Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крымінальная справа сына Веранікі Чаркасавай перададзена ў суд


Любоў Лунёва, Менск Крымінальную справу Антона Філімонава сьледчыя органы перадалі ў суд Першамайскага раёну Менску. Сына забітай залетась журналісткі Веранікі Чаркасавай вінавацяць у вырабе і распаўсюджваньні падробленых грошай. Антон часткова прызнае сваю віну.

Разгляд крымінальнай справы прызначаны на 10 красавіка. У суд Першамайскага раёну разам з Антонам прыйдуць яшчэ трое падлеткаў, якіх абвінавачваюць у цяжкім злачынстве. Супрацоўнікі міліцыі затрымалі іх позна ўвечары 27 сьнежня. У крымінальнай справе фігуруюць некалькі купюр, якія хлопцы зрабілі на хатніх кампутарах. Яны патлумачылі сьледчым, што папросту паспрачаліся, чый кампутар лепшы. Хлопцы не чакалі, што іх прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Усіх адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, а Антона Філімонава арыштавалі.

16-гадовага хлопчыка трымалі ў сьледчым ізалятары да 13 сакавіка. Потым яго да суду адпусьцілі пад заклад. Дзед Антона Ўладзімер Мялешка спадзяецца, што суд улічыць узрост Антона, усе абставіны справы і ня вынесе жорсткага прысуду.

(Мялешка: ) “Нават з матэрыялаў справы відаць, што гэта папросту захапленьне кампутарамі. Гэта тое, што цяпер вельмі пашырана. Тое, што адбылося пасьля, гэта нейкая эвалюцыя. Як кажуць, чорт падаткнуў. Часткова прызналі сваю віну... Гэтыя некалькі папер – гэта сьведчаньне жаданьня праверыць тэхніку. Як кажуць, кампутарнікі загуляліся. Супрацоўнікі праваахоўчых органаў казалі, што кожная генэрацыя “выкідвае” свае эпізоды”.

Маці Антона Філімонава, журналістку Вераніку Чаркасаву, забілі 20 кастрычніка 2004 году ва ўласнай кватэры. Антон і яго дзед знайшлі цела і самі выклікалі міліцыю. Потым яны сталі падазраванымі ў крымінальнай справе. У стрэсавым стане Антон трапіў у шпіталь. Ягоны бацька, каб уратаваць сына ад прымусовай псыхіятрычнай экспэртызы, забраў яго да сябе ў Маскву.

Леташняй вясной, як толькі з Антона зьнялі статус падазраванага, хлопчык прыехаў у Менск.
XS
SM
MD
LG