Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як паўплывала выбарчая кампанія на працэсы ў моладзевым асяродзьдзі?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 29 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды” Удзельнікі: першы сакратар ЦК ЛКСМБ Дзьмітры Яненка і галоўны рэдактар часопісу “Палітычная сфэра” Андрэй Казакевіч.

(Валер Карбалевіч: ) “Апазыцыйныя палітыкі дзеля пераменаў у краіне вялікія надзеі ўскладалі на моладзь. Лічыцца, што менавіта яна больш прыхільная да новага, найменш абцяжараная савецкімі звычкамі, найхутчэй гатова стаць у шэрагі актыўных удзельнікаў дэмакратычнага руху.

І сапраўды, большасьць тых, хто ўдзельнічаў у вулічных акцыях 19-25 сакавіка, былі маладыя людзі, найперш, — студэнты. Прычым, як заўважылі назіральнікі, пераважная частка зь іх упершыню ўключылася ў палітычнае жыцьцё. Дык ці можна сьцьвярджаць, што выбарчая кампанія разбудзіла моладзь?

(Дзьмітры Яненка: ) “Гэта так. Яшчэ 5-6 гадоў таму вельмі мала маладых людзей прыходзіла на вулічныя акцыі. І тое, што цяпер моладзь вельмі актыўна ўдзельнічае ў палітыцы, — ёсьць пазытывам. Бо ёй тут жыць, і яна мусіць вырашаць, якой будзе гэтая краіна”.

(Андрэй Казакевіч: ) “Цяжка ацаніць колькасьць тых маладых людзей, якія ўключыліся у палітычнае жыцьцё падчас гэтай кампаніі. Відавочна, пэўны эфэкт гэты выбарчы працэс меў, і частка моладзі была мабілізавана апазыцыяй.

Дый традыцыйна моладзь зьяўляецца найбольш актыўнай у вулічных акцыях. Такая ж тэндэнцыя была характэрна для падзеяў 1996 году. Гэта па-першае.

Па-другое, менавіта моладзь мела куды шырэйшы доступ да мэдыяў, перадусім, да інтэрнэту, які адыграў значна большае значэньне падчас гэтай кампаніі, чым мінулы раз”.

(Карбалевіч: ) “Але, разам з тым, мы назіралі й іншую зьяву. Найбольшы адсотак датэрміновага галасаваньня прыпаў на тыя выбарчыя ўчасткі, дзе знаходзяцца студэнцкія інтэрнаты. То бок, вонкава выглядае, што моладзь аказалася найбольш канфармісцкай часткай грамадзтва. Як вы пракамэнтуеце гэта?

(Яненка: ) “Страх, які апанаваў грамадзтвам, распаўсюджваецца й на студэнтаў. Яны — самая неабароненая частка насельніцтва. На іх можна ціснуць і выключэньнем з інтэрнату, і адлічэньнем з ВНУ і інш.

Зь іншага боку, студэнтаў заганялі на датэрміновае галасаваньне таму, што баяліся, каб яны не прагаласавалі супраць Лукашэнкі ў нядзелю, 19 сакавіка, і каб ня выйшлі на вулічныя акцыі. Таму іх змушалі разьехацца па дамах”.

(Казакевіч: ) “Ня ўсе маладыя людзі, што былі на плошчы, — студэнты. Датэрміновае галасаваньне студэнтаў зьвязана з адміністратыўным прымусам. І з гэтага паказчыка нельга ацэньваць палітычную арыентацыю й ступень канфармізму студэнтаў. Гэтая зьява сьведчыць, хутчэй, што сыстэма адміністратыўнай мабілізацыі працуе досыць эфэктыўна”.

(Карбалевіч: ) Але мы назіраем тым часам: у Францыі ўлады зачапілі інтарэсы студэнтаў — і сотні тысяч іх выйшлі на вуліцы з пратэстам. А нашы студэнты чыннымі шэрагамі пад кіраўніцтвам дэканаў ішлі на выбарчыя ўчасткі”.

(Яненка: ) “Францыя — цывілізаваная краіна, дзе студэнты маюць права выказваць свае меркаваньне пра грамадзкія працэсы. У нас жа студэнтаў за пратэсты рэпрэсуюць”.

(Казакевіч: ) “У Беларусі й Францыі зусім адрозныя сытуацыі, палітычная культура, правы студэнтаў. Яны папросту непараўнальныя”.

(Карбалевіч: ) “А якая частка маладых людзей зьяўляецца ідэйным прыхільнікам цяперашняй дзяржаўнай палітыкі? Тыя маладзёны, што стаяць у пікетах перад заходнімі амбасадамі, — яны хто?”

(Яненка: ) “Гэтыя пікеты арганізаваны ўладамі. Сяброў нашай арганізацыі здымалі з заняткаў і адпраўлялі да амбасадаў. Мне самому давялося размаўляць з удзельнікамі пікетаў. Яны ня могуць растлумачыць, чаго яны туды прыйшлі й што патрабуюць. Большасьць моладзі выступае за перамены ў Беларусі. Тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, — няшмат”.

(Казакевіч: ) “Пытаньне цікавае й актуальнае. Натуральна, што апошнім часам зьявілася больш маладых людзей, якія сьвядома падтрымліваюць дзейную ўладу. Гэта вынік працы прапагандысцкай машыны, БРСМ. Асабліва гэтая тэндэнцыя мае месца на пэрыфэрыі, дзе адсутнічае альтэрнатыўная інфармацыя.

Але такая падтрымка мае не актыўны, а традыцыйна-канфармісцкі характар. Гэтая моладзь ня здольная да мабілізацыі, яна ўспрымае дзейную ўладу як нешта натуральнае, а не каштоўнае. Таму пікеты каля амбасадаў маюць цалкам адміністратыўны характар”.

(Карбалевіч: ) “Такім чына, у моладзевым асяродзьдзі адбываюцца супярэчлівыя працэсы. І прэзыдэнцкая кампанія, якая спалітызавала моладзь, толькі абвастрыла гэтыя супярэчнасьці”.
XS
SM
MD
LG