Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бацька Марыюша Машкевіча браў удзел у шэсьці на Курапаты


Радыё Свабода Бацька былога польскага амбасадара Марыюша Машкевіча Ежы Машкевіч, які сёньня абвясьціў галадоўку пратэсту ў Варшаве, неаднойчы наведваў Беларусь. Восеньню 2001 году на Дзень памяці продкаў – Дзяды ён разам з тысячамі беларусаў узяў удзел у жалобным шэсьці на Курапаты. Пра тое, што там здарылася зь Ежы Машкевічам, распавядзе нашая карэспандэнтка Ганна Соусь, якая тады рабіла рэпартаж з шэсьця і мітынгу ў Курапатах.

(Соусь: ) "Бацька Марыюша Машкевіча тагачаснага амбасадара Польшчы ў Беларусі прайшоў каля 10 кілямэтраў пешшу да Курапатаў, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій, у тым ліку тысячаў палякаў, чые парэшткі ляжаць ва ўрочышчы.

Сярод удзельнікаў шэсьця ніхто нават і не здагадваўся, хто гэты проста апрануты сівы пажылы чалавек. А калі скончыўся жалобны мітынг на пляцоўцы ля крыжа “Пакутнікам Беларусі”, людзі пачалі ўсталёўваць крыжы на ямах-магілах. І раптам праняслося: “Чалавеку стала дрэнна, мужчына згубіў прытомнасьць, трэба выклікаць “Хуткую дапамогу”. Тады яшчэ мала хто меў мабільныя тэлефоны, і я па сваім тэлефоне выклікала “хуткую дапамогу”, тады яшчэ, ня ведала, што для Ежы Машкевіча. Ён апрытомнеў і сядзеў на зямлі бледны, абапіраючыся на дрэва, а вакол былі ямы-магілы. Хтосьці даў яму нейкія таблеткі. Прыехала “Хуткая”...

І толькі празь некалькі дзён я даведалася, што мужчына, якому стала блага пасьля 10 кілямэтраў жалобнага шэсьця, быў бацькам польскага амбасадара Марыюша Машкевіча. Ня многія беларусы на Дзяды праходзяць той складаны шлях, які прайшоў Ежы Машкевіч. Я ня ведаю, што зьвязвае яго зь Беларусьсю, ці былі ў ягонай сям’і пацярпелыя ад сталінскіх рэпрэсій, дзе знаходзяцца іхныя магілы...

Магчыма, ягоны удзел у шэсьці на Курапаты быў проста знакам салідарнасьці з усімі ахвярамі таталітарызму, як, дарэчы, і сёлетні ўдзел ягонага сына Марыюша Машкевіча ў акцыі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску".

Гл.таксама • Варшава: бацька Марыюша Машкевіча пачаў галадоўку (фота)
XS
SM
MD
LG