Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Уладзімер Шадэнка: “Ня тыя мы людзі, каб баяцца ісьці пад дубінкі...” (новыя фота)


Радыё Свабода Мы працягваем расказваць пра тых прыхільнікаў пераменаў, якія за ўдзел у мірнай дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка былі жорстка зьбітыя і пакалечаныя.

Вясковец з Віцебшчыны Ўладзімер Шадэнка стаў вядомы ў Беларусі й па-за межамі краіны пасьля менскіх падзеяў 25-га сакавіка: зьбіты амонаўцамі і спэцназам, ён ляжаў беспрытомны перад аб”ектывамі фота- і кінакамэраў. Увечары гэтыя кадры пабачыла хіба ці не паўсьвету...

Калі па беларускім тэлебачаньні сказалі, што ў Менску пацярпеў толькі адзін дэманстрант, абураны Ўладзімер Шадэнка, які трапіў у 4-ы клінічны шпіталь з прынамсі яшчэ трыма пацярпелымі, патэлефанаваў у рэдакцыю газэты “Наша Ніва”. Інтэрвію са зьбітым удзельнікам дэманстрацыі рабіў журналіст Аркадзь Шанскі.

(Шанскі:) “Да нас затэлефанаваў падпісчык, сказаў, што хоча аднавіць справядлівасьць: ён быў моцна зьбіты 25-га сакавіка, аднак ні ў воднай справаздачы не было ягонага прозьвішча. Мяне вельмі ўразіла тое, што гэты 65-гадовы чалавек – колішні малалетні вязень Асьвенцыма, у нашыя дні фактычна стаў ахвярай сёньняшняга рэжыму”.



У часе інтэрвію высьветлілася, што Ўладзімера Шадэнку прывезьлі ў шпіталь з адкрытай траўмай галавы, аднак роўна праз тры гадзіны выставілі адтуль, наклаўшы павязку і выдаўшы даведку: “быў у стане алькагольнага ап”яненьня”...

Між тым, Уладзімер Шадэнка праехаў за рулём уласнае машыны амаль 300 км да Менску . Таго самага дня ён зьбіраўся вяртацца дадому. Для Радыё Свабода спадар Шадэнка наноў узгадаў усё, што зь ім тады адбылося – з самага пачатку, калі ён трапіў на мітынг у Купалаўскім сквэры.

(Шадэнка:) “Усё гамоняць, гамоняць. Колькі ж можна! Ну, думаю, дарма прыехаў! А калі сказалі, што пойдзем на Акрэсьціна, на знак салідарнасьці з затрыманымі, дык я й пасунуўся з усёй кампаніяй. І ішлі ж акуратна, па ходніках, на чырвонае сьвятло спыняліся, нікога не чапалі, наадварот, крычалі “Міліцыя з народам!” А тут на табе: з дубінамі на такую мірную дэманстрацыю! Пачалі са мной тузацца – крутыя “паўлючэнкаўцы” зь дзедам бяззбройным! Ды яшчэ лупанулі ззаду, а потым, як чалавек упаў, яшчэ лупілі. Вакол загаласілі: “Забіваюць! Забіваюць”! Больш нічога ня памятаю...”

Гледзячы разгон дэманстрацыі па тэлевізары, даўняга знаёмца Шадэнку пазнаў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, рэдактар і выдавец незалежнай газэты “Выбар”.

(Хамайда:) “Гэта было пасьля прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2001-га году. Ён падышоў да мяне й пытаецца: “Ці выходзіць “Выбар”?” Адказваю: “Не. Няма зараз грошай на газэту” . А ён кажа: “Рыхтуй газэту. Я дам грошы.” І даваў некалькі разоў. У мяне склалася аб ім такое ўражаньне, што ён, калі трэба, можа за Беларусь і жыцьцё аддаць.”

Выхаванец гарадзенскага дзіцячага дому, Уладзімер Шадэнка аб”езьдзіў калісьці увесь Савецкі Саюз: працаваў у Расеі і на Ўкраіне, зарабляў “вялікія грошы” ў Якуціі ды Магадане, але 15 год таму вярнуўся ў Беларусь.

(Шадэнка:) “Ня тая там культура, ня той народ Я ж беларус, і мяне заўсёды абражае, калі мяне завуць “малодшым братам”, зьневажаюць гісторыю, культуру. Я тады заўжды ўступаю ў спрэчкі, прыводжу доказы”.

Тая самая рашучасьць, кажа Ўладзімер Шадэнка, прывяла яго і ў першыя шэрагі дэманстрантаў.

(Шадэнка:) “Ай, колькі ляманту: “Застрашылі ўсіх!” І Ню-Ёрк піша, і Эўропа. Ты ж пра частку пішы, а не пра ўсіх! Мяне ніхто не застрашыў, і я не баюся. Я ж і тым паказаў, якія ішлі ды ў шчыты грукалі, што ня тыя тут людзі сабраліся, ня тыя!”

На здымку: сьляды крыві засталіся на шапцы.

Разважаючы пра тое, чаму яго не перасьледвала міліцыя са спэцслужбамі, а ў шпіталі не пазначылі, што ён зьбіты дэманстрант, Уладзімер Шадэнка прыйшоў да простае высновы: дзяржаве сорамна паказаць той факт, што ад амонаўскіх дубінак пацярпеў не “адмарозак”, як кажуць па тэлебачаньні, а вязень фашызму і пенсыянэр. Паводле беларускіх СМІ, такіх людзей у Беларусі берагуць і шануюць... Але дакумэнтальныя здымкі, дзе ён ляжыць з прыбітай галавой пад нагамі амонаўцаў, бачылі ці не ва ўсім сьвеце.
XS
SM
MD
LG