Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны сход асуджае Захад за "няправільную" ацэнку выбараў


Радыё Свабода Сёньня абедзьве палаты Нацыянальнага сходу Беларусі, якія 3 красавіка распачалі веснавыя сэсіі, прынялі спэцыяльную заяву адносна замежнай рэакцыі на выбары кіраўніка беларускай дзяржавы. У гэтым дакумэнце асуджаюцца некаторыя краіны й міжнародныя арганізацыі.

У заяве сьцьвярджаецца, што чарговы раз на Беларусь аказваецца моцны палітычны, дыпляматычны ды інфармацыйны ціск з боку некаторых краінаў і міжнародных арганізацыяў.

Нацыянальны сход непасрэдна абвінавачвае за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі Парлямэнцкую асамблею й назіральнікаў АБСЭ, а таксама сэйм Польшчы, парлямэнтароў ЗША й "шэрагу суседніх краін".

Дарэчы, дэпутат Анатоль Салаў''ёў запытаўся: чаму ў заяве згадваецца толькі парлямэнт Польшчы, а не называюцца яшчэ парлямэнты Літвы й Латвіі? Старшыня міжнароднай камісіі Палаты Вадзім Папоў даў наступнае тлумачэньне:

(Папоў: ) "Мы тут кажам: "...ды іншыя дзяржавы”. Але ў сувязі з тым, што Рэспубліка Польшча й ейны Сэйм выступілі зь дзьвюма вельмі адыёзнымі рэзалюцыямі, мы іх вылучылі асобна".

Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч лічыць, што гэтыя заявы ніякім чынам не паўплываюць на адносіны міжнародных структураў і дзяржаваў да Беларусі, бо цяперашні беларускі парлямэнт амаль паўсюдна лічаць нелегітымным:

(Шушкевіч: ) "Яна (Палата) можа заяўляць, што хоча, бо на яе, як і на так званы Савет Рэспублікі, ніхто ўжо даўно не зьвяртае ўвагі. Гэтая заява — чарговае заклінаньне. І ня больш.

Тое, што наша "Палатка" прымае, — дык можна там жа ж паставіць сьметнік і туды адразу скідаць. Міжнародная супольнасьць на гэта ўвагі не зьвяртае. Гэта мне добра вядома. Я толькі што прыехаў з Францыі й ведаю, што абсалютна ніякага значэньня гэта ня мае.

Дый наагул, сябрам Палаты ёсьць чым займацца іншым. Я толькі ня ведаю, чаму яны гэтым не займаюцца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG