Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наколькі плённым можа быць эканамічнае супрацоўніцтва з Эўропай?


Радыё Свабода Сёньня ў Менску адкрываецца двухдзённая сустрэча дзелавых колаў Беларусі й Нямеччыны. Прадстаўнікі дзьвюх краінаў абмяркуюць пэрспэктывы эканамічнага супрацоўніцтва, якое на думку некаторых экспэртаў, мае складанасьці з-за палітычных разыходжаньняў Беларусі і Эўразьвязу

Як паведамілі Радыё Свабода ў амбасадзе Нямеччыны ў Беларусі, ініцыятарам сёньняшняй дзелавой сустрэчы выступіў нямецкі бок. Фэдэральнае міністэрства эканомікі й тэхналёгіяў вырашыла дапамагчы невялікім прадпрыемствам ва ўсталяваньні двухбаковых кантактаў. У мерапрыемстве возьмуць удзел каля чатырох дзясяткаў прадпрыемстваў і арганізацыяў. Разам з тым, як вынікае з тлумачэньня аднаго з арганізатараў сустрэчы Валянціна Літвінава, канкрэтнага эканамічнага плёну ад гэтай сустрэчы чакаць наўрад ці варта:

(Літвінаў: ) “Гэта першыя кантакты, праекты, якія могуць быць рэалізаваныя праз даволі працяглы час. Нейкіх гаспадарчых дамоваў на такога роду кантактных мерапрыемствах, як правіла, не заключаецца. Таму што гэта першыя кантакты незнаёмых людзей”.

Паводле назіральнікаў, разьвіцьцё эканамічных стасункаў Беларусі зь Нямеччынай, а таксама іншымі краінамі Эўразьвязу стрымліваецца з-за палітычных разыходжаньняў афіцыйнага Менску й захаду. Атачэньне Аляксандра Лукашэнкі насьцярожана ставяцца да кантактаў іншаземцаў, у тым ліку бізнэсоўцаў, з беларускімі грамадзянамі. У сваю чаргу, эканамічная палітыка аб’яднанай Эўропы ў дачыненьні да Беларусі, у параўнаньні зь іншымі краінамі, вызначаецца пасіўным характарам. Так, экспэрты лічаць, што абмежаваны выгляд для Беларусі мае Праграма ТАСІС, празь якую Эўразьвяз аказвае дапамогу краінам СНД. Днямі з’явілася інфармацыя, што ТАСІС наагул згортвае супрацоўніцтва зь Беларусьсю паводле палітычных матываў. Вось як пракамэнтаваў гэта кіраўнік каардынацыйнага бюро Праграмы ў Беларусі Леанід Арлоў:

(Арлоў: ) “Такая інфармацыя мной не пацьвярджаецца. Ніякіх афіцыйных паведамленьняў мы не атрымлівалі, што ТАСІС будзе згортвацца. Усе праграмы выконваюцца ў поўным аб’ёме, якія былі загадзя ўзгоднены”.

Паводле спадара Арлова, супрацоўніцтва па праграме ТАСІС нясе выгаду абодвум бакам – і Беларусі, і Эўразьвязу. Такой жа думкі прытрымліваюцца і незалежныя экспэрты. Таму чакаць ад Эўразьвязу ўвядзеньня ім эканамічных санкцый у дачыненьні да Беларусі наўрад ці мэтазгодна. Гаворыць кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка:

(Заіка: ) “Мне даводзілася апошні раз у Брусэлі, менавіта ў кабінэтах Эўразьвязу, на гэтую тэму гаварыць. Эканамічныя санкцыі не прызнаюцца ў якасьці меры Эўразьвязу”.

Паводле спадара Заікі, у Эўразьвязе лічаць эканамічныя санкцыі неэфэктыўнай мерай, паколькі яны нэгатыўна адаб’юцца не на чыноўніках, а найперш на шараговых грамадзянах Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG