Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікет у Екацерынбургу за вызваленьне расейскіх актывістаў з беларускіх турмаў


Міхал Стэльмак, Менск У Екацерынбургу сёньня прайшла акцыя супраць арышту і турэмнага зьняволеньня ў Беларусі актывістаў расейскага моладзевага руху “Абарона” Алега Казлоўскага і Эдуарда Глезіна. Іхныя паплечнікі выказалі пратэст ля будынку мясцовага аддзяленьня амбасады Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі.

Як паведамілі Радыё Свабода ўдзельнікі акцыі, сёньня ўвечары яны прыйшлі да будынка беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва з плякатамі і вялікай расьцяжкай: “Вызваліць расейцаў!”. У іх ліку – екацярынбурская актывістка “Абароны” 19-гадовая Вольга Ўласава, якая так патлумачыла ініцыятыву расейскай моладзі:

(Уласава: ) “Гэта пікет у падтрымку актывістаў “Абароны” і расейскіх карэспандэнтаў, якія былі на менскім “майдане” у ноч з 23 на 24 сакавіка. Іх забралі разам з усімі беларускімі апазыцыянэрамі і дагэтуль не адпускаюць. Мы напісалі афіцыйны зварот да амбасадара Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі”.

Паводле спадарыні Ўласавай, у гэтым дакумэнце ўдзельнікі акцыі запатрабавалі даць праўдзівую інфармацыю пра расейскіх грамадзянаў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. У звароце да амбасадара гаворыцца таксама пра неадкладнае вызваленьне расейцаў і іх вяртаньне на радзіму.

Нагадаю, расейская моладзевая арганізацыя “Абарона” выступае ў абарону грамадзянскіх правоў, свабод і незалежнасьці сродкаў масавай інфармацыі. Вольга Уласава, якая вучыцца ў адной з вышэйшых навучальных установаў Екацерынбургу, добра ведае, што адбывалася падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі:

(Уласава: ) “Я таксама была ў Беларусі на выбарах. Мы прыяжджалі туды як назіральнікі, як карэспандэнты. Беларусь уваходзіць у саюзную дзяржаву і нам цікава, што там адбываецца. Таму што рэжым у Расеі, на наш погляд, таксама мае тэндэнцыю “дакаціцца” да таго, што адбываецца зараз у Беларусі”.

Паводле Вольгі, яна шмат часу правяла на Кастрычніцкай плошчы ў Менску побач зь беларускай моладзьдзю. Аднак у апошні дзень екацярынбурская студэнтка захварэла, што й уратавала яе ад арышту.
XS
SM
MD
LG