Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч раскажа пра беларускую сытуацыю ў Страсбуры


Радыё Свабода Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч працягвае свой візыт у Эўропу. Сёньня ў Страсбуры ён плянуе ўзяць удзел у сэсіі Эўрапарлямэнту. Аляксандар Мілінкевіч плянуе абмяркаваць у Страсбуры пытаньні супрацоўніцтва Эўразьвязу і грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Напярэдадні ў Вене спадар Мілінкевіч сустрэўся з фэдэральным канцлерам Аўстрыі Вольфгангам Шлюсэлем, які цяпер старшынюе ў Радзе Эўразьвязу.

Аляксандар Мілінкевіч абмяркуе ў Страсбуры пытаньні супрацоўніцтва паміж Эўразьвязам і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, а таксама дапамогі палітзьняволеным і рэпрэсаваным. Таксама ён азнаёміць эўрапейскіх палітыкаў з сытуацыяй у краіне пасьля выбараў. Прэсавы сакратар спадара Мілінкевіча Павал Мажэйка:

(Мажэйка: ) “Па-першае, будзе пленарнае паседжаньне, у якім праўдападобна возьме ўдзел спадар Мілінкевіч, пасьля будзе камітэт міжнародных спраў, дзе ён будзе мець выступ. Потым сустрэчы ва ўсіх парлямэнцкіх фракцыях -- дэмакратаў, лібэралаў, сацыялістаў. А толькі ў чацьвер будзе прыняцьце рэзалюцыі”.

Аляксандар Мілінкевіч таксама плянуе выступіць перад сябрамі дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю. Паводле намесьніка кіраўніка дэлегацыі, латыскага дэпутата Алдзіса Кушкіса, на гэтым тыдні ў Страсбуры прааналізуюць апошнія падзеі ў Беларусі і пасьля могуць зьявіцца нейкія новыя ініцыятывы.

(Кушкіс: ) “Эўрапейскі парлямэнт – адна з тых інстытуцый, якая ўжо падрыхтавала сьпісы адносна пашырэньня забароны на ўезд беларускім службовым асобам, якія адказныя за парушэньне правоў чалавека і фальсыфікацыю вынікаў. Гэта сьпіс ня можа быць завершаным. Зь ім мы будзем працаваць. Кожны тыдзень дае новую інфармацыю”.

Эўрапарлямэнтар Кушкіс мяркуе, што гэты сьпіс ня варта абмяжоўваць нейкай канкрэтнай лічбай – ён павінен пашырацца. Паводле дэпутата ад Латвіі, пазыцыя Эўрапарлямэнту адрозьніваецца ад пазыцыі Эўракамісіі.

(Кушкіс: ) “Эўрапарлямэнт прапануе ў сувязі з тым, што гэты сьпіс вялікі і доўгі, напрыклад, такую матэматыку, якая можа быць намнога эфэктыўней, калі кожны арышт азначае адно дадатковае прозьвішча ў сьпіс забароны”.

Паводле спадара Кушкіса, другі напрамак – гэта сумесная праца з кангрэсам ЗША па асабістых рахунках і сродках Аляксандра Лукашэнкі, атрыманых ад гандлю зброяй. Размова вядзецца пра індэнтыфікацыю і замарожваньне знойдзеных актываў.

Спадар Кушкіс адзначыў, што Эўрапарлямэнт заўсёды падтрымліваў аб’яднаныя дэмсілы ў Беларусі. Прычым ён зважае на зьмену рыторыкі заходніх палітыкаў:

(Кушкіс: ) “Гаворка ідзе аб падтрымцы ня толькі недзяржаўных арганізацый і дэмакратычных сіл, але і канкрэтна ўпамінаецца слова “апазыцыя”. У дыпляматычным сэнсе – гэта вельмі вялікая зьмена: гаворыцца аб падтрымцы апазыцыі. Спадар Мілінкевіч заўсёды атрымліваў падтрымку. Мы ўпэўнены, што гэта праца павінна працягвацца”.
XS
SM
MD
LG