Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Спадар Мілінкевіч, вылазьце з замежжа!"


Радыё Свабода Званок на Свабоду. 1 красавіка, субота

(Спадарыня: ) “Я — мама непаўнагадовага хлопчыка Віктара, які аказаўся на Акрэсьціна. Я думаю, што нам, дарослым беларусам, мусіць быць сорамна, што ня мы выйшлі абараняць свае правы й чалавечую годнасьць, а нашы дзеці. Яны падставілі свае, яшчэ кволыя, плечы, каб абараніць нашу свабоду. Можа, мы, дарослыя грамадзяне, нарэшце ўжо задумаемся над тым, што з намі робіцца. Дзякуй!”

(Спадар: ) “26-га красавіка 1986 году ў 1 гадзіну 23 хвіліны 44 сэкунды — паравы выбух. У выніку — была ссунута вэнтыляцыйная накрыўка рэактару ЧАЭС. Празь дзьве-тры сэкунды — наступны выбух: з пашкоджанай зоны былі выкінуты радыянукліды... Пацярпелі каля двух мільёнаў чалавек зь Беларусі. Лукашэнка пазбавіў ліквідатараў ільгот. Расея і Ўкраіна ня толькі не пазбавілі, але павялічылі сваім ліквідатарам льготы. У гэтым годзе спаўняецца дваццаць гадоў з часу выбуху на ЧАЭС. Як апазыцыя будзе адзначаць гэту жалобную дату? (Алесь Жэлонь, ліквідатар, пацярпелы перасяленец, Нароўля.)

(Спадар: ) “У мяне пытаньне, на якое я не магу знайсьці адказу. Усе людзі — браты. Ніхто гэтага адмаўляць ня будзе. За часамі савецкай улады беларусаў савецкія правадыры вывозілі сотнямі тысяч у Расею, у Сыбір. А на іхныя месцы прыяжджалі расейцы. Кіроўныя пасады займаюць расейцы, якія бароняць інтарэсы Расеі на згубу Беларусі, ейнае мовы, ейнае дзяржаўнасьці й незалежнасьці. На Беларусі ўлады праводзяць антыбеларускую палітыку. Расейцы на беларускай зямлі праводзяць разбуральную палітыку. І гэта праца доўжыцца дзьвесьце гадоў. Чаму мы павінны пра гэта маўчаць? Гэта не браты”.

(Спадар: ) “Апошнім часам уважліва слухаю тэлефанаваньні на Радыё Свабода. І вось якія атрымаў уражаньні: у прыхільнікаў Лукашэнкі выказваньні катэгарычныя, абразьлівыя, гавораць на адной мове з прэзыдэнтам — трасянкава-рускай (толькі адно тэлефанаваньне чуў па-беларуску). У супраціўнікаў улады выказваньні памяркоўныя, часта — са скаргамі, гавораць на дзьвюх мовах — беларускай, трасянкава-рускай. Былі тэлефанаваньні, як мне падалося, і на добрай рускай мове. У апазыцыі ўнутры закладзена расколіна з моўнай прыкметы. Калі прыгадаць Хрыста: “Не ўстаіць царства, падзеленае ўсярэдзіне сябе”. Ніхто ня ўзьняў пытаньня пра вынішчэньне беларускай мовы, культуры, а фактычна — этнацыду беларусаў. (Менск, пэнсіянэр Канстанцінавіч).

(Спадар: ) “Добры дзень, паважанае Радыё Свабода! Праз Радыё Свабода хачу зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча. Паважаны Аляксандар Васілевіч, давайце глядзець праўдзе ў вочы: Вы, нікому не вядомы палітык, сталі лідэрам дэмакратычнай апазыцыі толькі таму, што больш вядомыя палітыкі — такія, як Лябедзька й Вячорка, на сёньняшні момант сярод беларускага народу рэйтынг маюць, роўны нулю. А гэтак адбылося таму, што цягам усяе свае пятнаццацігадовае палітычнае дзейнасьці яны не з народам былі, а езьдзілі па замежжах — на розныя раўты, саміты. Выпрошвалі грошы, выслухоўвалі парады й павучаньні, як працаваць у Беларусі. Прашу вас: калі вы хочаце мець хоць які посьпех у будучыні (нават на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца празь пяць гадоў — а пяць гадоў пройдуць хутка), дык перастаньце езьдзіць па замежжах. Як будзе вольны час, — лепей дадатковы раз зьезьдзіце ў Чарнобыльскую зону альбо ў якую яшчэ беларускую глыбінку. Але Вы ўжо цяпер пачалі паўтараць іхныя памылкі. Вылазьце з замежжа! Дзякуй!”

