Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іх сустракалі кветкамі і воклічамі "Слава героям!"


Любоў Лунёва, Менск Сёньня а 3 гадзіне ночы з Менскага спэцпрымальніка і Жодзінскага ізалятара часовага ўтрыманьня выйшлі каля сотні палітвязьняў. Гэта людзі, якіх затрымалі ў часе ліквідацыі намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ўначы з 23 на 24 сакавіка. Ад пачатку акцыі на Кастрычніцкай плошчы за краты трапілі больш за тысячу чалавек. Паколькі на ўсіх арыштаваных за апазыцыйную дзейнасьць, у Менску не хапіла камэр, людзей трымалі ў ізалятары Менскага раёну і Менскай вобласьці. Наша карэспандэнтка з 3 гадзінаў ночы сустракала людзей, якія адседзелі 10 сутак арышту, каля брамы Жодзінскага ізалятара.

Са сьценаў Жодзінскага ізалятара выходзяць 84 чалавекі, іх сустракае каля трохсот чалавек, сярод іх шмат прадстаўнікоў прафсаюзаў, прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі забясьпечылі транспарт , каб развесьці дадому вызваленых з Жодзіна, а таксама з турмы на Акрэсьціна. Зараз выходзяць на волю людзі, якяі трымалі галадоўку, сярод іх Дзяніс Буйніцкі з Бабруйску. Хлопцы кажуць, што адчуваюць сябе больш-меньш нармальна. Выпусьцілі журналіста Вадзіма Казначэева. Жонкі, сваякі і прысутныя сустракаюць вызваленых воклічамі "Жыве Беларусь!", "Слава героям!"

Сёньня ж выйдуць на волю зьняволеныя на Акрэсьціна. Там у іх падтрымку нават вывесілі плякат-расьцяжку. Павінны выйсьці на волю і дзесяць дзяўчат з ізалятару Менскага раёну. Побач са мной знаходзіцца Ігар Марыніч, ён прыехаў, каб аказаць патрэбную дапамогу транспартам вызваленым і іх сваякам.

(Марыніч): Я лічу, што нашаму грамадзтву ў гэты час вельмі патрэбная салідарнасьць. Мой бацька ўвесь гэты час знаходзіцца за кратамі. Тое ,як трымаліся гэтыя хлопцы і дзяўчаты - вельмі добры прыклад для ўсяго нашага грамадзтва.

Палітвязьні выходзяць па двое, па трое, і паколькі гэтая працэдура зацягваецца , яна расьцягнецца, відаць, да шостай раніцы. Людзі трымаюць у руках кветкі. Адна маці з Жодзіна сустракала тут свайго сына-студэнта. Яна кажа, што на працы ёй усе выказвалі падтрымку і што яна ганарыцца сваім сынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG