Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"...Мне падаецца, не ў інтарэсах Расеі ўчыняць падобны ціск на Беларусь..."


Алена Струвэ, Прага Ад наступнага году Беларусь у адпаведнасьці з апошняй заявай кіраўніцтва расейскага "Газпрому" павінна будзе плаціць за расейскі газ паводле міжнародных цэнаў. Пакуль Менск плаціць "Газпрому" па ільготных коштах – каля 46 даляраў за тысячу кубамэтраў. З чым зьвязанае рашэньне "Газпрому"? Чаму пра сваё рашэньне "Газпром" заявіў менавіта цяпер, пасьля выбараў, і менавіта Менску, кіраўніцтва якога зьяўляецца сапраўдным “адэптам Крамля”? Такое пытаньне сёньня ў цэнтры ўвагі заходніх аглядальнікаў і аналітыкаў.

Паводле шэрагу эўрапейскіх выданьняў, новыя цэны на газ “могуць паставіць у даволі складную сытуацыю беларускага кіраўніка Лукашэнку”.

Як піша венская “Die Presse”, "аб’яўленае кіраўніцтвам "Газпрому" падвышэньне цэнаў, у тым ліку, мае на мэце ўчыніць эканамічны ціск на дыктатарскі рэжым Лукашэнкі".

“Die Presse” прыводзіць меркаваньне прадстаўніка маскоўскага банку "Тройка" Алега Максімава, які лічыць, што "Газпром" хоча ўзмацніць кантроль над беларускай сеткай трубаправоду. Кіраўнік гэтага магутнага энэргаканцэрну, блізкі сябар Уладзімера Пуціна Аляксей Мілер хоча зрабіць з "Газпрому" ўсясьветнага газанафтавага манапаліста, а таму хоча мець непасрэдны доступ да канчатковых карыстальнікаў і не залежыць пры пастаўках на заходнія рынкі ад транзытных дзяржаваў, піша аўстрыйскае выданьне.

Аналітык Радыё Свабода Раман Купчыньскі часткова згодны з гэтым меркаваньнем:

(Купчынскі: ) “Я думаю, што акрамя названай, тут ёсьць яшчэ некалькі прычынаў. Расея сапраўды хоча кантраляваць газатранспартную сыстэму Беларусі. Яны і раней мелі віды на "Белтрансгаз". Цяпер такая магчымасьць зьявілася. Таксама "Газпрому" патрэбныя грошы, бо яны зараз выйшлі на вельмі дарагія праекты. І яшчэ адно тлумачэньне – гэта вялікі блеф перад удзельнікамі сустрэчы вялікай васьмёркі ў Пецярбургу, каб прадэманстраваць Захаду, што Расеяй ёсьць пасьлядоўнай у дачыненьнях і ставяцца аднолькава, што да Беларусі ці Ўкраіны з Грузіяй ды іншых краінаў”.

Тым часам, Раман Купчыньскі ня лічыць гэткі эканамічны ціск на Беларусь надта прадуктыўным для Расеі:

(Купчынскі: ) “Беларусь пасьля Ўкраіны займае ключавую пазыцыю ў пытаньні транзыту расейскага газу. Той жа газапровад Ямал-Эўропа пралягае празь Беларусь. Калі Расея будзе ставіць Беларусі ўмовы аплаты энэргасыравіны паводле эўрапейскіх коштаў, а Беларусь ніяк ня зможа заплаціць гэтых грошай Расеі, гэта не прынясе вялікага плёну. Мне падаецца, не ў інтарэсах Расеі ўчыняць падобны ціск на Беларусь”.

Са свайго боку, некаторыя заходнія экспэрты і бізнэсоўцы лічаць ня надта прадуктыўным эканамічны ціск на Беларусь і з боку Эўропы. Адзін з кіраўнікоў аўстрыйскага банку "Raiffeisen" Гербэрт Штэпік заявіў у інтэрвію нямецкім і аўстрыйскім выданьням, што Беларусь, насуперак самым розным прагнозам будзе і надалей набіраць эканамічную моц. Розныя санкцыі з боку Эўразьвязу толькі наблізяць Беларусь да Расеі. “Ці ёсьць гэта ў інтарэсах Эўразьвязу, я няўпэўнены”, гаворыць Гербэрт Штэпік.

Прашу спадара Купчыньскага пракамэнтаваць гэтую заяву аўстрыйскага бізнэсоўца, зробленую прыкладна адначасна з заявай кіраўніцтва "Газпрому":

(Купчыньскі: ) “Raiffeisen – гэта банк, які мае сваю сетку апэрацыяў у Беларусі. Гэта банк, які мае вялікія інвэстыцыі, і ва Ўкраіне, і ў Расеі і ў Беларусі. І дзеля разьвіцьця свайго бізнэсу яны будуць рабіць усё, каб не было эканамічнай ізаляцыі Беларусі. Гэта чыста камэрцыйнае меркаваньне, хоць і прыкрытае палітыкай. Гэта іхныя бізнэсовыя інтарэсы”.
XS
SM
MD
LG