Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Хведар Ільяшэвіч


Уладзімер Арлоў, Менск 17.3.1910, Вільня – 6.11.1948, ваколіцы Ватэнштэту, Нямеччына Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Радзіма Хведара Ільяшэвіча – Вільня. Месца ягонага духоўнага ўзгадаваньня – Віленская беларуская гімназія, дзе будучы паэт вучыўся разам з Натальляй Арсеньневай у Максіма Гарэцкага, Аркадзя Смоліча, Сымона Рака-Міхайлоўскага. Яго магістарская дысэртацыя, напісаная на гістарычным факультэце Віленскай alma mater, прысьвячалася славутай друкарні Мамонічаў. Паміж гімназіяй і ўнівэрсытэтам Хведар пасьпеў за сваю дзейнасьць у Беларускай сялянска-работніцкай грамадзе пасядзець у Лукіскай турме, дзе, на добры лад, можна было б некалі стварыць музэй беларускага руху 1920-30-х гадоў.

У гады ІІ сусьветнай вайны Ільяшэвіч увайшоў у кіраўніцтва Беларускай незалежніцкай партыі. Ён ачольваў Беларускае згуртаваньне на Беласточчыне: ладзіў нашае школьніцтва, рэдагаваў газэту “Новая дарога”, па якую сяляне з навакольных вёсак прыяжджалі на конях проста да рэдакцыі.

Апынуўшыся ў ангельскай зоне акупацыі Нямеччыны, ён стаў адным з арганізатараў жыцьця ў беларускім лягеры перамешчаных асобаў у Ватэнштэце. Там дзейнічалі свая царква, невялікае выдавецтва, мэдычны цэнтар, скаўтынг, гімназія імя Максіма Багдановіча, дзе Ільяшэвіч выкладаў беларускую мову й літаратуру.

У зорнай кампаніі з Натальляй Арсеньневай, Алесем Салаўём, Юркам Віцьбічам, Масеем Сяднёвым ён належаў да літаратурнага згуртаваньня “Шыпшына”, якое імкнулася працягваць традыцыі колішняга легендарнага “Ўзвышша”.

Аднак усе пляны перакрэсьліла трагічная сьмерць на 38-м годзе жыцьця ў аўтакатастрофе. За некалькі месяцаў да гэтага ў СССР выехала закаханая ў Хведара паэтка Вольга Таполя, якая адразу была засуджаная на 15 гадоў лягераў.

На пісьмовым стале паэта знайшлі рукапіс яго новай кнігі “Нязжатая радасьць”...
XS
SM
MD
LG