Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ствараецца Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных


Радыё Свабода Сёньня адбылося арганізацыйнае паседжаньне Грамадзкага камітэту ў абарону рэпрэсаваных, які будзе займацца падтрымкай выключаных з ВНУ і звольненых з працы апанэнтаў дзейнай улады. Камітэт зьбіраецца зарэгістравацца ў Мін''юсьце і наладзіць сувязі з замежнымі арганізацыямі, што прапануюць дапамогу беларускім палітвязьням і людзям, што пацярпелі за палітычныя меркаваньні.

У Грамадзкі камітэт у абарону рэпрэсаваных увайшлі прадстаўнікі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, праваабарочнгага цэнтру “Вясна”, выбарчага штабу А.Мілінкевіча, Камітэту бацькоўскай салідарнасьці.

Камітэт адкрыты і для іншых структур і грамадзян. Узначаліла новую структуру жонка Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей. Пра заснавальнікаў новай арганізацыі яна сказала:

( Кулей: ) “Гэта прафэсійныя, падрыхтаваныя людзі, якія адчуваюць адказнасьць і ведаюць, як можна дамагчыся карысьці, не баючыся перашкод з боку ўлады. Ну, а бацькі палітвязьняў,– гэта людзі, якія даўно пераступілі страх, якія ганарацца сваімі дзецьмі, якія таксама зробяць усё і дойдуць да кожнага, каб дапамагчы тым, хто сёньня ў бядзе”.

Спадарыня Кулей зазначыла, што камітэт будзе займацца падрыхтоўкай да накіраваньня на вучобу за мяжу выключаных зь беларускіх ВНУ студэнтаў, матэрыяльнай дапамогай сем’ям палітвязьняў і звольненых з працы, арганізацыяй мэдыцынскай рэабілітацыі зьбітых дэманстрантаў. Апрача таго спадарыня Кулей лічыць неабходным наладжваць сувязі з замежнымі камітэтамі ў абарону беларускіх палітвязьняў.

Іна Кулей кажа, што будзе імкнуцца зарэгістраваць ў Мін''юсьце новаствораны Грамадзкі камітэт як рэспубліканскую арганізацыю.

У аб’яднаньне ўвайшла маці аднаго зь нядаўніх вязьняў жодзінскай турмы Ала Кароль:

(Ала Кароль: ) “Гэта не пасада ніякая, гэта пакліканьне душы. Я сустракаюся і размаўляю зь вельмі многімі мамамі, і ўсе цяпер у складаным маральным стане. Мне нават падаецца, што дзеці, якія выходзяць, як мой сын, які вярнуўся пасьля 10 сутак, яны сябе больш упэўнена адчуваюць, чым бацькі. Мы хочам дапамагчы і дзецям, і бацькам”.

Віктар Івашкевіч, які прадстаўляе ў Грамадзкім камітэце штаб Мілінкевіча, паведаміў, што на сёньня сабрана каля дваццаці анкет людзей, якіх ужо выгналі з вучобы ці працы за ўдзел у акцыях супраціву, і што каля 100 студэнтаў, якія былі асуджаныя за гэта, застаюцца пад пагрозай адлічэньня.

Колькасьць вучэбных месцаў у Польшчы, Літве, Чэхіі для адлічаных беларускіх студэнтаў ужо сягае пяцісот.

Ёсьць таксама магчымасьці працаўладкаваньня звольненых паводле палітычных матываў празь бізнэс-каналы ды арганізацыі стажыровак пры замежных унівэрсытэтах для тых зь іх, хто мае вышэйшую адукацыю,– паведаміў спадар Івашкевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG