Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Guardian”: “Мы павінны ведаць праўду пра наступствы Чарнобылю”


Радыё Свабода Брытанская газэта “Guardian” надрукавала артыкул каардынатаркі брытанскага Чарнобыльскага дзіцячага праекту Лінды Ўолкер. Дабрачынная арганізацыя Лінды Ўолкер цягам 11 гадоў дапамагае пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі ў Беларусі. Лінда Ўолкер лічыць, што праз 20 гадоў пасьля чарнобыльскай катастрофы ўсё яшчэ няма дакладных зьвестак пра наступствы аварыі.

“Тыя, хто рэгулярна наведвае Беларусь, могуць проста ня ведаць пра многія праблемы са здароўем ў людзей на забруджаных тэрыторыях”, – піша Лінда Ўолкер у брытанскай газэце “Guardian”. “Дваццаць гадоў таму маладыя бацькі нараджалі дзяцей з ганамі ў разьвіцьці і генэтычнымі парушэньнямі, у некаторых дзяцей ужо ў першыя месяцы жыцьця разьвіваліся сур’ёзныя хваробы. Наколькі вядома, гэтая праблема ня была сур’ёзна дасьледаваная”, – адзначае аўтарка публікацыі.

“Гематолягі гавораць, што ў Беларусі ў дзяцей выяўляюцца хваробы крыві, якія звычайна бываюць у старых людзей. Шырока распаўсюджаны сардэчныя хваробы і рэсьпіраторныя праблемы, у маленькіх дзетак выяўляюць остэапароз, у дзіцячых дамах шмат дзяцей, якія не растуць, дзеці нараджаюцца безь некаторых членаў або са скрыўленымі часткамі цела. Рак малочнай залозы сярод маладых жанчын – гэта галоўная праблема ў Беларусі”, – чытаем у публікацыі. Лінда Ўолкер піша ў “Guardian”, што рак шчытападобнай залозы – гэта адзіная хвароба, якую бясспрэчна зьвязваюць з Чарнобылем. “Раней было шмат скептыцызму, асабліва з боку амэрыканскіх навукоўцаў, але ўрэшце ўжо нельга адмаўляць, што павелічэньне захворваньня на гэтую звычайна рэдкую немач можа мець толькі адну прычыну”, – адзначае брытанская газэта.

“Guardian” піша пра леташнюю справаздачу МАГАТЭ, у якой сьцьвярджалася, што, апроч раку шчытападобнай залозы, у Беларусі і ва Ўкраіне не было дастаткова сур’ёзных наступстваў для здароўя ад чарнобыльскай катастрофы і што большасьць праблемаў былі выкліканыя псыхалягічным стрэсам ці радыяфобіяй. Лінда Ўолкер зьвяртае ўвагу на тое, што найпершая задача МАГАТЭ – папулярызацыя атамнай энэргіі, і таму памяншэньне наступстваў найгоршага ў сьвеце бедзтва, натуральна, адпавядае праграме дзеяньня агенцтва.

Лінда Ўолкер спасылаецца на надрукаваны ў “Guardian” 25 сакавіка артыкул рэдактара аддзелу навакольнага асяродзьдзя Джона Відала – ён падае зьвесткі дасьледаваньняў украінскіх навукоўцаў, якія сьцьвярджаюць, што ў справаздачы атамнага агенцтва ААН былі праігнараваныя 500 тысяч сьмерцяў ад наступстваў Чарнобылю ва Ўкраіне ад 1986 году.

Лінда Ўолкер піша, што калі ўзяць у разьлік лічбы ўкраінскіх навукоўцаў, то ў Беларусі, якая атрымала больш радыяцыі, ахвяраў ад 1986 году магло быць столькі ж, тады як у Расеі іх магло быць каля 100 тысяч чалавек. “Усё гэта разам складае больш за мільён сьмерцяў ад Чарнобыльскай катастрофы, плюс ахвяры ў Эўропе, празь якую таксама прайшлі радыяцыйныя ападкі”, – піша Лінда Ўолкер у брытанскай газэце “Guardian”.

Многія дабрачынныя арганізацыі ў Вялікай Брытаніі ўвайшлі ў кааліцыю “Памятаем Чарнобыль”, якая імкнецца дасягнуць максымальнага разуменьня доўгатэрміновых наступстваў радыяцыі.

“20 гадоў пасьля Чарнобылю – гэта час, калі трэба зрабіць рашучыя намаганьні, каб даведацца праўду аб рэальных наступствах катастрофы”, – піша каардынатарка брытанскага Чарнобыльскага дзіцячага праекту Лінда Ўолкер у брытанскай газэце “Guardian”.

Арганізацыя, якую прадстаўляе Лінда Ўолкер, пастаўляе гуманітарную дапамогу ў Беларусь, навучае пэрсанал у дзіцячых дамах, а таксама накіроўвае беларускіх дзяцей на аздараўленьне ў Вялікую Брытанію.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG