Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч у Вене: “Саюзная дзяржава з Расеяй – гэта аншлюс”


Валер Каліноўскі, Менск Лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня завяршае свой візыт у Вену, заўтра ён накіруецца ў Страсбур, на паседжаньне Эўрапарляманту, які між іншага будзе разглядаць пытаньне рэакцыі на беларускія выбары. У інтэрвію нашаму радыё Аляксандар Мілінкевіч падсумаваў вынікі сваіх перамоваў з кіраўніцтвам Аўстрыі і Эўразьвязу, аўстрыйскімі паліткамі, аналітыкамі, дыпляматамі, акрэдытаванымі ў Вене.

Аляксандар Мілінкевіч кажа, што канцлер Аўстрыі Вольфганг Шусэль, які цяпер адначасова зьяўляецца старшынёй Рады Эўразьвязу, спадабаўся яму як палітык і як асоба:

(Мілінкевіч: ) “Ён вельмі канкрэтны, вельмі адкрыты, зь ім лёгка, такое ўражаньне, што мы даўно ведаем адзін другога. І паколькі ён сёньня кіруе Эўразьвязам, то ён болей гаварыў ад імя Эўропы, а не Аўстрыі. Мы гаварылі аб тым, што канкрэтна могуць зрабіць эўрапейцы сёньня, заўтра і на працягу гадоў, што нас чакаюць. Мне падабаецца, што ў адрозьненьне ад 2001 года, калі было расчараваньне і ўнутры краіны, і ў нашых партнэраў у Эўропе, зараз гэтага няма”.

Дэмакратычная Беларусь, дзякуючы пратэстам узьняла свой рэйтынг у Эўропе, і там цяпер разумеюць, што ёсьць з кім супрацоўнічаць у Беларусі.

Вольфганг Шусэль цікавіўся між іншым думкай спадара Мілінкевіча наконт магчымых санкцыяў Эўразьвязу адносна беларускіх чыноўнікаў, што фальшавалі выбары і чынілі рэпрэсіі. Спадар Мілінкевіч выказаў сваю пазыцыю:

(Мілінкевіч: ) “Я ім кажу, што калі вы пакараеце 10–20–30 асоб, – гэта мала, таму што вельмі шмат людзей парушала законы, гэта і тыя людзі, што падпісвалі сфальшаваныя пратаколы, гэта судзьдзі, якія судзілі паводле палітычных матываў, гэта рэктары, якія адлічваюць студэнтаў, журналісты, якія ажыцьцяўлялі прапагандысцкія функцыі, і хлусілі– хлусілі–хлусілі... Я кажу, што варта гэтых людзей абмежаваць. Ну, яны як бы не гатовыя да такіх вялікіх санкцыяў, але я лічу, што санкцыі выконваюць ролю выхавацеля”.

Аляксандар Мілінкевіч выказваўся супраць эканамічных санкцыяў Эўразьвязу адносна Беларусі, бо гэта можа нашкодзіць простым людзям. Акрамя сустрэчы канцлерам і з кіраўніком аўстрыйскага парлямэнту Аляксандар Мілінкевіч выступіў перад амбасадарамі краінаў Эўразьвязу. Ад іх было шмат пытаньняў, зь якіх вынікала, што яны добра ведаюць сытуацыю Беларусі і разумеюць, што дэмакратызацыі Беларусі – гэта доўгатрывалы працэс. Сёньня ж Аляксандар Мілінкевіч выступіў з лекцыяй у Палітычнай акадэміі ў Вене. Палітыкі і аналітыкі шмат увагі надзялялі адносінам Беларусі з Расеяй.

(Мілінкевіч: ) “Мы вельмі шчыра гаварылі, што можна захаваць з сёньняшніх адносінаў, а што – не, што мы не бачым пэрспэктываў у пабудове супольнай дзяржавы, што на Беларусі толькі 6 адсоткаў грамадзян за тое, каб зьнікла свая краіна, а ўвогуле беларусы за сваю самастойную дзяржаву. І што ў Маскве гэта вельмі цяжка ўспрымаецца многімі палітыкамі. Яшчэ я казаў, што калі нават сёньня адбудзецца пабудова так званай саюзнай дзяржавы, то з майго пункту гледжаньня, гэта проста аншлюс, і ў Аўстрыі гэтае слова выдатна разумеюць” .

Аляксандар Мілінкевіч таксама правёў сустрэчы з прадстаўнікамі Аўстрыйскай народнай партыі, пад час якіх былі абмеркаваныя магчымасьці яе супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі партыямі і іх сяброўства ў эўрапейскіх партыйных саюзах.

********************************************* Фэдэральны канцлер Аўстрыі і цяперашні старшыня Рады ЭЗ Вольфганг Шусэль заявіў сёньня пра свой намер падтрымліваць інтарэсы беларускага дэмакратычнага руху як на эўрапейскім узроўні, так і ў межах Эўрапейскай народнай партыі, сябрам якой ён з’яўляецца. Заява была зробленая пасьля сустрэчы зь лідэрам беларускай апазыцыі Аляксандрам Мілінкевічам, які прыбыў у Вену на запрашэньня кіраўніцтва Аўстрыі.

Як перадае аўстрыйская інфармацыйная агенцыя АРА са спасылкай на прэсавага сакратара Вольфганга Шусэля, Вена адназначна ацэньвае выбары ў Беларусі і гатовая зрабіць канкрэтныя крокі да супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасьцю, у тым ліку яна мае намер далучыцца да краінаў “Вышэградзкай чацьвёркі”-Польшчы, Чэхіі, Славаччыны і Вугоршчыны -- ў справе стварэньня фундацыі, сродкі якой пойдуць на дапамогу тым апазыцыйным беларускім студэнтам, якія ня могуць далей вучыцца ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG