Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадачы вязьням на Акрэсьціна нясуць нават незнаёмыя людзі


Радыё Свабода Да турмы на вуліцы Акрэсьціна працягваюць прыходзіць людзі, чые сябры, знаёмыя й сваякі застаюцца зьняволенымі за ўдзел у акцыях пратэсту на вуліцах Менску падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Перадачы палітычным вязьням прыносяць таксама многія незнаёмыя людзі, аднак ахоўнікі перашкаджаюць ім гэта рабіць.

Садавіну, сокі й іншыя прадукты многія наведнікі прыносяць у турму з уласнай ініцыятывы. Гэта людзі рознага веку й заняткаў, у тым ліку — студэнты, бізнэсоўцы й пэнсіянэры. Спадарыня Лілія Жукава прынесла салодкія напоі й булачкі, але перадаць гэта зьняволеным надзвычай цяжка – паведаміла яна Радыё Свабода.

(Жукава: ) “Я прыйшла сёньня сюды не таму, што ў мяне тут нехта сядзіць. Я прыйшла зрабіць перадачу моладзі, якая была разагнана й схоплена з намётавага гарадку, — на любую камэру, дзе палітычныя сядзяць. Дык не, давайце ім дакладнае прозьвішча. Ну, вось дзяўчатам аддала перадачу, і вельмі шчасьлівая й радасная ад гэтага. А то — што мне гэтыя булачкі назад дадому несьці?”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы гэта робіце?”

(Жукава: ) “Я гэта раблю ад шчырай душы й сэрца. Бо я іх падтрымліваю, я імі ганаруся. Бо гэта нашая эліта, нашая моладзевая эліта, а ня гэтыя лукамолы й бэрэсэмы”.

На дзьвярах турмы цяпер вісіць абвестка, што перадачы можна рабіць не часьцей, чым раз на пяць дзён. А пасьля таго, як каля турмы зьявілася шмат валантэраў, ахоўнікі пачалі адмаўляцца браць перадачы ад чужых людзей.

Гаворыць Зьміцер, які мае на Акрэсьціна сяброў:

(Зьміцер: ) “Учора затэлефанавалі знаёмыя з Украіны й папрасілі зрабіць перадачу для аднаго чалавека з Украіны, які патрапіў тут у турму падчас падзеяў. Мы прынесьлі перадачу, але ўзьніклі вялікія праблемы: апошнія некалькі дзён тут адмаўляюцца браць перадачы ад каго-небудзь, акрамя сваякоў. Гэта азначае, што знаёмцы цяпер ня могуць рабіць перадач, і нас разьвярнулі з гэтай перадачай і адправілі. Прыкладна такая ж гісторыя днямі здарылася з чалавекам зь Віцебску. Пры гэтым, вялікай чаргі тут няма — большая частка людзей павыходзілі ўжо. А таму не зразумела, чаму ня браць перадач ад усіх”.

Спадарыня Людміла чакае вызваленьня свайго сына пасьля 15 сутак арышту. Гэта адбудзецца ў ноч на суботу, а сёньня яна падрыхтавала апошнюю перадачу.

(Людміла: ) “Сказалі больш не прыходзіць, бо тут у іх хапае і харчаваньня, і вады — усяго ў іх хапае. Хаця хлопцы выходзяць і распавядаюць, як халодна ў камэрах, і толькі голыя нары . А яны сядзяць у тым, у чым былі арыштаваны”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці падтрымліваеце вы свайго сына пасьля ўсяго адбытага?”

(Людміла: ) “Пасьля ўсяго, што адбылося, у мяне, наадварот, загартаваўся дух барацьбіта за свабоду, за справядлівасьць. Я цяпер нічога не баюся й цалкам падтрымліваю свайго сына. Ён — герой, герой Беларусі, ён — патрыёт. А ў тыя адсоткі, пра якія нам абвясьцілі, я ня веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG