Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пералік аўтамабіляў з танаванымі шыбамі вызначыць асабіста Лукашэнка


Ігар Карней, Менск Праз тры месяцы пасьля таго, як пачалі дзейнічаць новыя Правілы дарожнага руху, ад 1 красавіка набыў моц асобны пункт аб забароне на эксплюатацыю транспартных сродкаў з танаваным шклом. Закладнікамі новых патрабаваньняў сталі, перадусім, уладальнікі аўтамабіляў, якія ўжо з канвэеру сыходзяць з зацемненымі шыбамі. Сёньня на пляцоўцы ля гіпэрмаркету “Bigz” у менскім мікрараёне “Зялёны луг” сабралася блізу двух сотняў аўтакіроўцаў – яны пратэставалі супраць палажэньня, якое паставіла іх транспарт па-за законам.

Каля двух сотняў аўтакіроўцаў на сваіх машынах сабраліся на пляцоўцы ля гіпэрмаркету “Bigz”. Аўтааматары лічаць захады аўтараў новых Правілаў дарожнага руху ў пункце забароны на танаваньне шыбаў нелягічнымі: яны грунтуюцца на састарэлым дзяржаўным стандарце 1988 году, тады як вялікая колькасьць аўтамабіляў, перадусім, амэрыканскай вытворчасьці, сыходзяць з канвэеру ўжо з танаваным шклом. Адзін з арганізатараў акцыі Артур Алтунін, між тым, лічыць, што дамагчыся перагляду пункту аб танаваньні яшчэ рэальна.

(Алтунін: ) “Таму што ўказ яшчэ на подпісе ў Лукашэнкі, але яшчэ не падпісаны. І на гэта мы рэальна спадзяемся – салідарных у гэтым меркаваньні кіроўцаў сёньня сабралася, канешне, ня тысяча, але вельмі шмат. І яшчэ падцягваюцца – пераважна, “амэрыканцы”. Але каб сумневу ў адэкватнасьці нашых патрабаваньняў не было, мы сабраліся, каб яшчэ раз выказаць нязгоду з новымі патрабаваньнямі. Дарэчы, я надаўна размаўляў з начальнікам ДАІ Цэнтральнага раёну, дык той пацьвердзіў: ад заўтрашняга дня будуць санкцыі, але “амэрыканцаў” пры гэтым быццам чапаць ня будуць. Гэта і нашая перамога, і ініцыятыва даішнікаў, бо яны самі толкам ня ведаюць, што будзе далей”.

Дзяржаўныя інфармацыйныя агенцтвы сёньня паведамілі, што санкцыі за танаваньне будуць ужывацца толькі пасьля зацьверджаньня пераліку асобаў, якія маюць права езьдзіць машынамі з зацемненымі шыбамі. Маўляў, пакуль што ДАІ вядзе адукацыйную працу сярод кіроўцаў, аднак не штрафуе іх. Прадстаўніца Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі Ганна Галдыцкая катэгарычна абвяргае такія паведамленьні.

(Галдыцкая: ) “Не, гэта ня праўда”.

(Карэспандэнт: ) “Штрафы ўжо выпісваюць, так?”.

(Галдыцкая: ) “Так, штрафы ад 0,2 да 2 базавых велічынь – да 62 тысяч рублёў. Гэта артыкул 112, частка 2”.

Што да спэцтранспарту, то, паводле Ганны Галдыцкай, такога пераліку не існуе і зьявіцца ён можа толькі адпаведным указам прэзыдэнта – які, зрэшты, ініцыяваў рэвізію Правілаў дарожнага руху. Дарэчы, папярэдняя рэдакцыя праіснавала толькі крыху больш за два гады.

(Галдыцкая: ) “Паводле дзейнага заканадаўства, такога спэцтранспарту на сёньняшні дзень няма. Іншымі словамі, гэтае патрабаваньне дзейнічае для ўсіх без выключэньня транспартных сродкаў. Адзінае, што ў правілах ёсьць такая папраўка: “…калі іншае ня вызначанае прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь”. І калі штосьці цягам бліжэйшага часу зьявіцца, то толькі зь ведама кіраўніка краіны. Але на сёньняшні дзень, паводле дзейнага заканадаўства, усе падпадаюць пад гэты пункт правілаў”.

Цяпер жа ўладальнікі “забароненых” да эксплюатацыі аўтамабіляў трапляюць у зачараванае кола: па-першае, шэраг машынаў ужо з заводу сыходзяць з танаванымі шыбамі. Па-другое, прадаць такія праблемныя аўтамабілі ў Беларусі фактычна немагчыма.

У бальшыні краінаў Эўропы дзейнічаюць правілы Эўрапэйскай Эканамічнай Камісіі ААН №43, якія ўзятыя за дзяржаўны стандарт. Да гэтага пагадненьня ў сьнежні 1994 году прэзыдэнцкім указам далучылася і Беларусь. У калектыўным лісьце да Аляксандра Лукашэнкі аўтакіроўцы з гэтай нагоды пішуць: “Як можна адначасна далучацца да міжнародных правілаў і нібыта на законных падставах іх жа парушаць? Краіны-сябры ААН прымаюць свае ўнутраныя стандарты на падставе гэтых правілаў, якія прадугледжваюць нормы сьветапрапусканьня: 75% – для ветравога шкла, 70% – для пярэдніх шыбаў. Сьветапрапусканьне астатніх не нармуецца. Ні ў адной краіне Эўропы няма адхіленьняў ад правілаў Эканамічнай Камісіі ў бок дадатковых, больш жорсткіх нормаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG