Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” мае намер у 2007 годзе павялічыць цану газу для Беларусі ўтрая


Радыё Свабода Пра гэта сёньня заявіў намесьнік кіраўніка расейскай газавай манаполіі Аляксандар Разанаў. Беларускія афіцыйныя экспэрты заклікаюць ставіцца да такіх заяваў спакойна, але некаторыя эканамісты прагназуюць, што беларуская гаспадарка стане зусім нерэнтабэльнай, калі кошт дасягне 100 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Аляксандар Разанаў адзначыў, што Беларусь застаецца адзінай дзяржавай у СНД, якой “Газпром” сёлета пастаўляе газ па той жа цане, што і ў 2005 годзе. Цяпер гэтая цана складае 46 даляраў і 68 цэнтаў за тысячу кубамэтраў газу. “Газпром” чакае, што беларускі бок падасьць свае прапановы па ўмовах супрацоўніцтва да 30 красавіка 2006 году.

Паводле Разанава, у якасьці кампэнсацыі новых цэнаў можа быць разгледжаны варыянт удзелу “Газпрому” ў газавых прадпрыемствах Беларусі.

“Мы хацелі б актыўней удзельнічаць у разьмеркаваньні газу і ў прамой рэалізацыі газу спажыўцам. Напрыклад, у той жа Беларусі, дзе мы пакуль ня можам у гэтым удзельнічаць” – сказаў намесьнік кіраўніка “Газпрому”.

Прадстаўнікі ўраду пакуль не камэнтуюць заявы кіраўніцтва “Газпрому”. Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў учора, што цягам гэтага году будуць спакойна весьціся перамовы наконт коштаў на паліва ў 2007 годзе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Васіль Хрол зь недаверам паставіўся да новых выказваньняў расейскіх газавікоў: учора яны казалі, што цана ўзрасьце ў пяць разоў, а сёньня абяцаюць павялічыць яе ўтрая, заўважыў парлямэнтар.

(Хрол: ) “Да гэтага трэба ставіцца вельмі спакойна. Будуць праводзіцца перамовы суб’ектаў гаспадараньня, у тым ліку й па ўмовах акцыянаваньня беларускай кампаніі “Белтрансгаз”, стварэньня сумесных з Расеяй інвэстыцыйных праектаў. Таму ідуць перамовы, ідзе працэс, і я перакананы ў тым, што цана на газ для Беларусі будзе ўзгоднена ў межах геапалітычнага саюзу, які сёньня існуе”.

Экспэрт Цэнтру Мізэса эканаміст Валеры Дашкевіч, між тым, цьвердзіць, што Расея ўсё ж вымушана будзе значна падвысіць кошт на газ для беларускіх спажыўцоў.

(Дашкевіч: ) “Рана ці позна нам давядзецца плаціць па рынкавых коштах і менавіта зыходзячы з кошту на газ у Эўропе. Пагатоў, адным з патрабаваньняў Эўразьвязу да ўваходжаньня Расеі ва ЎГА зьяўляецца падвышэньне кошту на прыродны газ унутры самой Расеі. Расея прыняла праграму, паводле якой яна будзе цягам некалькіх наступных год пакрыху падвышаць цану на газ. Гэта аўтаматычна азначае, што й для нас яны будуць таксама расьці, прычым тэмпамі значна больш высокімі, чым для расейскіх прадпрыемстваў”.

Найбольш верагодным коштам на газ у 2007 годзе Валеры Дашкевіч лічыць 90—100 даляраў за тысячу кубамэтраў (цяпер Беларусь набывае ў “Газпрому” паліва меней чым за 47 даляраў). Хутчэй за ўсё, лічыць эканаміст, Беларусь будзе прасіць у Расеі час на адаптацыю да новых коштаў. У працэсе перамоваў будзе рабіцца акцэнт на інтэграцыйных працэсах, на тым, што суб’екты гаспадараньня ў межах гэтак званай саюзнай дзяржавы павінны мець роўныя ўмовы. Таму Расея ня здолее ўзьняць цану вышэй за 100 даляраў, да сапраўднага эўрапейскага ўзроўню. Але й такі кошт будзе азначаць, што агульная рэнтабэльнасьць беларускай эканомікі стане амаль нулявой, кажа экспэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG