Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля будынку МЗС Польшчы галадае бацька Марыюша Машкевіча


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Варшаве каля будынку МЗС Польшчы пачаў галадоўку бацька былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча Ежы Машкевіч. Ён дамагаецца рашучых крокаў з боку польскіх уладаў для вызваленьня свайго сына і мае намер галадаць да часу, “пакуль не пабачыць сына ў Польшчы”.

Ежы Машкевіч разам зь некалькімі сябрамі свайго сына прыйшоў да МЗС Польшчы каля 8-й гадзіны раніцы. Насупраць будынку былі разгорнутыя транспаранты з надпісамі “Машкевіча б’юць і трымаюць у турме ў Беларусі”, “МЗС нічога ня робіць”.

Нягледзячы на свой пажылы век, Ежы Машкевіч заявіў нашаму радыё, што будзе трымаць галадоўку да часу, “пакуль не пабачыць свайго сына ў Польшчы”.

(Машкевіч: ) “Ведаеце, гэта мой сын – яго ўтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Я доўга чакаў якіх-небудзь крокаў польскага МЗС, але не дачакаўся. Украіна робіць нешта ў справе сваіх грамадзянаў, Расея робіць, а Польшча? Я ведаю дакладна, з крыніц, вартых даверу на 100 %, што Марыюш хоча вярнуцца ў ізалятар, каб хутчэй адседзець сваё, але яго не пускаюць. Што ж мне заставалася рабіць? Я вельмі эмацыйна зьвязаны з Марыюшам і мушу дзейнічаць, таму пайшоў на галадоўку. Буду галадаць, пакуль не пабачу сына ў Польшчы. Хаця я ня ўпэўнены, што ён вернецца да сям’і на Вялікдзень”.

Марак Буцька, былы намесьнік амбасадара Польшчы ў Беларусі, лічыць, што польскі МЗС мае яшчэ спосабы, каб паўплываць на беларускі бок для вызваленьня Марыюша Машкевіча.

(Буцька: ) “МЗС павінна катэгарычна запатрабаваць неадкладнага вызваленьня спадара Машкевіча, а ў выпадку, калі гэта ня будзе зроблена, прыгразіць разрывам дыпляматычных дачыненьняў ці, прынамсі, іх значым абмежаваньнем”.

Між тым у МЗС Польшчы Радыё Свабода паведамілі, што Варшава выкарыстоўвае ўсе магчымыя дыпляматычныя мэханізмы, каб дапамагчы Марыюшу Машкевічу. Гаворыць прадстаўніца МЗС Польшчы Юстына Ляваньска:

(Ляваньска: ) “Мы робім усё магчымае, каб дапамагчы нашаму былому амбасадару. Сытуацыю ўскладняе факт, што Марыюш Машкевіч паехаў у Беларусь як прыватная асоба – без дыпляматычнага пашпарту. Спадзяемся, што дні, якія ён знаходзіцца ў шпіталі, будуць залічаныя ў тыя 15 сутак, што яму прысудзілі”.

Пасьля абеду да Ежы Машкевіча падышоў прэм’ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч, які заявіў, што Варшава патрабуе неадкладнага вызваленьня Марыюша Машкевіча і заклікае міжнародную супольнасьць далучыцца да гэтага патрабаваньня. Прэм’ер паабяцаў, што будзе сустракацца зь Ежы Машкевічам штодня.

Прыкладна а 17-й гадзіне колькасьць людзей ля будынку МЗС Польшчы значна павялічылася – Ежы Машкевіча прыйшлі падтрымаць сябры і знаёмыя ягонага сына. Спадар Машкевіч будзе знаходзіцца каля амбасады да позьняга вечара – заўтра раніцай галадоўка працягнецца.

Гл.таксама • Варшава: бацька Марыюша Машкевіча пачаў галадоўку (фота)
XS
SM
MD
LG