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, Радыё Свабода! Я хачу прапанову ўнесьці. Чаму наша апазыцыя не арганізуе мітынгаў каля амбасадаў замежных краін? Вы ж паглядзіце: моладзь там зьбіраецца кожны дзень — тая моладзь, што стаіць за бацьку Лукашэнку. Дык чаму яны — моладзь, а тыя, што былі на Кастрычніцкай плошчы, — адмарозкі? Ніяк не магу зразумець гэткіх адносін — да адных і да другіх. Гэта — па-першае. Па-другое, мне цікава: ці будуць адлічаны з вучобы й звольнены з працы тыя, хто стаіць ля амбасадаў — зь ліку студэнтаў і працаўнікоў, якія сыходзяць з працоўных месцаў. Ці ім усё будзе даравана? Толькі тых, што на Кастрычніцкай плошчы выступалі, пазабіралі, арыштавалі, трымалі на Акрэсьціна ды яшчэ штрафамі паабкладалі. І па-трэцяе: вас зусім не чуваць. Я амаль цэлы тыдзень ня ведаю, што робіцца ў нас у Беларусі”.

(Спадарыня: ) “Я хачу сказаць, што трэба забараніць выезд за мяжу — на вучобу, па справах бізнэсу — дзецям Сухарэнкі, Ярмошынай, Лазавіка — усіх лукашыстаў. Ужо такое тэлефанаваньне па “Свабодзе” гучала — я чула. Таму што цяпер яны адмахваюцца: маўляў, вось напалохалі нас, што нешта нам забароняць! А калі дзецям выезд забароняць, — хай яны адчуюць, як гэта жыць пад такімі рэпрэсіямі, якія яны ўчыняюць супраць астатніх людзей. Гэта сапраўдны фашызм у краіне!”

(Спадар: ) “Паважаная радыёстанцыя “Свабода”! Бяда ў краіне, дзе адны й тыя ж набліжаны да трону. Таму Беларусь цяпер знаходзіцца ў палітычным тупіку. Але выйсьце, вядома, знайсьці можна заўсёды. І ў нашага прэзыдэнта яно ёсьць. Каб захаваць стабільнасьць у краіне, давер насельніцтва й статус дзяржаўнага дзеяча, трэба тэрмінова вызваліць усіх палітычных нявольнікаў, заплаціўшы ім кампэнсацыю за маральныя й матэрыяльныя страты, а на іхнае месца пасадзіць Ярмошыну й Лазавіка — за фальсыфікацыю выбараў. Прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці “сілавікоў”, вінаватых за бязладзьдзе. Гэтаксама прыцягнуць да адказнасьці старшыняў раённых камісій, якія перастараліся й далі завышаныя лічбы. Сваім указам адмяніць мінулыя прэзыдэнцкія выбары, прызнаць іх несапраўднымі й прызначыць новыя — без датэрміновага галасаваньня. І перамагчы ў іх сумленна! І даказаць усім (я паўтараю! — усім) існую любоў і падтрымку беларускага народу да дзейнага прэзыдэнта. Дзякуй!”

(Спадар: ) “Я нізка кланяюся чэхам, палякам, літоўцам, амэрыканцам і грамадзянам іншых дзяржаў, якія аказваюць дапамогу палітычным ахвярам у Беларусі, пацярпелым ад Лукашэнкі альбо ад ягонага рэжыму, які ўчыніў жорсткую расправу зь мірнымі людзьмі, што прынялі ўдзел у вулічных акцыях пратэсту. А такія акцыі патрэбна праводзіць часта. Але ж якраз на правядзеньне такіх пратэстаў баяцца даваць дазвол вэртыкальшчыкі Лукашэнкі ды іх атачэньне, не ахвочыя пачуць праўду пра благое выкананьне імі сваіх абавязкаў перад большасьцю грамадзян Рэспублікі Беларусь. Яны займаюцца фальсыфікацыямі, маной, запалохваньнямі, адымаючы здароўе ў пратэстоўцаў, праз выкарыстаньне прадажных судзьдзяў, пракурораў, “мянтоў” і шмат каго іншага зь дзяржаўных службоўцаў — парушальнікаў Канстытуцыі ды іншых законаў Беларусі”.

(Жэрдзеў Анатоль: ) “На беларускай “Свабодзе” прагучалі словы генэрала Фралова, што нельга ісьці з голай пяткай на бронецягнік. Гэта наконт падзеяў у сувязі з разгонам мірнай дэманстрацыі і зьбіцьцём удзельнікаў. Я вельмі паважаю генэрала Фралова і яго грамадзянскую пазыцыю, але ў дадзеным выпадку не магу зь ім пагадзіцца. Людзі не зьбіраліся ваяваць, і ўлада гэта ведала, але супраць іх была прыменена сіла. “Юпіцер, ты злуесься – значыць, ты ня праў”, – так сказалі рымляне і такі ж вынік зрабілі ўсе адносна ўлады, якая падобна расейскаму цару Мікалаю. Замест таго, каб выйсьці і пагаварыць на прамую з народам, агарадзілася ад народу гарыламі, якія прынялі чалавечае аблічча. Трэба мець на ўвазе, што народ атрымаў значную маральную перамогу! Упэўнены, што міліцыянты, хто ня страціў сумленьне, будуць адчуваць мукі сумленьня да канца дзён. Як бы там не было, прапаноўваю апазыцыі неадкладна правесьці сход актыву па абласьцях і буйных гарадох з аналізам падзеяў і пасьля гэтага вылучыць дэлегата на ўсебеларускую канфэрэнцыю на гэтую тэму. Такую канфэрэнцыю наўрад ці можна правесьці ў Беларусі, але магчыма ўа адной з суседніх краінаў. І чым хутчэй гэта будзе зроблена, тым лепш”.

(Спадарыня: ) “19 красавіка ў мяне было меркаваньне, што нямецкі драматург Бэртольд Брэхт напісаў гэтыя безнадзейныя словы пра нас, пакорлівых беларусаў: “Ідуць бараны, грамяць барабаны, на барабанах – скура баранаў”. Пераадолеўшы найвялікшы страх перад сьмяротнай карай за тэрарызм, што аб’явіў кагэбісцкі старшыня, ды вырашыўшы, што лукашэнкаўскі рэжым, што сьмерць духоўная адно і тое ж, вырашыла пайсьці на плошчу. Якое ўзрушэньне, якую радасьць адчула, якую павагу да родных суайчыньнікаў адчула я ў гэтыя дні! Не пагадзіліся нашы людзі з гвалтам і хамствам галоўнага начальніка і яго маскоўскіх рэжысэраў! Гонар беларускім героям, спадару Казуліну і Мілінкевічу, маладым патрыётам і такім цярплівым вэтэранам – усім, хто стаяў на плошчы ў гэтыя сьвятыя дні з 19 па 25 сакавіка. Гвалт не забудзецца, дараваньня ня будзе нікому, бо свабода жыве, людзі абудзіліся. Зараз хваля народнага абуджэньня нарастае. І, як сказаў наш геніяльны Рыгор Барадулін, “А хваля непрылашчаная коціцца, каб хваляваць, да іншага пакоціцца”. Жыве Беларусь!”

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўная настаўніца па гісторыі Слуцкага раёну! Дарагая, мы з вамі! Вельмі шкада, што бальшавікі-лукашысты ганьбяць Случчыну. Так, ад іх можна чакаць любую гадасьць. Іх мэта – бы ім добра было. Яны гатовыя дзень і ноч рохкаць побач з карытам замест сьвіней. Я ўпэўнены, дарагая настаўніца, фініш ужо блізка. Куды гэтыя хрукальнікі будуць бегчы? Што вам, дарагая зямлячка, можна параіць у дадзены момант. Трэба трымацца, у вас мужнасьці хопіць. Я ўпэўнены ў вас. Думаю, што ў бліжэйшы час будзе адкрыты рахунак, я сваю долю таксама ўнясу, праўда, я стары пэнсіянэр, вялікую суму не змагу ўнесьці. Яшчэ раз просьба: трымайся на зло лукашыстам”.

