Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“25-га сакавіка мы ўбачылі, што нас вельмі шмат. Але мы ня ведаем, што рабіць...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”

Пратэсты моладзі ў цэнтры Менску; шматлюдныя мітынгі апазыцыі; масавыя затрыманьні й арышты соцень людзей; зьняволеньне кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна… На гэтыя гучныя падзеі апошніх тыдняў адклікаюцца ў сваіх лістах на “Свабоду” дзясяткі нашых слухачоў.

Пачну сёньняшні агляд зь ліста ад слухача з Глыбокага, які не называе ні імя свайго, ні прозьвішча. (Апошнім часам, дарэчы, у нашай пошце ўсё больш такіх выпадкаў, калі людзі не адважваюцца падпісвацца.) Зьвяртаючыся да Аляксандра Мілінкевіча, слухач піша:

“Я прыкладна аднаго з Вамі ўзросту. Памятаю сваю студэнцкую маладосьць. Успомніце, паважаны Аляксандар Уладзіміравіч, пачатак і сярэдзіну 60-х гадоў. Якія ўсе мы былі дружалюбныя, высакародныя, сумленныя, прынцыповыя. Як не любілі тых, хто двурушнічаў і падладжваўся! Цяпер сустракаю сваіх аднагодкаў: Божа, куды што падзелася! Нават тыя, хто ня сьпіўся, сталі зацюканымі жыцьцём, запалоханымі. Гэткімі, так бы мовіць, хітрунамі, якія ўсьвядомілі за сваё жыцьцё адно — ня трэба высоўвацца!

Што яшчэ мяне ўразіла падчас мінулых выбараў: людзі, якіх я добра ведаю, якіх лічыў разумнымі й разважлівымі, — галасавалі за Лукашэнку. У адных сын у міліцыі працуе; у другіх дзеці студэнты; у трэціх ні ў саміх, ні ў дзяцей пэрспэктыў вялікіх няма, але галасавалі — бо няма вайны… І нават пакаленьне 20-гадовых ня ўсё галасавала супраць Лукашэнкі…”

Далей у сваім лісьце на Свабоду слухач з Глыбокага прыходзіць да высновы пра бясплённасьць любой барацьбы з рэжымам і выказвае наступную ідэю:

“На мой погляд, трэба зьвярнуцца ў ААН, каб яна дапамагла той частцы насельніцтва, якой цяжка дыхаць у гэтай краіне й якая нічога ня можа зрабіць, каб зьмяніць сыстэму, пакінуць Беларусь. Так, гэта будзе гэткае вялікае перасяленьне народу. Думаю, выехаць захочуць мільён ці паўтара мільёны чалавек. Упэўнены, што гэта пераважна адукаваныя, працавітыя людзі. А тут няхай застануцца тыя, хто галасаваў за Лукашэнку. Паглядзім, якое ў іх будзе жыцьцё”.

Ідэя, шаноўны слухач, фантастычная й наўрад ці прыдатная для ажыцьцяўленьня. І справа ня толькі ў тым, што мільён уцекачоў — гэта гуманітарная катастрофа для любой краіны. Галоўнае — чаму гэтыя мільён ці паўтара мільёны чалавек мусяць уцякаць са сваёй радзімы? Гэта ж іхная зямля, дзе нарадзіліся, дзе жылі дзяды й прадзеды. Яны маюць права быць гаспадарамі ў сваім доме. У іх такія ж грамадзянскія правы, як і ва ўсіх астатніх. Іншая рэч, што многія з гэтых правоў парушаюцца. Але адстаяць іх таксама можна толькі тут, супольна, аб’яднаўшыся з аднадумцамі.

Так, у грамадзтве няма адзінства, яно расколата, у тым ліку, — і паводле палітычных прыхільнасьцяў. Але гэта па-ранейшаму адзін народ з адным агульным лёсам. Улада рана ці позна зьменіцца, правадыры сыдуць у нябыт. А беларусы, як здаўна, будуць жыць тут, на гэтай зямлі. І наўрад ці яны так і застануцца адасобленымі ад эўрапейскіх суседзяў.

Ліст ад нашай апанэнткі, пэнсіянэркі з Чэрвеня Вольгі Талдыкінай. Яна піша:

“Калі ноччу ня сьпіцца, слухаю вашы перадачы — і дзіву даюся. Якую хлусьню вы ўводзіце ў вушы слухачоў наконт нашага прэзыдэнта. А гэта ж азначае, што вы і ўвесь народ ахайваеце. Мы выбралі чалавека, які клапоціцца аб дабрабыце народу (мы гэта бачым на канкрэтных прыкладах). А вы хочаце даказаць адваротнае. Дарэмна стараецеся. Лукашэнка не дапусьціў, каб расьцягнулі тое невялікае багацьце, якое яму давялося падымаць з руін разам з народам. Ён — не дыктатар, а добразычлівы гаспадар у сваёй хаце. Нам пашанцавала: нас ніхто не абкрадае — ні прэзыдэнт, ні алігархі. Жывём пакуль небагата, але прэзыдэнт у гэтым не вінаваты. Ён будзе ля руля, пакуль будзе здароўе. А правоў у вас хапае. Такая, так бы мовіць, “дэмакратыя”, дзе могуць забіць за капейку, дзе хваткія захапілі народнае дабро ў свае рукі, а правіцелі ім у гэтым дапамаглі, — нам не патрэбна”

Вось Вы, спадарыня Талдыкіна, лічыце, што правоў у Вас хапае — болей ня трэба. А як быць тым людзям, у якіх супрацьлеглае меркаваньне? У іх таксама дастаткова аргумэнтаў, каб сьцьвярджаць, што іхныя грамадзянскія правы парушаюцца. Аднадумзтва, поўнай згоды й аднолькавых поглядаў на разьвіцьцё дзяржавы няма ні ў адным грамадзтве. Але ў дэмакратычных краінах людзі, якія не пагаджаюцца з уладай, маюць шмат магчымасьцяў, каб выказваць і адстойваць свае погляды. У іх ёсьць свае сродкі масавай інфармацыі; дзякуючы справядлівай выбарчай сыстэме, яны маюць сваіх прадстаўнікоў у парлямэнце; за палітычныя погляды іх ніхто не звальняе з працы й не адлічвае з унівэрсытэтаў; на агульнанацыянальных каналах тэлебачаньня зь імі вядуць цывілізаваныя палітычныя дыскусіі. У дзяржавах жа дыктатарскіх і аўтарытарных з апазыцыяй ды іншадумцамі абыходзяцца па-іншаму: арыштоўваюць і кідаюць у турмы, дыскрымінуюць на працы й вучобе, зьнішчаюць іхныя газэты, не даюць ніякай грамадзкай трыбуны. Але такіх рэжымаў на эўрапейскім кантынэньце амаль не засталося. Беларусь — адзінае выключэньне.

Наступны электронны ліст даслала нам Юлія Хаценчык зь Менску. Яна піша:

“Я — псыхоляг, мама дваіх дзетак. Пасьля апошніх падзеяў штодня ў інтэрнэце пераскокваю з аднаго сайту на другі, падпісваюся пад ініцыятывамі “Салідарнасьць!”, "Свабоду палітвязьням!”. 25-га сакавіка была з мужам і дзецьмі на дэманстрацыі. Але размова не пра мяне. Разумееце, усё цяпер у нейкім падвешаным стане. Усе актыўна абмяркоўваюць падзеі, думаюць, што можна зрабіць. Некаторыя прапануюць раздрукоўваць матэрыялы сайтаў і раскідаць па скрынях, зьбіраць подпісы. Падчас выбарчай кампаніі бацька майго мужа быў прадстаўніком Мілінкевіча ў Барысаўскім раёне. Аднаго разу ён патэлефанаваў у штаб зь нейкай прапановай і атрымаў адказ: "Няма чаго рвацца ў героі!” Мы ўсе ня рвёмся ў героі, у нас “разброд і хістаньні”. Малайцы хлопцы й дзяўчаты з плошчы, малайцы “зубраняты”! Малайцы тыя, хто праводзіць акцыі з парванымі газэтамі. Але чым далей, тым больш наш запал (мой запал) можа зноў ператварыцца ў адчай, у спустэленасьць. Цяпер — той час, калі пры добрай арганізацыі нашы памкненьні, наша парываньне можна было б выкарыстаць з максымальным эфэктам. Разумееце, нас вельмі шмат, але мы ня ведаем, што рабіць. Мы можам страціць запал, калі ўсе арганізацыйныя моманты будуць расьцягнуты ў часе”.

Думаю, Юлія Сяргееўна, палітыкі ўсьведамляюць асаблівасьці гэтых грамадзкіх настрояў і хуткую зьменлівасьць псыхалягічнага стану. У часе выбараў і адразу пасьля іх значная частка грамадзтва, сапраўды, вельмі эмацыйна адазвалася на тое, як вялася выбарчая кампанія, як падлічваліся галасы й як улада адрэагавала на пратэсты людзей. На жаль, у Беларусі фактычна не засталося незалежных сацыялягічных службаў, якія маглі б апэратыўна й дакладна ацаніць гэтыя зьмены. Хоць і пераацэньваць маштабы рэзкай зьмены грамадзкай думкі наўрад ці варта. Нагадаю: яшчэ ў лютым апытаньні незалежных сацыёлягаў паказвалі, што за Аляксандра Лукашэнку гатовы былі аддаць галасы больш за 50 працэнтаў апытаных.

На заканчэньне — ліст ад Віктара Кляноўскага зь мястэчка Друя Браслаўскага раёну. З папрокамі на адрас апазыцыі — за тое, што ня ведае й ня ўлічвае адметнасьцяў уласнага народу. Прынамсі, так мяркуе спадар Кляноўскі.

“Няўжо Мілінкевіч ня ведаў, з кім зьвязаўся? На лесапавал у Сібір беларусы пад канвоем пакорліва ехалі тысячамі. І за міску баланды добраахвотна “ўкалвалі” там, як Тата Карла. Навошта было марозіць людзей на плошчы? Бескарысна ўсё гэта. Улада зноў паверне гэта так, як ёй выгодна. Напэўна, трэба зьбірацца й гаварыць. Але ня часта — так, каб толькі нагадваць пра сябе. Рэвалюцыі ў нас ня будзе — ня той народ. Дзеля таго, каб беларус па-сапраўднаму абурыўся, яго трэба вельмі ўжо дапячы й прыціснуць. Тым больш, што ўсяму гэтаму спрыяе маскоўскі Крэмль. Толку тут ня будзе. Пашкадуйце людзей. Хоць, напэўна, час пачаў працаваць ужо на Мілінкевіча. Толькі няхай паберажэ сябе!”

На лесапавал у Сібір, спадар Кляноўскі, змушаны былі ехаць ня толькі беларусы. Мільёны расейцаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў, латышоў, беспадстаўна асуджаных і сасланых, знайшлі там свой вечны прытулак. У людзей у гады сталінскай дыктатуры было вельмі мала магчымасьцяў для супраціву.

Думаю, многія ў Беларусі сёньня ўсьведамляюць: калі не прыкласьці асабістых намаганьняў, прамаўчаць, зьмірыцца, — мінулае можа вярнуцца, і народ зноў на доўгія гады будзе пазбаўлены і выбару, і справядлівасьці, і асабістай свабоды. Думаю, менавіта гэта найперш стала галоўнай прычынай таго, што тысячы людзей выйшлі пасьля 19-га сакавіка на плошчу — нягледзячы на шматлікія запалохваньні, пагрозы й арышты.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG