Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія палітычныя высновы й наступствы прэзыдэнцкіх выбараў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 31 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: палітолягі Валерыя Касьцюгова і Сяргей Нікалюк, палітычны аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі, галоўны рэдактар часопісу “ARCHE” Валер Булгакаў.

(Валер Карбалевіч: ) “На першы погляд, выбарчая кампанія прайшла па звычайнай для Беларусі схеме й нічога не зьмяніла ў грамадзка-палітычным жыцьці. Лукашэнка атрымаў чарговую “элегантную перамогу”, апазыцыя ладзіла акцыі пратэсту. Нічога не зьмянілася ў пазыцыі Расеі й Захаду. Здаецца, усё як заўсёды. Аднак любая агульнанацыянальная электаральная кампанія, нават калі ў Беларусі яна носіць даволі спэцыфічны характар, выяўляе нейкія важныя грамадзкія працэсы й тэндэнцыі, якія ў звычайнай сытуацыі не праяўляюцца.

Першае пытаньне тычыцца працэсаў, якія адбываюцца ў грамадзтве. На першы погляд здаецца, што яно застыла, ягоныя палітычныя каштоўнасьці не мяняюцца, электаральная падтрымка Лукашэнкі й апазыцыі шмат гадоў знаходзіцца на адным і тым жа ўзроўні. Напярэдадні аб’яўленьня выбараў паводле зьвестак прафэсара Манаева, падтрымка Лукашэнкі нават вырасла, ягоны рэйтынг быў больш як 50%. Дык што адбываецца ў беларускім грамадзтве? Што паказалі прэзыдэнцкія выбары?”

(Валерыя Касьцюгова: ) “Па-першае, адзіны моцны бок улады — адміністрацыйны ціск і выкарыстаньне сілавых структураў. Грамадзтва падтрымлівае ўладу пасіўна. Прыхільнікі Лукашэнкі ня выйшлі на вуліцу, каб яго падтрымаць у пасьлявыбарныя дні. Па-другое, лёгіка эвалюцыі ўлады патрабуе зьнішчэньня грамадзкіх свабодаў і ініцыятываў. Тут яна дзейнічае рашуча. Па-трэцяе, улада страціла сувязь з рэчаіснасьцю й ня можа прымаць адэкватных часу рашэньняў. Яна апынулася ў цяжкім стане, на яе цісьне міжнародная супольнасьць, якая не прызнала вынікаў выбараў. Чатыры прэзыдэнты, якія зрабілі гэта, — вельмі мала.

На уладу цісьне й грамадзтва. Нарэшце, цісьне Расея, якая адразу па выбарах заявіла, што павысіць цэны на газ. Улада перайшла крытычную мяжу дапушчальных памылак. І гэта павінна прывесьці да зьменаў у сярэднетэрміновай пэрспэктыве”.

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Найперш, апазыцыя не лічыла гэтую кампанію выбарамі, а толькі палітычнай кампаніяй. У яе зьявілася асоба — адзіны кандыдат ад аб’яднананай апазыцыі Мілінкевіч, ён за вельмі кароткі тэрмін набыў рэйтынг, вядомасьць. Таму праект апазыцыі дзеля раскруткі новай асобы да агульнанацыянальнага маштабу можна лічыць пасьпяховым. Іншае пытаньне, што яна праходзіла ў надзвычай жорсткіх умовах, якіх яшчэ не было ў Беларусі. Не было такой колькасьці затрыманьняў і арыштаў апазыцыянэраў. Не было такой сытуацыі з прэсай — раней былі незалежныя газэты, якія маглі быць рупарам і камунікатарам апазыцыі.

Акцыя пратэсту і зьяўленьне намётавага гарадка пасьля кампаніі паказала новую якасьць грамадзкіх працэсаў. Гэта вынік ня столькі дзейнасьці апазыцыі, колькі стыхійнае мерапрыемства, да якога апазыцыя далучылася. Там было шмат моладзі. Гэты намётавы гарадок справакаваў праяву салідарнасьці грамадзянаў, стаў нагодай штодзённых мітынгаў у Менску, стаў нават у пэўным сэнсе сродкам масавай інфармацыі. Бо той мікрафон, які там працаваў, даваў магчымасьць рэтрансьляваць ідэі і лёзунгі апазыцыі. Жорсткае падаўленьне акцыяў пратэсту судзейнічала непрыняцьцю вынікаў выбараў фактычна ўсімі дэмакратыямі сьвету”.

(Сяргей Нікалюк: ) “Беларускае грамадзтва мае сваю структуру, і ў розных яго частках адбываюцца розныя працэсы. Відаць дзьве няроўныя групы, якія тут існуюць. Па-першае, гэта абываталі, людзі, якія заняты выжываньнем — такіх у Беларусі каля 70%. Гэтую частку грамадзтва ўлада проста купляе. Таму, калі ў дзяржавы ёсьць грошы, то палітыка ўлады адносна гэтай групы можа быць эфэктыўнай. Можна параўнаць паказчыкі рэйтынгу прэзыдэнта і ўзроўню заробкаў і пэнсіяў. У 2003 годзе гэты ўзровень амаль ня рос, у выніку рэйтынг Лукашэнкі быў 26%. Але ўжо два гады (2004 год — напярэдадні рэфэрэндуму і 2005 год) мы маем двухзначныя лічбы (у адсотках) росту заробкаў і пэнсіяў. У такіх умовах абываталі ніводнай краіне не зацікаўлены ў зьменах. Іх гэтая ўлада задавальняе.

Другая частка грамадзтва, якая ахоплівае больш маладых, адукаваных, маюць апазыцыйныя настроі. Гэтым людзям менш патрэбная сама ўлада, яны не прымаюць існай улады ў Беларусі. Выбары паказалі, што ўлада з гэтымі людзьмі ня ўмее, ня можа й ня хоча размаўляць у прынцыпе. Паказальны прыклад — гэта збор подпісаў. Здавалася б, Лукашэнка мае высокі рэйтынг, якія праблемы сабраць подпісы? Трэба ісьці да людзей і зьбіраць. Але ўлада ня можа ісьці ў народ. Яна дае заданьне па прадпрыемствах і ўстановах і дае каманду. Іншых мэтадаў у яе няма. Сувязь паміж грамадзтвам і ўладай парушана, таму любы самастойны рух у грамадзтве выклікае ва ўлады страх. Таму рэакцыя ўлады падчас гэтых выбараў, нягледзячы на ў цэлым спакойную сытуацыю ў краіне, была абсалютна неадэкватнай. Улада ўвесь час сама правакавала людзей”.

(Карбалевіч: ) “У 1990-я сярод экспэртаў было меркаваньне, што падтрымка грамадзтвам Лукашэнкі мае іррацыянальны характар, дзейнічае харызма беларускага кіраўніка — і на гэтым трымаецца высокі рэйтынг. А вы, спадар Нікалюк, лічыце, што цяпер гэтая падтрымка, легітымнасьць носіць рацыянальны характар — калі растуць заробкі й пэнсіі, то, адпаведна, расьце і рэйтынг Лукашэнкі, і наадварот. Гэта новая зьява толькі гэтай электаральнай кампаніі? Ці яна разьвіваецца ўжо даўно?”

(Нікалюк: ) “Напачатку 1990-х гадоў, калі рухнуў стары грамадзкі лад, абываталь шукаў харызматычную асобу — як нейкі пункт апоры. Але немагчыма трымаць уладу гадамі толькі на харызьме. І гэта мы добра бачым на палітычным лёсе Гарбачова і Ельцына. Яны зьявіліся як харызматычныя лідэры, іхныя рэйтынгі былі высокія. Але потым, калі не было посьпехаў у эканоміцы, яны заканчвалі рэйтынгамі 1—2%”.

(Валер Булгакаў: ) “Найперш, бачна прорва паміж канвэнцыйнай партыйнай апазыцыяй і рухам грамадзянскага супраціву. Падзеі, якія разьвярнуліся ў Менску пасьля 19 сакавіка, не ўкладаліся ў сцэнары канвэнцыйнай апазыцыі. Паўстаньне намётавага гарадка на плошчы і іншыя падзеі не былі інсьпіраваны апазыцыяй. Грамадзтва прапанавала сваю праграму дзеяньняў, якая зьявілася неспадзяванкай як для ўладаў, так, часткова, і для апазыцыі. Падзеі на Кастрычніцкай плошчы выклікалі неспадзяваны эфэкт, змазалі гэтую “элегантную перамогу”, зрабілі іншым палітычны балянс у краіне пасьля выбараў. Грамадзтва паказала здольнасьць самаарганізоўвацца. Узьнікае грамадзянская супольнасьць, якая якраз і кідае выклік дзейнаму рэжыму”.

(Карбалевіч: ) “Але якую частку беларускага грамадзтва ахоплівае тое, што вы назвалі “грамадзянскай супольнасьцю”? Мне падаецца, вельмі невялікую”.

(Булгакаў: ) “Грамадзянская супольнасьць ніколі не была роўнай насельніцтву Беларусі. Яна ўключае ў сябе толькі тых людзей, хто, па-першае, грамадзяне, а не падданыя бацькі Лукашэнкі, а па-другое, маюць актыўную палітычную пазыцыю. І так ва ўсім сьвеце. Толькі ў заходніх краінах грамадзянская супольнасьць больш-менш супадае з так званым “народанасяленіем”.

(Карбалевіч: ) “Складваецца ўражаньне, спадар Булгакаў, што кажучы пра беларускае грамадзтва, вы гаворыце пра даволі вузкі грамадзкі пласт, які выразна выказвае сваю нязгоду зь цяперашняй палітыкай. Тут ужо пачалі гаворку пра дзеяньні ўлады падчас выбараў. Сапраўды, некаторыя дзеяньні ўлады падчас гэтых выбараў здаваліся нелягічнымі. Электаральная падтрымка дзейнага кіраўніка дзяржавы была высокая. Кантроль над грамадзтвам пасьля зачыстак структураў грамадзянскай супольнасьці ўзмацніўся. Пасьля кадравай сэлекцыі, новых прызначэньняў на кіроўныя пасады намэнклятура выглядала кансалідаванай як ніколі. Але ўлады відавочна моцна нэрваваліся. Выбары былі прызначаны на чатыры месяцы раней тэрміну. Узмацніўся адміністрацыйны ціск на насельніцтва. Напярэдадні галасаваньня адбылося дэ-факта інтэрнаваньне некалькіх дзясяткаў актывістаў апазыцыі. Старшыня КДБ раскрываў змову апазыцыі. Дык у які бок эвалюцыянуе ўлада?”

(Быкоўскі: ) “Для такіх паводзінаў улады было некалькі прычынаў. Адна зь іх была названа спадаром Нікалюком. Гэта адсутнасьць камунікацыі з грамадзтвам. Бо пабудаваная вэртыкаль улады не дае магчымасьці нармальна камунікаваць у абодвух кірунках. Прырода рэжыму такая, што ён мае тэндэнцыю да большага аўтарытарызму. І ў гэтай сыстэме спэцслужбы граюць важную ролю”.

(Касьцюгова: ) “Ва ўладаў былі аб’ектыўныя падставы для хваляваньня. Па-першае, вычарпаны той эканамічны рэсурс, пра які казаў спадар Нікалюк. Па-другое, актыўна пайшоў працэс самаарганізацыі грамадзянскай супольнасьці, пра які таксама ўжо гаварылася. Таксама выявілася няздольнасьць улады весьці дыялёг. Мэсыдж улады адрасаваны пасіўнай частцы грамадзтва. Палітыка ўлады скіравана на тое, каб атамізаваць грамадзтва, выключыць магчымасьць стварэньня нейкіх цэнтраў грамадзянскіх ініцыятываў. І калі такія ініцыятывы ўтвараюцца, улады нэрвуюцца і прымаюць нейкія, як ім здаецца, адэкватныя дзеяньні”.

(Булгакаў: ) “Існуе звычайная лёгіка і дынаміка ўмацаваньня аўтарытарызму. Такая ўлада ня можа стабільна існаваць нават тады, калі ціск на грамадзянскую супольнасьць, апазыцыйны сэктар застаецца на адным узроўні. Каб існаваць, яна вымушана пастаянна закручваць гайкі, зьнішчаць палітычныя альтэрнатывы ў самым зародку. Змаганьне з унутраным ворагам надае большую легітымнасьць у вачах пралукашэнкаўскага электарату самаму Аляксандру Рыгоравічу”.

(Карбалевіч: ) “А як ацаніць выбарчую кампанію апазыцыі? Як уплываў на кампанію той факт, што было два апазыцыйныя кандыдаты? Што паказалі акцыі пратэсту з 19 да 25 сакавіка?”

(Быкоўскі: ) “Удзел апазыцыі ў выбарах быў досыць карысным. Мілінкевіч напярэдадні кампаніі казаў, што ягоная мэта — палітызаваць грамадзтва. Пра ўсё грамадзтва сказаць цяжка, але грамадзянская супольнасьць цяпер моцна палітызаваная. Я ня памятаю такой кампаніі, калі б сваякі сварыліся з-за пытаньня, хто за белых, а хто за чырвоных — а цяпер такая зьява ёсьць. Дасягнута мэта раскруткі новай палітычнай постаці да агульнанацыянальнага ўзроўню. Цяжка прадказаць, ці застанецца Мілінкевіч на палітычнай сцэне, бо маем прыклады, калі пасьля выбараў такія постаці зьнікалі, але тое, што зроблена, вельмі важна. Прысутнасьць двух кандыдатаў, якія апэлявалі да аднаго электарату, з аднаго боку, адмоўная зьява, бо разбурала ўяўленьне аб альтэрнатыве, расьцягвала галасы. Але зь іншага боку, гэта дало магчымасьць дзьвюм асобам праводзіць розную тактыку. Мілінкевіч праводзіў станоўчую кампанію. А Казулін рабіў эпатажную, хуліганскую кампанію. Напэўна, і тое і другое было патрэбна”.

(Касьцюгова: ) “Кампанія апазыцыі была даволі эфэктыўнай, асабліва калі ўлічваць рэсурсы, якімі валодала апазыцыя. Пазытыўным было тое, што Мілінкевіч зьявіўся як канвэнцыйны кандыдат ня толькі ад партыйнай апазыцыі, але і актыўнай часткі грамадзтва. Каманды апазыцыйных кандыдатаў рабілі нейкія новыя хады, якія прынесьлі пэўны посьпех. Існаваньне двух кандыдатаў лічу пазытыўнай зьявай. Задачай апазыцыі было палярызаваць грамадзтва і мабілізаваць сваіх прыхільнікаў. І гэтая задача выканана”.

(Нікалюк: ) “Беларускае грамадзтва дало апазыцыі добры ўрок. Вылучэньне адзінага кандыдата рабілася традыцыйнымі апазыцыйнымі мэтадамі міжсабойчыку. Цэлы год апазыцыя выбірала адзінага кандыдата, не праводзячы няводнага мерапрыемства з сваім электаратам. І пасьля выбараў высьветлілася, што ў грамадзтве зьявіліся людзі, якія не знайшлі ў апазыцыйных кіраўніках сваіх лідэраў, таму пачалі самарэалізоўвацца. Калі афіцыйная апазыцыя гэтага не зразумела, калі яна ня здолее стаць лідэрам рухаў і супольнасьцяў, што ствараюцца ў краіне, то яна можа аказацца не патрэбнай. Безумоўна, зьявіўся лідэр. Ён быў лідэрам моманту, лідэрам самой сытуацыі выбараў. Цяпер яму трэба стаць рэальным лідэрам”.

(Булгакаў: ) “У кампаніі апазыцыі былі плюсы й мінусы. Да восені 2005 году асноўным капіталам Мілінкевіча было тое, што ён больш за дзесяць гадоў сумленна адпрацаваў у трэцім сэктары, зарэкамэндаваў сябе як пасьпяховы мэнэджар. Стваралася ўражаньне, што ягонае вылучэньне не абавязана ягоным якасьцям публічнага палітыка. За час кампаніі Мілінкевіч паказаў, што ён ня толькі заслужаны работнік трэцяга сэктару, але і палітык, які здольны канкураваць у вельмі агрэсіўных варунках беларускага асяродзьдзя й атрымліваць пэўныя бонусы.

Падчас кампаніі апазыцыя, натуральна, мела праколы. Ёй не ўдалося разьвярнуць незалежнае назіраньне — важны складнік пасьпяховай кампаніі. Выявілася абмежаваная база падтрымкі дэмсілаў у рэгіёнах. У выніку выбарчая кампанія апазыцыі прывяла да такіх эфэктаў, якія цяжка было спрагназаваць, напрыклад, на пераломе 2005—2006 году. Апазыцыі не ўдалася задача-максымум — пахіснуць уладу. Але ёй удалося пазбавіць перамогу Лукашэнкі прысмаку “элегантнасьці”. Увогуле, псыхалягічна апазыцыя выходзіць з выбараў зь вялікім актывам. Яна паказала, што рэжым не маналітны, ён існуе часам у стане эфэктацыі й разгубленасьці.

Зь іншага боку, цаной гэтай кампаніі было фактычнае зьнішчэньне незалежнай прэсы, за рэдкім выняткам. Калі ў 2001 годзе сукупны наклад недзяржаўных мэдыяў з дэмакратычнымі арыенцірамі быў 350 тысяч асобнікаў, то цяпер — 135—140 тысяч. Ці ўдасца цяпер аднавіць ранейшыя наклады — гэта пытаньне”.

(Карбалевіч: ) “Цікава, што сацыял-дэмакраты, вылучаючы Казуліна кандыдатам у прэзыдэнты зыходзілі з такой тэзы: старая апазыцыя не карыстаецца падтрымкай насельніцтва, таму трэба прэзэнтаваць грамадзтву трэцюю сілу, якая б не атаясамлялася з апазыцыяй. І такі кандыдат павінен быў забраць галасы ня толькі нэўтральных выбаршчыкаў, але і пралукашэнкаўскага электарату. Але з гэтай ідэі нічога не атрымалася. Падтрымка Казуліна апынулася значна меншай, чым Мілінкевіча. Якія наступствы прэзыдэнцкіх выбараў? Лукашэнка шмат разоў заяўляў, што пасьля выбараў апазыцыі ў краіне ня будзе. І інфармацыйныя перадачы беларускіх тэлеканалаў, здаецца пацьвярджаюць гэта. Так 25 сакавіка па тэлевізіі прагучаў заклік “вешаць за ногі”. Учора ў перадачы “Жорсткая размова” апазыцыянэраў аб’явілі злачынцамі, тэрарыстамі, якія, нібыта, на загад Захаду імкнуцца ўсталяваць у Беларусі фашысцкі рэжым. Дык у якім кірунку будзе рухацца краіна? Ці ўдасца кіроўнаму рэжыму замарозіць статус-кво?”

(Быкоўскі: ) “Любая сыстэма альбо рухаецца наперад, альбо разбураецца. Гэтая кампанія разбудзіла грамадзянскую супольнасьць. Але ці захаваецца такі настрой? Калі захаваецца, то шмат людзей можа ўключыцца ў рэальную барацьбу. Пасьля 2001 году шмат людзей выехала з краіны. Цяпер паўстане падобнае пытаньне. Я ведаю буйных бізнэсоўцаў, якія зь вялікай цікавасьцю глядзелі на намётавы гарадок. І ня проста так там зьявіліся генэратары, палаткі, нарэшце, біятуалет. У эканамічным сэнсе рэсурсы рэжыму не такія вялікія. Мяняюцца вывазныя пошліны на нафтапрадукты, цэны на газ. Мяняецца стаўленьне расейскага бізнэсу да Беларусі. Як казалі старажытныя грэкі, крызіс заўсёды адкрывае новыя далягляды”.