(Пэнсіянэрка Коласава: ) “Паважаная “Свабода”! У мяне другі дзень добры настрой. Вечарам у нас быў сход жыхароў наконт капрамонту. І вось некалькі рэплік да пачатку абмеркаваньня пытаньня па сутнасьці: “Колькі нас? – 83%! – Несанкцыянаваны мітынг! – Амонаўцы, разагнаць усіх! – А хто ў вас выбіраў старэйшага па дому? – А хіба зараз выбіраюць? – Правільна, зараз прызначаюць. – Вось мяне і прызначылі. – Хто? – Лукашэнка”. Кожная такая рэпліка суправаджаліся агульным сьмехам. Справа ў тым, што амаль што ўсе яны былі прамоўлены пэнсіянэрамі. Так што ня верце, што ўсе пэнсіянэры галасавалі за Лукашэнку. Добра, калі ў нашым доме набярэцца які дзясятак такіх кватэр са ста”.

(Аганькоў Аляксандар Аляксандравіч: ) “Ня трэба лічыць беларусаў абарыгенамі, якія не разумеюць, што нам дураць галаву тыя, хто маці родную гатовыя прадаць за 10 даляраў. Таму, будзьце ласкавы, весьці перадачы карэктна і не абражаць беларускі народ. Ён зрабіў свой выбар. Гэта ня 10 адсоткаў розьніца, а 70! І майце сумленьне, калі вы прадаліся і працуеце на гэтай “Свабодзе”! Ну, дык і працуйце далей, але ня лезьце да нас у Беларусь!

Я працую ў вёсцы. Што я зарабіў, тое атрымаў. Хто працуе, той атрымоўвае. Мілінкевічу і Казуліну ўсе гэтыя дэманстранты непатрэбныя. Прыйдзе ён да ўлады, аболтусы нікому непатрэбныя. Яны спэкулююць і карыстаюцца імі”.

(Уладзімер: ) “Мне б хацелася б, каб у вашай перадачы прагучалі Людміла Гразнова і яшчэ адна спадарыня, якая ў вас выступала, як яе назваць… Яны, па-мойму, калі былі ў Вярхоўным савеце былі ў адной камандзе, здаецца, нават сяброўкамі. Зараз Людміла Гразнова стала жабрачкай, а другая, ня буду называць прозьвішча, вы ведаеце, пра каго размова ідзе, дык яна цяпер у кармушку залезла і вось сьпявае ўжо іншую песьню. Як гэта зразумець? Я хацеў бы, каб яны абедзьве, Вольга Абрамава і Людміла Гразнова, сустрэліся ў эфіры”.

(Cпадарыня: ) “Вашыя апазыцыянэры ўсё чапляюцца да нашага Рыгоравіча, усё ён ім ня тое робіць. Вось прычапіліся, што ўзбраеньне прадае. Ну, і што, што прадае. Калі ў нас ёсьць лішкі, чаму ж не прадаць? Вось зараз ВАЗ выпусьціў такія прыгожыя машыны, гэтыя зялёныя, дык, спадзяюся, іх шмат, для Беларусі ўжо хопіць, але ж трэба далей выпускаць, няхай прадае. Напэўна, у Паўночнай Карэі яны спатрэбяцца, і ў Аўганістане і ў Расеі хутка спатрэбяцца. Вы ж самі кажаце, што ў Расеі ўсе за нашага Рыгоравіча хочуць прагаласаваць. Пуцін кажа, што ён ужо стаміўся, дык няхай у 2008 годзе Рыгоравіч там будзе кандыдатам. Вось і прагаласуюць за яго, спадарыня Ярмошына дапаможа. А грошы нам якія да Беларусі пойдуць! А вы ўсё крытыкуеце і крытыкуеце”.

(Cпадар: ) “Хачу далучыцца да нармальных людзей, да тых, каго большасьць. На самой справе жывем мы ня так дрэнна ж. Заробкі, пэнсіі своечасова. У краму, на рынак прыйдзеш – вочы разьбягаюцца. Дзьвюма тэлевізарамі ў хаце ўжо нікога не зьдзівіш, каляровымі тэлевізарамі. Ды што там тэлевізары, машыны няма куды ставіць! А яшчэ нам кожную раніцу сьвеціць сонца ўсё ярчэй і ярчэй. Хутка растае сьнег, зазелянее трава, прыйдзе вясна. Мы зрабілі свой выбар, адзіны правільны. І няма чаго нейкім амэрыканцам і іншым вучыць нас жыць. Аднаго толькі ніяк не магу зразумець, радыёстанцыя, вядома чыімі далярамі аплачаная, чамусьці дазваляе нам аблаяць Казуліна і другога, а сваё беларускае радыё і тэлебачаньне, ну, чаму яны не дадуць сказаць хоць што-небудзь, хоць каму-небудзь, ну, з тых, хто, ну, не разумее Аляксандра Рыгоравіча”.

(Cпадарыня: ) “Мне 57 год. Мне вельмі шкада тых няшчасных людзей, якія падтрымліваюць Лукашэнку. У іх у галаве апілкі, інакш бы яны ўбачылі, што іх кароль голы. Я не заклікаю іх на плошчу, хай слухаюць па тэлебачаньню гісторыі, якія прыдумала Аўдося ключніца”.

(Cпадар: ) “Сварацца там усе, але ж чаму не згадваецца галоўны, хто вось гэтую сварку задумаў. Мне здаецца, у нас ёсьць добрая арганізацыя КДБ, і, мне здаецца, што ад іх гэта ўсё ідзе: і выбары прэзыдэнта, і ўсе гэтыя далейшыя сваркі, яны, мусіць, і заплянаваны адтуль”.

(Cпадарыня: ) “Чаму лідэры апазыцыі такія непрыгожыя? Мілінкевіч падобны на старую мыш, а Казулін на голенага сьнежнага чалавека. Канечне, жанчыны Беларусі ўсе галасуюць за Лукашэнку. Ён прыгожы, разумны, годны – ёсьць за каго галасаваць”.

(Глеб, Салігорск: ) “Прывітаньне, паважаная “Свабода”! Мне 18 год, я жыву ў горадзе Салігорску, узначальваю моладзевы рух. Хацелася б задаць пытаньне і выказаць меркаваньне. Першае, гэта пытаньне Аляксандру Мілінкевічу. Ці зьбіраецеся вы падаваць заяўку на правядзеньне шэсьця 26-га красавіка і ці плянуецца якое-небудзь шэсьце на ўскладаньне кветак на Дзень Перамогі?

Другое. Хацеў бы выказаць меркаваньне наконт паведамленьня настаўніцы Чарапковай з Горадні, якая казала, што іх ніхто не заганяў на датэрміновае галасаваньне. Сытуацыя цалкам супрацьлеглая была ў г. Салігорску. Цётка майго добрага сябра, якая таксама зьяўляецца настаўніцай адной са школаў гораду, распавядала, што іх сабралі ў актавай залі і ўсіх прымусілі ісьці датэрмінова галасаваць. Яна ўстала і сказала, што прынцыпова ня пойдзе на датэрміновае галасаваньне. Пасьля чаго завуч яе абразіла, не публічна, але абразіла, і сказала, што гэта настаўніца пасьля гэтага навучальнага году ня будзе працаваць у гэтай школе”.

(Міхаіл Леках: ) “На каго разьлічаны паведамленьні вашага карэспандэнта з Польшчы Аляксея Дзікавіцкага? Ваш карэспандэнт вешае локшыну на вушы, што палякі вельмі клапоцяцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі. А няўжо палякі ад добрага жыцьця бягуць у Эўропу?”

(Малашук Віктар: ) “Сябры! Віншую з вынікам! Прыхільнікі дыктатуры цудоўна ведаюць, колькі нас. Вось і прыціхлі, як мышы пад венікам. Яны не чакалі такога рэзанансу. Народ пераадолеў страх. А прайшоўшы ізалятары, турмы – гэта залаты фонд апазыцыі. Страшна першы раз, а потым страху няма. Можаце запытаць тых, хто прайшоў праз гэты смурод, граз і зьдзек з закону ў міліцэйскіх пастарунках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG