Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце рыхтуюць рэзалюцыю па беларускай сытуацыі


Радыё Свабода Лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня прыбыў у францускі Страсбург, дзе праходзіць сэсія Эўрапарлямэнту, якая ў сераду мае разгледзець пытаньне аб ацэнцы выбараў і пасьлявыбарчай сытуацыі ў Беларусі, а пазьней ухваліць рэзалюцыю на гэты конт.

Аляксандар Мілінкевіч накіраваўся ў Страсбург на запрашэньне некалькіх фракцый Эўрапарлямэнту. Ён правядзе дыскусію ў камітэтах і палітычных групах Эўрапарлямэнту й, магчыма, выступіць на пленарным пасяджэньні.

Спадар Мілінкевіч кажа, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, прыняцьце якой чакаецца на гэтым тыдні, будзе вызначаць стаўленьне Эўропы да Беларусі на бліжэйшыя гады.

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што гэта надзвычай важна. Таму што Эўрапарлямэнт — гэта высокая інстытуцыя. Нам важна прэзэнтаваць нашу пазыцыю, каб расказаць аб тым, што адбылося ў Беларусі, і як мы бачым пэрспэктывы. Зноў жа — трэба ўздымаць пытаньне дапамогі рэпрэсаваным. Эўропа мусіць быць салідарнай, бо гэта высокая маральная падтрымка. А таксама на чарзе пытаньне пра супрацоўніцтва Эўразьвязу з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі на будучыню”.

Ацэньваючы пазыцыю прадстаўнікоў кіраўніцтва Эўразьвязу й дэпутатаў Эўрапарлямэнту адносна Беларусі, спадар Мілінкевіч зрабіў выснову:

(Мілінкевіч: ) “Эўропа падрыхтавана да гэтых пытаньняў, яна ўжо не вагаецца, як ацэньваць рэжым Лукашэнкі: ён для іх абсалютна нелегітымны. І я лічу, што цяперашнія кантакты будуць мець працяг, а супрацоўніцтва будзе эфэктыўным”.

Дыскусія на пленарным паседжаньні па Беларусі й выступ Аляксандра Мілінкевіча чакаюцца у другой палове дня серады, галасаваньне па рэзалюцыі — у чацьвер. Да таго ж, спадар Мілінкевіч правядзе сустрэчы ў камітэце міжнародных спраў, іншых камітэтах і партыйных фракцыях Эўрапарлямэнту.

Памочнік віцэ-сьпікера Эўрапарлямэнту Януша Ашынкевіча Ян Чурыловіч гэтак акрэсьліў атмасфэру ў ім напярэдадні разгляду беларускага пытаньня:

(Чурыловіч: ) “Сёньня мы назіраем вялікае зацікаўленьне беларускай тэматыкай у Эўразьвязе, і, паміж іншага, — у Эўрапарлямэнце. Да падрыхтоўкі беларускай рэзалюцыі далучаюцца ўсе парлямэнцкія групы: і сацыялісты, і лібэралы, і хрысьціянскія дэмакраты. У рэзалюцыі будуць вельмі сур’ёзныя пастуляты — наконт забароны на ўезд беларускіх чыноўнікаў у Эўразьвяз, наконт грошай Лукашэнкі, наконт выбараў, наконт будучай палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі”.

Спадар Чурыловіч паведаміў, што фінальная вэрсія праекту рэзалюцыі па Беларусі зьявіцца толькі ў сераду.
XS
SM
MD
LG