Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у ВНУ сустрэлі студэнтаў, якія адбылі палітычны арышт?


Алесь Дашчынскі, Менск Студэнты, якія адбылі арышт у турме на Акрэсьціна за ўдзел у акцыях пратэсту на Кастрычніцкай плошчы, сёньня прыйшлі на заняткі ў свае навучальныя ўстановы. Як іх там сустрэлі?

Паводле праваабаронцаў, падчас акцый пратэсту з 19-га да 25-га сакавіка было затрымана каля 300 студэнтаў. Частка зь іх яшчэ адбывае адміністрацыйныя арышты. Паводле актывісткі дэмакратычнага студэнцкага руху Вольгі Кузьміч, разам зь ёй у камэры было 12 зьняволеных — пераважна студэнтак БДУ.

(Кузьміч: ) “У нас у апошні дзень праводзілася ідэалягічная праца на самім Акрэсьціна: сабралі студэнтаў у аўдыторыю, куды прыходзілі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў і расказвалі, што нікога ня будуць адлічваць. Будуць, маўляў, адлічваць толькі людзей зь нізкай пасьпяховасьцю”.

Юрыст-праваабаронца Валянцін Стэфановіч кажа, што пакуль няма фактаў адлічэньня студэнтаў з палітычных матываў.

(Стэфановіч: ) “Многа студэнтаў прыходзіць. Яны кажуць адно й тое: пакуль бяруць тлумачальныя, дэканы пакуль чакаюць распараджэньня зь Міністэрства адукацыі й рэктарату. Сьпісы, канечне, ёсьць у дэканатах, але пакуль што захадаў ніякіх ня робяць”.

Антаніна Гулько — студэнтка менскага мэдычнага ўнівэрсытэту — была асуджана за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу на 10 сутак. Пасьля “адсідкі” ва ўнівэрсытэце яна мела размову з рэктарам і дэканам факультэту.

(Гулько: ) “Яны сказалі мне, што цяпер адлічваць ня будуць, бо за палітычнае — сказалі — не адлічваюць. Але сказалі: калі я наступным разам захачу пайсьці на якую-небудзь акцыю, то мне трэба адразу напісаць заяву, каб мяне адлічылі з унівэрсытэту. Таксама сказалі, што ўсе будуць сачыць, як буду наведваць заняткі, за пасьпяховасьцю таксама”.

Таксама ад Антаніны Гулько запатрабавалі, каб яна аплаціла прапушчаныя заняткі ва ўнівэрсытэце.

(Гулько: ) “А гэта каля 500 тысяч атрымоўваецца. Потым мне тэлефануе дэкан: пачакай, пакуль не плаці, прыйдзі ў дэканат — можа, і ня давядзецца плаціць”.

Студэнтка журфаку БДУ Воля Чарных кажа, што пытаньне пра ейны лёс яшчэ будзе вырашаць адмысловая камісія на факультэце:

(Чарных: ) “Студэнты сустрэлі ўвогуле, як герояў. А многа хто з выкладчыкаў даюць зразумець, што мне вельмі цяжка будзе здаць гэтую сэсію”.

Паводле студэнта факультэту прыкладной матэматыкі БДУ Юрася Гецэвіча, моладзь унівэрсытэту зьбірала подпісы, каб арыштаваных не адлічвалі.

(Гецэвіч: ) “Яны сказалі дэканату: калі будуць нейкія адлічэньні, — яны адразу будуць падчас перазьменкі выходзіць у вэстыбюль. Калі я прыйшоў, усе пыталіся як там сядзелася, што я рабіў. Дэкан факультэту сказаў, што ён яшчэ нікога не адлічваў з палітычных матываў і не зьбіраецца гэтага рабіць. Пакуль няма ніякіх праблем. Папросту адсочваюць на ўсіх парах і адзначаюць”.
XS
SM
MD
LG