Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч правёў перамовы з кіраўніцтвам Аўстрыі й Эўразьвязу


Радыё Свабода Лідэр аб’яднанай беларускай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня знаходзіцца ў Вене. Ён сустрэўся з кіраўніком дэлегацыі аўстрыйскага парлямэнту ў ПАРЭ Мікаэлам Шпіндэлегерам, са старшынём аўстрыйскага парлямэнту Андрэасам Колем і канцлерам Вольфгангам Шусэлем, які цяпер адначасова зьяўляецца старшынём Рады Эўразьвязу.

Асноўная тэма перамоваў і выступаў Аляксандра Мілінкевіча ў Вене — сытуацыя ў Беларусі пасьля выбараў 19 сакавіка, супрацоўніцтва Аўстрыі й Эўразьвязу з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, магчымасьці падтрымкі беларускіх палітвязьняў і рэпрэсаваных.

Спадар Мілінкевіч падчас сустрэчы з канцлерам Вольфгангам Шусэлем заявіў, што апазыцыя ў Беларусі шмат чаго дасягнула, што ўлада ня выйграла выбары, паколькі яны не былі дэмакратычнымі і справядлівымі. Пасьля сустрэчы з канцлерам Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

(Мілінкевіч: ) “Усе вельмі ўзрушаны тым, што беларускі народ абуджаецца і ў стане змагацца за сваю будучыню. Гэта вялікае ўражаньне зрабіла на эўрапейцаў, яны бачаць, што ёсьць грамадзянская супольнасьць, ёсьць партнэр для супрацоўніцтва. Прычым, тут вельмі добра інфармаваныя людзі, усё ж такі гэта канцлер Аўстрыі, даволі далёкай ад нас краіны, але выдатна паінфармаваны. Заўтра ён ад’яжджае ў Страсбур, я таксама там буду, і гэтая дыскусія ўжо працягнецца ў прысутнасьці эўрапарлямэнтароў”.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў кіраўніцтву Аўстрыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, пра дасягненьні ў супрацоўніцтве беларускай грамадзянскай супольнасьці з Польшчай. Аўстрыя таксама хацела б далучыцца да праграмаў дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі, і мае намер гэта рабіць праз мэханізмы і фундацыі Вышаградзкай групы, паведаміў спадар Мілінкевіч. Галоўным жа ён лічыць тое, што эўрапейцы працягваюць зьвяртаць вялікую ўвагу на Беларусь:

(Мілінкевіч: ) “Эўрапейская супольнасьць лічыць, што незалежна ад таго, ці перамагае дэмакратыя, ці Беларусь пакуль што жыве ва ўмовах дыктатуры, усё роўна трэба падтрымліваць і разьвіваць грамадзянскую супольнасьць у нашай краіне, ёсьць праграмы кароткатэрміновыя, зьвязаныя з рэпрэсаванымі, а ёсьць доўгатэрміновыя, зьвязаныя з разьвіцьцём грамадзянскай супольнасьці”.

Паводле спадара Мілінкевіча, Вольфганг Шусэль ад імя ўраду Аўстрыі і старшынёўства Эўразьвязу выказаў падтрымку дэмакратычнаму працэсу ў Беларусі і заявіў пра зацікаўленасьць у дэмакратычнай і прадказальнай Беларусі, што ёсьць кансалідаванай пазыцыяй краінаў Эўразьвязу.

Спадар Мілінкевіч сёньня сустрэўся таксама з кіраўніком аўстрыйскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Мікаэлам Шпіндэлегерам, правёў перамовы са старшынём аўстрыйскага парлямэнту Андрэасам Колем, прадстаўнікамі Аўстрыйскай народнай партыі, даў інтэрвію аўстрыйскім СМІ, выступіў у Палітычнай акадэміі. Наагул, Аляксандар Мілінкевіч назваў свой візыт плённым і актуальным:

(Мілінкевіч: ) “Я лічу, што паколькі Вена сёньня старшынюе ў Эўразьвязе, то гэты візыт надзвычай важны, паколькі краіна, што старшынюе, вызначае атмасфэру, у якой адбываюцца дыскусіі, моцна ўплывае на канкрэтныя рашэньні, якія прымаюцца ў Эўразьвязе”.
XS
SM
MD
LG