Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У банку падлічылі, колькі грошай трэба на кампэнсацыю савецкіх укладаў


Юлія Шарова, Менск “Беларусбанк” зрабіў разьлікі сумаў кампэнсацыяў па ўкладах, якія грамадзяне мелі да 1991 году. Гаворка ідзе пра некалькі дзясяткаў трыльёнаў рублёў. Аднак невядома, калі і як будуць выплачваць гэтыя грошы. Між тым беларусы, якія згубілі свае “савецкія” ўклады, па-ранейшаму чакаюць кампэнсацыі.

Пэнсыянэрка Нэлі Паўлаўна з Гомеля ў пачатку 1991 году паклала “на кніжку” 1000 савецкіх рублёў – на паўналецьце дачкі. Зразумела, што вярнуць гэтыя грошы яна ня здолела. Нэлі Паўлаўна прыгадвае, як ейным бацькам у пачатку 1980-ых гадоў кампэнсавалі выдаткі на набыцьцё аблігацыяў – іх распаўсюджвалі ў пачатку 1950-ых гадоў. Яна спадзяецца, што й цяперашнія беларускія ўлады здолеюць вярнуць уклады, зробленыя да 1991 году.

(Нэлі Паўлаўна: ) “Тыя “сталінскія” выплацілі, усё ж вырашылі ў той пэрыяд і выплацілі. А чаму цяпер гэта ня вырашыць? Людзі ж ня вінаватыя ў гэтым. Гэта ж фактычна інвэстыцыі былі. Народ гэта ўсё ўкладваў, банкі карысталіся гэтымі грашыма й яны нешта будавалі за іх, нешта яны кудысьці ўкладвалі”.

На 1000 савецкіх рублёў можна было набыць мэблевы гарнітур, можна было згуляць вясельле ды зьезьдзіць у адпачынак усёй сям’ей, прыгадвае Нэлі Паўлаўна. Столькі сярэднестатыстычны жыхар Савецкага Саюзу зарабляў за цэлы год.

Экс-старшыня Нацбанку, эканаміст Станіслаў Багданкевіч кажа, што ў “Беларусбанку” павінны захавацца зьвесткі пра ўсіх асобаў, якія мелі грошы “на кніжцы” – чалавеку дастаткова толькі прыйсьці з пашпартам, каб спраўдзіць, што ён сапраўды мае права на кампэнсацыю.

Іншая справа, ці будзе сума кампэнсацыі адэкватнай ранейшым укладам, разважае эканаміст: у краіне колькі год запар была надзвычай высокая інфляцыя, былі дзьве дэнамінацыі.

(Багданкевіч: ) “У нас ужо шмат разоў вырашалі гэтую праблему, некаму нешта выплачвалі, але ня ўлічвалі ў поўным аб’ёме рост коштаў на спажывецкія тавары. А гэта трэба ўлічваць у поўным аб’ёме рост коштаў, калі кампэнсаваць укладніку сапраўдную суму, якая была на пачатак 1991 году”.

Як заявіла старшыня праўленьня “Беларусбанку” Надзея Ярмакова, кампэнсацыя ўкладаў будзе ажыцьцяўляцца за кошт бюджэту. Але ў бюджэце на гэты год грошы на кампэнсацыю старых укладаў не прадугледжваюцца. Станіслаў Багданкевіч кажа, што й на наступны год такую графу выдаткаў могуць не закласьці: хутчэй за ўсё, узрастуць кошты на расейскі газ, з напаўненьнем бюджэту ўзьнікнуць праблемы і ўраду будзе не да “савецкіх” укладнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG