Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пачаліся адлічэньні студэнтаў?


Радыё Свабода Арыштаваных падчас акцыяў пратэсту студэнтаў выклікаюць на размовы ў дэканаты і рэктараты, а таксама з прадстаўнікамі спэцслужбаў. Праваабаронцы мяркуюць, што адміністрацыі навучальных установаў могуць ужыць жорсткія санкцыі да ўдзельнікаў апазыцыйных акцыяў. Некаторыя студэнты адлічаны.

Трэцякурсьнік гістарычнага факультэту Менскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту Дзяніс Дзюба быў арыштаваны на 10 сутак і адбываў пакараньне ў турме на Акрэсьціна. Яго затрымалі на Кастрычніцкай плошчы яшчэ да разгону намётавага гарадка. Калі пасьля вызваленьня ён прыйшоў ва ўнівэрсытэт, яму сказалі, што ён адлічаны яшчэ 23 сакавіка.

(Дзюба: ) “Дэкан даведаўся, што мяне ўзялі, ужо назаўтра — і яны пачалі зьбіраць інфармацыю па маіх пропусках і ўзялі журнал за мінулы год. Пропускі за красавік і травень яшчэ 2005 году — і на гэтай падставе яны мяне адлічылі, быццам бы назьбіралі пэўную колькасьць гадзінаў. А я яшчэ сядзеў у турме на Акрэсьціна”.

У выпісцы з загаду сказана, што Дзяніс адлічаны за сыстэматычнае парушэньне вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку; падставай стала дакладная запіска дэкана. Дзяніс Дзюба падаў заяву на імя рэктара, каб той азнаёміў яго з усімі паперамі.

(Дзюба: ) “У мяне за тры гады навучаньня ніводнай вымовы. І я выдатнік”.

Трох студэнтаў Гарадзенскага ўнівэрсытэту, якія ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча, выклікалі на размову супрацоўнікі спэцслужбаў. Студэнтка другога курсу філфаку Вольга Палуйчык была дапытана як сьведка па крымінальнай справе “Маладога фронту”, распачатай у КДБ. Вольгу Палуйчык дапытвалі ў адным з унівэрсытэцкіх памяшканьняў двое ў цывільным, адзін зь якіх паказаў пасьведчаньне супрацоўніка КДБ. Вольга Палуйчык адмовілася падпісаць пратакол.

(Палуйчык: ) “Казалі, што, калі ня буду зь імі супрацоўнічаць, мой статус сьведкі пераўтворыцца ў статус падазраванай. Яшчэ зачыталі дакумэнт пра ўдзел у недзяржаўных арганізацыях. Яны сказалі: ну, калі вы ня хочаце нам нічога казаць, то мы гэта перадамо ў сам унівэрсытэт і ў вас будуць вялікія праблемы, магчыма, вы нават і не давучыцеся”.

Студэнтаў, якія адседзелі суткі арышту за ўдзел у акцыях пратэсту, працягваюць выклікаць у адміністрацыі навучальных установаў. Некаторым пагражаюць адлічэньнем. Праваабаронца Тацяна Равяка апавяла:

(Равяка: ) “Сытуацыя няпэўная. Я думаю, што цяпер рэктараты прымаюць рашэньні па студэнтах, і гэтыя рашэньні будуць выконвацца цяпер альбо ў больш аддаленай пэрспэктыве. Проста будуць завальвацца некаторыя студэнты, ня будзе ім магчымасьці здаць іспыты. На гэты момант такой хвалі масавых адлічэньняў мы не назіраем”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG