Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Financial Times": "Захаду дастаткова проста спыніць бізнэс з дыктатарам"


Алена Струвэ, Прага Заходнія выданьні пішуць пра трэцюю інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, якая мае адбыцца 8 красавіка, і робяць прагнозы адносна таго, што наступны тэрмін кіраваньня Лукашэнкі ня будзе лёгкім.

Як піша нямецкая "Tagesschau", "адэпт Масквы Аляксандар Лукашэнка, які кіраваў краінай 12 гадоў і чыя трэцяя інаўгурацыя адбудзецца ў гэтую суботу, доўгі час задaвальняў Крэмль, а таму Беларусь да апошняга часу была адзінай на постсавецкай прасторы краінай, для якой Расея не павышала цаны на газ". "Абвяшчэньне "Газпромам" новых цэнаў, з аднаго боку, можа быць пэўным сыгналам для беларускай апазыцыі. Адначасна падвышэньне цэнаў ставіць рэжым перад новымі цяжкасьцямі – высокі кошт газу можа паралізаваць эканоміку краіны", – дапускае нямецкая газэта.

Пра тое, што трэці тэрмін Лукашэнкавага праўленьня ня абяцае быць лёгкім, піша і брытанскі "Economist". Паводле выданьня, апазыцыя аказалася больш пасьпяховай, чым чакаў рэжым. Не ў апошнюю чаргу гэта зьвязана з тым, што яе лідэр Мілінкевіч атрымаў шырокае міжнароднае прызнаньне. “З аслабленай эканомікай, узмоцненым міжнародным ціскам і новым праэўрапейскім пакаленьнем наступныя гады кіраваньня могуць быць самымі напружанымі для Лукашэнкі”, – мяркуе "Economist".

Аўтар артыкулу тым часам выказвае пэўны сумнеў што да эфэктыўнасьці візавых санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Як піша "Economist", ані пашырэньне сьпісаў неўязных беларускіх чыноўнікаў, ані замарожваньне іхных заходніх рахункаў і актываў істотна не адаб''юцца на памеры прыбыткаў ад самай важнай часткі беларускага экспарту – нафтапрадуктаў.

Паводле іншага брытанскага выданьня "Financial Times", "Захад усё ж можа даказаць Лукашэнку, што той сур''ёзна памыляецца, калі спадзяецца, што эканамічныя санкцыі немагчымыя..." Насуперак пашыранаму меркаваньню, эканоміка Беларусі, дзе пануе дзяржаўны сэктар, падкантрольны асабіста спадару Лукашэнку, вельмі залежная ад экспарту ў краіны Эўразьвязу, адзначае "Financial Times". "Паводле афіцыйных зьвестак, летась у жніўні ў Расею пайшло 36 % беларускага экспарту, у Эўразьвяз – 43 %, прычым найбольшымі імпартэрамі нафтапрадуктаў былі Вялікая Брытанія і Нідэрлянды”.

Продаж нафтапрадуктаў зьяўляецца асноўным рухавіком беларускай эканомікі. Дзякуючы дамовам з Расеяй, Беларусь купляе нафтасыравіну па 27 даляраў за барэль, аднак перапрадае рафінаваную нафту па ўсясьветных цэнах – за 60 даляраў.

“Штогод гэта прыносіць беларускай казьне амаль 2 мільярды даляраў, з дапамогай якіх Лукашэнка захоўвае сваю эканамічную стабільнасьць. Гэтыя грошы ў тым ліку ішлі на ўтрыманьне людзей у цывільным, якія 25 сакавіка зьбівалі апазыцыю, – адзначае газэта і працягвае: – Нельга дазваляць чалавеку, чыя ўнутраная і міжнародная палітыка мае адкрыта антызаходні характар, атрымліваць прыбыткі ў гандлі з Эўрапейскім Зьвязам”.

Як піша "Financial Times", Захаду ня трэба нічога дэкляраваць, а дастаткова проста спыніць бізнэс з дыктатарам. "Гэта было б лягічным крокам і паказала б беларускаму насельніцтву, што канфрантацыя з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі наносіць шкоду эканамічнай стабільнасьці", – рэзюмуе "Financial Times".
XS
SM
MD
LG