Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На волю выйшлі яшчэ каля двухсот чалавек (фота)<b/>


Любоў Лунёва, Менск З ізалятараў Менску і Менскай вобласьці выйшлі каля дзьвюх сотняў палітвязьняў. Іх затрымалі ноччу з 23 на 24 сакавіка падчас ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы й арыштавалі на 10 сутак. Каля тысячы чалавек сустракалі ноччу палітвязьняў ля брамаў ізалятараў воклічамі “Слава героям!”

У Менску ля брамы турмы на Акрэсьціна сабраліся больш за пяцьсот чалавек. Людзі запалілі сьвечкі й паставілі іх уздоўж дарогі. Кожнага, хто выходзіў на ганак, людзі віталі воклічамі “Слава героям!”, “Жыве Беларусь!”. Некалькі чалавек замацавалі на агароджы насупраць турмы расьцяжку “Разам!”.

(Бялевіч:) “Нас было ў камэры спачатку 10, потым 6, а цяпер засталося трое. Тут абыходзіліся добра, а вось спэцназ… Зьбівалі. Зьдзекваліся на Акрэсьціна і на месцы, калі нас бралі… У аўтобусы закідвалі, нагамі “дапамагалі”. Але -- калі б я сядзеў дома, то яшчэ горш бы сябе адчуваў.”

Адначасова каля ізалятару Менскага раёну блізу двухсот чалавек сустрэлі дзесяць дзяўчат, што выйшлі на волю. Ім падарылі кветкі й разьвезьлі машынамі па дамах.

Каля ізалятару часовага ўтрыманьня ў Жодзіне больш за чатыры сотні чалавек сустракалі 84 палітвязьняў, якія адбылі 10 сутак арышту. Усіх сустракалі воплескамі. Сярод тых, хто выйшаў на волю, былі людзі, якія трымалі галадоўку на знак пратэсту супраць дзеяньняў уладаў.

Максім Буйніцкі з Бабруйску быў адзіны, хто некалькі дзён трымаў сухую галадоўку.

(Буйніцкі: ) “Мы абвясьцілі галадоўку ад моманту затрыманьня. Ас адмыслова зьмясьцілі ў адной камэры. Мы сядзелі спачатку ўсямёх, а потым упяцёх. Два чалавекі галадалі асобна ад нас. У судовай залі 27-га я абвясьціў сухую галадоўку. Пратрымаўся два дні, а потым зрабілася кепска і я перайшоў на простую галадоўку. Ну, і вытрымаў яе. Вельмі прыемна адчуваць падтрымку. Гэта надае сілаў для новай барацьбы.”

Стас Пачобут з Горадні з 1994 году ўдзельнічае ў апазыцыйных акцыях і не аднойчы за гэта адбываў арышты. Упершыню ён трапіў у Жодзінскі ізалятар і змог параўнаць умовы ўтрыманьня ў розных турмах.

Людзей сустракалі сем’ямі. Маці студэнта Мікіты Баталава сказала, што ганарыцца ўчынкам свайго сына.

(Баталава:) “Калі ў чацьвер у яго замаўчаў мабільны, а потым па тэлебачаньню мы ўбачылі, што лягер разбураны. Мы зразумелі, што наш сын там. Гэта быў такі жах. Ня ведалі, дзе яго шукаць… Мы самі з Жодзіна і сталі шукаць яго тут. Можна кнігу пісаць пра тое, як мы яго шукалі па ўсіх судах. Людзі сталі спачуваць, суседзі, на працы. А я ўсім кажу, што не плачу, а ганаруся сваім сынам.”

Журналіст Вадзім Казначэеў быў прыемна зьдзіўлены, калі ўбачыў столькі народу і сваіх калегаў у такі час.

(Казначэеў: ) “Абыходзіліся досыць карэктна. Але, турма ёсьць турмой, канешне.”

(Карэспандэнтка:) “Вы першы раз трапілі?”

(Казначэеў:) “Першы, першы! Спадзяюся, што апошні, шчыра кажучы. За тое я паглядзеў унутры гэтую сыстэму пэнітэнцыярную. Я тут крыху папрацаваў. Час прайшоў нармалёва.”

За кратамі ізалятараў застаюцца людзі, якіх арыштавалі на 15 сутак падчас ліквідацыі намётавага лягера. Сярод іх грамадзяне Польшчы, Расеі, Украіны і Канады. Яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек адбываюць арышты за ўдзел у шэсьці 25 сакавіка.



На здымках: Выходзяць на волю вязьні з Жодзінскага ізалятару часовага ўтрыманьня
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG