Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць менчукі пра забарону на ўезд беларускіх чыноўнікаў у Эўразьвяз?


Радыё Свабода Эўразьвяз выступіў з прапановай скласьці сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краінаў эўрапейскай супольнасьці ў зьвязку з прэзыдэнцкімі выбарамі, якія Эўразьвяз прызнаў недэмакратычнымі. Гэтае пытаньне стане адной з тэмаў абмеркаваньня падчас візыту Аляксандра Мілінкевіча ў Страсбур. Адначасна, уладныя чыноўнікі ў Беларусі заяўляюць пра сваю недатычнасьць да парушэньняў Канстытуцыі краіны і выступаюць супраць магчымых санкцыяў. Чыю пазыцыю падзяляюць менчукі ў мінакоў на вуліцах гораду?

(Карэспандэнтка: ) “Чыю пазыцыю ў справе забароны на ўезд у краіны Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў вы падтрымліваец: эўрапейскай супольнасьці ці беларускіх уладаў?”

(Спадар: ) “Канечне, я лічу, што беларускія ў лады тут маюць рацыю, што сілай нічога ня можна навязаць. Зь іншага боку – падабаецца камусьці Мілінкевіч альбо не, але калі за ім 500-600 тысячаў насельніцтва, то ён, як мінімум павінны партфэль міністра атрымаць”.

(Спадарыня: ) “Насамрэч, я лічу, што чыноўнікі людзі паднявольныя. І калі яны служаць апарату ўлады, то яны ня могуць самастойна сказаць, што не, мы ня будзем рабіць так і гэтак. Я лічу, што гэткія санкцыі не апраўданыя”.

(Юнак: ) “Тое, што ў нас ня выязны парлямэнт, прэзыдэнт – гэта ні ў воднай краіне сьвету няма. Але ён сам заслужыў гэтага. Ягоныя паводзіны й адносіны зь іншымі краінамі гаворыць само за сябе”.

(Юначка: ) “Усё вельмі складана ў нашай палітыцы. Я лічу, што шмат людзей патрапіць пад гэтыя санкцыі, якія ні ў чым ня вінаватыя”.

(Спадар: ) “Пэўна, эўрапейскую. Бо які рашэньні судзьдзі выносілі – давалі самы максымум. Ужо на гэта можна абапірацца дый шмат што можна сказаць”.

(Юначка:) “Я падзяляю пазыцыю эўрапейскай супольнасьці, бо трэба мець пазыцыю і думаць што ты робіш”.

(Спадар: ) “Я, пэўна, на баку беларускіх чыноўнікаў. Бо я шмат кантактаваў і ведаю, што большасьць галасуе ўсё ж такі за цяперашняга прэзыдэнта”.

(Спадарыня: ) “Гэта вельмі складана разабрацца ў гэтай кухні. Але я за тое, каб ісьці на кампраміс і дамаўляцца. Вось такім шляхам”.

(Юначка: ) “Натуральна, што я падтрымліваю пазыцыю Мілінкевіча. Бо тое, што робяць беларускія чыноўнікі, гэта нешта несусьветнае. Зразумела, што яны выконваюць сваю працу, але ўсё-ткі трэба мець свой кодэкс. А калі ў іх свайго кодэксу няма, а ёсьць толькі дзяржаўны, то гэта дрэнна, бо трэба ж і пра этыку памятаць”.
XS
SM
MD
LG