Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З турмы на Акрэсьціна выйшаў на волю лідэр вялейскай суполкі Партыі БНФ


Радыё Свабода Сёньня ў другой палове дня з турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску выйшаў на волю лідэр вялейскай суполкі Партыі БНФ Аляксей Сюдак. Тым часам яшчэ адзін дэмакратычны актывіст зь Вялейкі Зьміцер Абразцоў па-ранейшаму знаходзіцца ў зьняволеньні ў Жодзінскай турме.

Аляксей Сюдак выйшаў з турмы на Акрэсьціна, дзе яго ўтрымлівалі 15 сутак, бадзёрым і, паводле ягоных словаў, нязломленым.

(Сюдак: ) “Самае цікавае было на 25-га сакавіка, як Казулін вёў людзей да Акрэсьціна. Я тады яшчэ знаходзіўся ў камэры, вокны якой выходзілі ў двор. Туды, у двор, загналі спэцназ з аўтаматамі, пісталетамі. Сапраўдны спэцназ – не з савецкай зброяй. Загналі туды два такія аўтамабілі, як “хамэр” – гэта расейскай вытворчасьці “тыгры”. І яны стаялі там з гэтымі шчытамі кулянепрабівальнымі. Мы разумелі, што нешта сур’ёзнае адбываецца, што, відаць, людзі ідуць сюды, хаця мы й ня ведалі, што людзі напраўду ішлі. Потым дазналіся, што ўсіх разагналі, што там кідалі гранаты газавыя або яшчэ што. Шмат чаго чулі – людзі перадавалі, некаторыя новыя прыходзілі ў камэру”.

Аляксей Сюдак толькі сёньня паведаміў падрабязнасьці свайго затрыманьня 19 сакавіка. У гэты дзень ён знаходзіўся ў Менску, аднак у другой палове дня раптоўна зьнік, і яго паплечнікі цэлыя суткі ня ведалі пра яго лёс. Вялейскі актывіст расказаў, што ў дзень выбараў сустракаўся ў дамоўленым месцы з грамадзянамі Ўкраіны, пасьля чаго выйшаў на вуліцу, дзе й быў затрыманы міліцыянтамі. Дарэчы, з украінцамі, што прыяжджалі на беларускія выбары, ён меў магчымасьць бачыцца і ў турме на Акрэсьціна:

(Сюдак: ) “Украінцы, якія сядзелі са мной у камэры, сказалі, што вельмі файна, што яны сюды трапілі. “Таму што мы змаглі пабачыць, што такое насамрэч Беларусь. Бо калі да вас прыяжджаеш і ідзеш па вуліцы – гэта адна Беларусь, а вось гэта – іншая Беларусь”.

Сустракалі Аляксея Сюдака каля турмы на Акрэсьціна яго вялейскія сябры і паплечнікі з дэмакратычнага руху – Віталь Паўлоўскі і Алесь Наркевіч. За некалькі гадзін да сустрэчы з кіраўніком суполкі Партыі БНФ яны наведалі Жодзіна, дзе ў мясцовай турме ўтрымліваецца яшчэ адзін вялейскі актывіст дэмакратычнага руху Зьміцер Абразцоў. Ён быў затрыманы ў Менску на Кастрычніцкай плошчы ў часе ліквідацыі намётавага гарадка. Зьміцер Абразцоў – чалавек, паважаны ў асяродзьдзі вялейскіх дэмакратаў. Гаворыць Алесь Наркевіч:

(Наркевіч: ) “Я лічу, што ён увогуле пачынальнік адраджэнскага руху ў нас на Вялейшчыне. Ён ад самага пачатку бярэ ўва ўсіх гэтых падзеях самы актыўны удзел – за беларушчыну, за Беларусь. Мы прывезьлі яму перадачу”.

Зьміцер Абразцоў пакараны 15 суткамі арышту і будзе знаходзіцца ў Жодзінскай турме яшчэ крыху больш за трое сутак.
XS
SM
MD
LG