Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская “Times”: Дзе Лукашэнка?


Ганна Соусь, Прага Гэтае пытаньне падаецца простым – дзе быў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка? Карэспандэнт брытанскай газэты “Times” Джэрэмі Пэйдж спрабуе знайсьці адказ на яго ў артыкуле пад назовам: “Прыгнечаны лідэр пераносіць свой важны дзень і зьнікае”. Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

Дзе быў беларускі прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка? Яшчэ ўчора, 2 красавіка, напярэдадні ягонага плянаванага візыту ў Маскву ніхто ня мог адказаць на гэтае пытаньне. І ў адсутнасьць афіцыйнай інфармацыі пайшлі чуткі, што “апошні дыктатар у Эўропе” хаваецца, пакутваючы ад сур’ёзнай дэпрэсіі. Лукашэнка быў заўважаны толькі на наступны дзень пасьля дня галасаваньня, калі ён атрымаў трэці прэзыдэнцкі тэрмін на выбарах, якія ва ўсім сьвеце асудзілі як фарс. І ён нават перанёс цырымонію інаўгурацыі, прызначаную на мінулую пятніцу, піша сёньня брытанская газэта “Times”.

Дакладна невядома, ці сустрэнецца Лукашэнка з прэзыдэнтам Пуціным сёньня ў Маскве, каб адзначыць дзясятую гадавіны няпэўнага саюзу паміж Расеяй і Беларусьсю. Крэмль ня мог пацьвердзіць, ці прыедзе беларускі прэзыдэнт. Расейскае МЗС пераадрасоўвала ўсе пытаньні Крамлю. Не было ніякага камэнтара ад беларускага МЗС ці адміністрацыі прэзыдэнта альбо ад амбасадаў Беларусі ў Маскве ці Лёндане, адзначае “Times”.

Аўтар артыкулу Джэрэмі Пэйдж спасылаецца на высокапастаўленага заходняга дыплямата, які лічыць, што Лукашэнка пакутуе на чарговы прыступ дэпрэсіі, які быў выкліканы стрэсам ад выбараў і акцыямі пратэсту пасьля іх.

“Я думаю, што ён ня можа сам прыйсьці ў норму, і таму яму не дазваляюць паказвацца публічна. Ягоныя дараднікі ня ведаюць, што рабіць”, – сказаў заходні дыплямат карэспандэнту “Times".

Лукашэнка сьцьвярджае, што ён абараніў дзесяць мільёнаў беларусаў ад хаосу пасьля краху камунізму праз адраджэньне савецкага стылю кіраваньня ў палітыцы і эканоміцы.

Аднак крытыкі гавораць, што Лукашэнка – гэта паранаідальная асоба з маніяй велічы, чалавек з жорсткім норавам, які не дапусьціў правядзеньня жыцьцёва важных эканамічных рэформаў і брутальным чынам прымусіў замаўчаць ўсіх апанэнтаў, піша “Times”.

Газэта спасылаецца на меркаваньне лідэра аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, які лічыць, што Лукашэнка быў узрушаны маштабамі пратэстаў пасьля выбараў.

Другая прычына для стрэсу зьявілася на мінулым тыдні, калі расейскі манапаліст “Газпром” заявіў аб падвышэньні ў пяць разоў цэнаў на газ для Беларусі з наступнага году.

Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паказала Аляксандра Лукашэнку ў часе правядзеньня нарады 28 сакавіка, калі ён загадаў, каб чыноўнікі прыбралі ягоныя партрэты са сьцен сваіх кабінэтаў. “Палітычныя баталіі скончаныя, – заявіў Лукашэнка, – у краіне мір і парадак, як і быў, нягледзячы на асобныя ўсплёскі, якія праваахоўныя органы вельмі хутка і дакладна паставілі на свае месцы”. Пры гэтым “Times” адзначае што Лукашэнка выглядаў напружаным, а сама нарада адбывалася ў загараднай рэзыдэнцыі, а ня ў Менску.
XS
SM
MD
LG