ў свае шэрагі Саюз беларускіх пісьменьнікаў. Такая актыўнасьць асабліва ўражвае напярэдадні прызначанага на 6 красавіка паседжаньня Вярхоўнага суду, на якое вынесена пытаньне аб ліквідацыі самога саюзу.

На працягу апошніх дваццаці гадоў – з часу стварэньня “Тутэйшых” – ляйтматывам літаратурнага працэсу было процістаяньне маладых творцаў афіцыйнаму Саюзу пісьменьнікаў. Аднак сёньня суполка маладых літаратараў “Бум-Бам-Літ” у поўным складзе ўступіла ў стары пісьменьніцкі саюз. Прычыны перамены дачыненьняў тлумачыць малады паэт і пэрформэр Ільля Сін:

(Сін: ) “Матывы – гэта засьведчыць, зафіксаваць спыненьне гэтага процістаяньня. Мне здаецца, гэта найважнейшая мэта нашага ўступленьня ў саюз”.

Тацяна Сапач доўгі час лічыла, што яе паэтычнай музе непатрэбныя ніякія літаратурныя арганізацыі, аднак сёньня, паводле яе словаў, сытуацыя вымагае адназначнага выбару.

Літаратурнаму крытыку і гісторыку культуры Анатолю Сідарэвічу ўступіць у Саюз пісьменьнікаў прапаноўваў Ніл Гілевіч яшчэ дваццаць гадоў таму, аднак тады Сідарэвіч адказаў, што не ўступае ў арганізацыі, створаныя Іосіфам Сталіным. Цяпер спадар Сідарэвіч сам падаў заяву у СБП, таму што сёньня, на ягоную думку, гэта зусім іншы саюз.

(Сідарэвіч: ) “Цяпер ён гнаны, у ім кватэраў не даюць, машынаў не даюць. Гэта ўжо творчая арганізацыя. Гэта арганізацыя аднадумцаў”.

Сябрамі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў сёньня сталі і тры нашыя калегі: Сяргей Абламейка, Зьміцер Бартосік і Сяргей Дубавец. Менавіта з ініцыятывы апошняга была дваццаць гадоў таму створаная першая альтэрнатыўная літаратурная арганізацыя “Тутэйшыя”. Зьмену сыстэмы каардынат Сяргей Дубавец тлумачыць так:

(Дубавец: ) “Дваццаць гадоў таму Саюз пісьменьнікаў быў арганізацыяй-манапалістам, і ў нас практычна не было выбару, куды ўступаць. Цяпер пад пытаньнем існаваньне Саюзу пісьменьнікаў як установы, але нікуды ня дзелася тая літаратурная супольнасьць, да якой мы сябе залічалі заўсёды. І таму фактычна мы далучыліся да сваёй літаратурнай супольнасьці”.

Адначасова з прыёмам новых сяброў сёньня рада Саюзу пісьменьнікаў выключыла з сваіх шэрагаў 27 літаратараў, якія ўступілі ў створаную ўладамі новую пісьменьніцкую арганізацыю.
XS
SM
MD
LG