(Касьцюгова: ) “Улады цяпер будуць вымушаны альбо выціскаць за мяжу найбольш актыўных прадстаўнікоў пакаленьня “бэбі-буму”, альбо жорстка падаўляць іх. Інакш зьявяцца небясьпечныя для яе цэнтры грамадзянскага супраціву. Неспрыяльны для афіцыйнага Менску міжнародны кантэкст. І Захад, і Расея шантажуюць беларускія ўлады, патрабуюць саступак”.

(Нікалюк: ) “Улада, стаўшы на гэты шлях, ня можа спыніцца. І тэндэнцыя такая, што ціск на грамадзянскую супольнасьць будзе ўзмацняцца. Галоўнае, што вызначае лёс Беларусі бліжэйшым часам, — гэта тыя рэсурсы, якімі валодае ўлада. З аднаго боку, улада выкарыстала ўсе магчымасьці эканамічнага росту, патрэбны інвэстыцыйны рост. А зь іншага боку, ёсьць тэндэнцыі, якія ўлада змагла аформіць. Шэраг ключавых прадпрыемстваў Беларусі разьвіваюцца. А пакуль ва ўлады будуць рэсурсы, яна нават думаць ня будзе пра зьмену курсу. Гэта ўсясьветная практыка. Але зь іншага боку, пачалася самаарганізацыя апазыцыйнага асяродзьдзя”.

(Булгакаў: ) “У псыхалягічным сэнсе найбольшае адрозьненьне цяперашняй сытуацыі ад сытуацыі 2001 году палягае ў тым, што зьніклі наіўныя спадзяваньні на зьмену гэтай улады электаральным шляхам. Згадаем, што пасьля выбараў 2001 году ноч прамітынгавалі ў падтрымку Ганчарыка і разышліся — чакалі наступных выбараў, каб на іх перамагчы Лукашэнку. Цяпер такіх настрояў няма. Рэальна застаюцца два магчымыя варыянты трансфармацыі пры жыцьці дзейнага кіраўніка. Па-першае, гэта элітная трансфармацыя, калі намэнклятура змаўляецца і адхіляе Лукашэнку ад улады. Па-другое, рэвалюцыйная трансфармацыя, калі грамадзянская супольнасьць знаходзіць у сабе сілы, каб адхіліць яго. Супраць гэтых двух сцэнароў улады і будуць весьці прэвэнтыўную барацьбу. Лукашэнка будзе тасаваць намэнклятуру, павялічыць ціск на грамадзянскую супольнасьць. Гэтая ўлада вельмі кансэрватыўная. І ў гэтым палягае яе і жыцьцё, і крах. З аднаго боку, яна жывіцца кансэрватыўнымі прасавецкімі настроямі. Зь іншага боку, яна ня можа выйсьці за кола ўжо сфармаваных савецкіх традыцыяў пра жыцьцё, грамадзтва і палітыку”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, кампанія выбараў прэзыдэнта прадэманстравала пэўныя новыя тэндэнцыі грамадзка-палітычнага разьвіцьця краіны. Беларуская сацыяльная мадэль дэманструе здольнасьці да выжываньня. Узмацніўся раскол грамадзтва, дзьве ягоныя часткі ўсё больш падзяляюцца й рухаюцца ў розныя бакі, паміж імі ідзе ціхая грамадзянская вайна. Разьвіваецца тэндэнцыя пераходу ад аўтарытарнага рэжыму да таталітарнага з выцісканьнем апазыцыі альбо ў дысыдэнцтва, альбо ў эміграцыю, альбо ў турму. Новыя сілы прыйшлі ў апазыцыйны рух, і, магчыма, пад іх уплывам апазыцыя будзе альбо мяняцца, альбо ня зможа інтэграваць гэтыя сілы ў рух супраціву і страціць над імі кантроль. Гэтыя тэндэнцыі носяць супярэчлівы характар. І ад дзейнасьці палітычных суб’ектаў шмат залежыць, якія тэндэнцыі пераважаць”.
XS
SM
MD
LG