Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням турмы на Акрэсьціна нясуць ахвяраваньні


Радыё Свабода З турмы на вуліцы Акрэсьціна ў Менску вызвалілі некалькі дзясяткаў вязьняў. Усе яны адбылі арышты пасьля ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы 24 сакавіка. Але многія ўдзельнікі акцыі пратэсту застаюцца за кратамі, таму да турмы на Акрэсьціна па-ранейшаму прыходзяць людзі, каб дапамагчы зьняволеным і вызваленым палітвязьням.

Дзьве менскія пэнсіянэркі Сьвятлана Багданкевіч і Ліна Масалкова прыйшлі да турмы на Акрэсьціна з прапановаю дапамогі. Вось што яны паведамілі Радыё Свабода:

(Багданкевіч: ) “Мы тут сабралі грошы й прыйшлі перадаць. Можа, хто прыйдзе з бацькоў, са сваякоў”.

(Масалкова: ) “Грошы гэтыя з нашых пэнсіяў, ад людзей, якія падтрымліваюць гэтую моладзь, якая пацярпела. Некаторыя з тых, хто сядзелі й цяпер яшчэ сядзяць, маюць патрэбу ў дапамозе. Усьведамляючы гэта, мы гуртам сабралі крыху грошай, каб камусьці перадаць і дапамагчы”.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы гэта робіце?”

(Багданкевіч: ) “Мы гэтак усьцешаныя тым, што знайшлася моладзь, якая выявіла мужнасьць, сьмеласьць. Мяне вельмі цешыць, што ў нашай цяжкай сытуацыі знайшліся такія людзі, і захацелася далучыцца да гэтага, неяк дапамагчы, калі самі ня трапілі сюды”.

(Масалкова: ) “Зрабіць хоць нейкі ўнёсак у гэтую сьвятую справу, бо яны, можна сказаць, сядзелі й за нас. Таму проста грамадзянскі абавязак, чалавечы й хрысьціянскі абавязак — дапамагчы кожнаму”.

Сёстры Яна й Надзея прынесьлі ў турму перадачу для сваіх блізкіх і сяброў.

(Надзея: ) “У мяне затрыманы муж, 15 сутак далі, яшчэ засталося пяць. Чакаем”.

(Яна: ) “Я прыйшла зь сястрой, але ў мяне тут шмат сяброў было. Праўда, пераважна ўжо выйшлі, бо камусьці 5 сутак далі, камусьці 10. Найбольш мужу сястры — 15”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не напалохала вас тое, што адбылося?”

(Надзея: ) “Мне здаецца, што тое, што ўлада робіць, яна толькі настройвае людзей супраць сябе. Бо колькі я тут стаяла, размаўляла зь людзьмі, усе бацькі казалі, што цяпер яны сваіх дзяцей адных не адпусьцяць, а пойдуць разам. І бацькі, і сябры, і родныя гэтак кажуць. Нейкі штуршок адбыўся, і цяпер гэта павінна ператварыцца ў сьнежны камяк. Прынамсі, я адчуваю такі настрой”.

(Яна: ) “Мне падаецца, што ўлада перабольшыла ў сваіх дзеяньнях, і цяпер мэханізм запушчаны, людзі ня спыняцца. Канечне, вельмі шмат людзей напужаныя. Але мне здаецца, што тое, што адбылося — гэта ўжо ўнікальна. Таму мне здаецца, што будзе абуджэньне, будуць перамены. І хутка”.
XS
SM
MD
LG