Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Малады фронт” зьвяртаецца да прэзыдэнтаў і ўрадаў


Іна Студзінская, Менск У панядзелак сябры незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” аднесьлі ў амбасады некаторых замежных дзяржаваў зварот маладых актывістаў дэмакратычнага руху да прэзыдэнтаў і ўрадаў.

У звароце, у прыватнасьці, гаворыцца: “Мы, прадстаўнікі беларускай моладзі, якая, нягледзячы на рэпрэсіі, здолела арганізаваць хвалю акцыяў у справе непрызнаньня беларускіх псэўдавыбараў, заяўляем: “Міжнародная падтрымка актывістаў дэмакратычнага руху – гэта адзінае, што можа гарантаваць нам права на ўласную пазыцыю і надзею на вызваленьне Бацькаўшчыны”. Ініцыятыва зьвярнуцца да амбасадаў належыць актывістам “Маладога фронту” Зьмітру Дашкевічу (ён яшчэ знаходзіцца за кратамі), Барысу Гарэцкаму, Алегу Корбану, якія ўжо адседзелі, ды іншым. Зварот у амбасады разносілі дзяўчаты. Гаворыць Тоня Вежнявец.

(Вежнявец: ) “Мы нясем зварот да амбасадаў эўрапэйскіх краінаў, ЗША і Украіны, каб выказаць супраціў ад імя палітзьняволеных, якіх незаконна асудзілі. Наша Бацькаўшчына можа быць вольнай толькі пры дапамозе дэмакратычных эўрапэйскіх ды іншых рухаў, і мы шукаем у іх падтрымкі”.

Пра тое, як адрэагавалі прадстаўнікі амбасадаў на зварот, расказвае Наста Палажанка.

(Палажанка:) “Першая наша амбасада была польская, потым нямецкая, украінская і ЗША. У астатнія амбасады дэмакратычных краінаў мы дашлем факсы. Нас амбасадары прынялі, мы ўручылі ім зварот. Растлумачылі, што гэта напісалі палітзьняволеныя, ім патрэбна міжнародная падтрымка. Распавяла, што такое “Малады фронт”. Яны, па-мойму, былі рады, такая ветлівая была абстаноўка”.

На мінулым тыдні на чатырох “маладафронтаўцаў” – Зьмітра Дашкевіча, Сяргея Лісічонка, Алега Корбана і Барыса Гарэцкага Ўпраўленьнем па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам КДБ заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 193 – дзеяньні ад імя незарэгістраванай арганізацыі. На допыты ў КДБ зараз выклікаюць актывістаў “Маладога фронту” у рэгіёнах.
XS
SM
MD
LG