Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Падзеі ў Беларусі ў ацэнках палітыкаў і прэсы за мяжой – хроніка тыдня


Радыё Свабода Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і разгон мірнай дэманстрацыі ў Менску ў Дзень Волі 25 сакавіка выклікалі шырокі розгалас у сьвеце. Увесь тыдзень з розных краінаў ішлі паведамленьні пра тое, як беларускія падзеі ацэньваюць лідэры дзяржаваў, грамадзкія і палітычныя дзеячы, замежная прэса.

26 сакавіка, нядзеля

Ужо празь некалькі гадзінаў пасьля разгону беларускай міліцыяй мірнай дэманстрацыі ў Менску ў Дзень Волі 25 сакавіка ў Вашынгтоне была распаўсюджана заява афіцыйнага прадстаўніка Дзярждэпартамэнту ЗША Шона Макормака. У ёй выказвалася глыбокая занепакоенасьць у дачыненьні да асобаў, якія былі параненыя і затрыманыя, і заклік да беларускіх уладаў неадкладна вызваліць усіх, хто быў затрыманы за выказваньне сваіх палітычных поглядаў.

Эўрапейскі зьвяз таксама выказаў глыбокую занепакоенасьць ў сувязі з арыштам дэманстрантаў і прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі ў Менску. У распаўсюджанай у Вене заяве ад імя Аўстрыі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, утрымліваецца патрабаваньне неадкладна вызваліць затрыманых, а таксама заклік да ўсіх міжнародных партнэраў Эўразьвязу, асабліва да суседзяў Беларусі, заняць гэткую ж пазыцыю.

З асуджэньнем гвалту з боку беларускага рэжыму ў часе мірнага шэсьця 25 сакавіка выступіў міністар замежных справаў Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер. Дзеяньні беларускіх уладаў скрытыкавалі вядучыя ўкраінскія палітыкі – прэзыдэнт Віктар Юшчанка, лідэр партыі рэгіёнаў Віктар Януковіч і экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка. Сталая Камісія Парлямэнцкай асамблеі НАТА ў часе паседжаньня ў Гдыні ў адмысловай рэзалюцыі заклікала правесьці ў Беларусі паўторныя прэзыдэнцкія выбары, прызнаўшы, што перамога цяперашняга кіраўніка краіны 19 сакавіка – незаконная.

У розных гарадах Эўропы і Амэрыкі адбыліся мітынгі і пікеты ў падтрымку беларускай апазыцыі. Так, беларусы Канады правялі мітынг у Таронта. На ім выступілі старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, сакратар прэм’ер-міністра Канады Джэйсан Кэні, дэпутаты парлямэнту Борыс Вжэсьнеўскі і Пэгі Нэш, пісьменьніца Вольга Іпатава.

27сакавіка, панядзелак

У адказ на заявы беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, быццам літоўскае Міністэрства замежных справаў брала ўдзел у арганізацыі мітынгаў у Менску, прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус заявіў, што афіцыйная Літва ня будзе спрачацца з журналістамі з тэлевізіі, кантраляванай дыктатарскім рэжымам.

(Адамкус: ) “Найперш няма ніякіх доказаў, што Літва брала ўдзел у якой-небудзь дзейнасьці. Калі дыктатарскі лад хоча нешта напрыдумляць, каб схаваць свае праблемы, так гэта яго ўласныя справы. Мы ня будзем гэта камэнтаваць”.

Адначасна Міністэрства замежных справаў Літвы ў адмысловай заяве асудзіла затрыманьне мірных дэманстрантаў у Менску і заклікала ўладу Беларусі неадкладна вызваліць ўсіх затрыманых.

У гэты ж дзень Старшыня Парлямэнцкай асамблеі НАТА П’ер Лелюш у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што бачыць у будучым Беларусь у НАТА.

(Лелюш: ) “Ніхто 20 гадоў таму нават ня мог падумаць, што, прыкладам, прыбалтыйскія краіны, якія былі тады ў складзе Савецкага Саюзу, будуць цяпер у НАТА і Эўрапейскім зьвязе. Нават у аб’яднаньне Нямеччыны цяжка было паверыць. Але гэта адбылося, таму і ў выпадку Беларусі гэта магчыма. Эўрапейскі кантынэнт 50 гадоў быў як бы замарожаны, цяпер гэтага ўжо няма. Усё мяняецца і лепш, каб расейцы гэта зразумелі”.

П’ер Лелюш лічыць, што структуры, якія аб’ядноўваюць заходнія дзяржавы, у тым ліку НАТО і Эўразьвяз, павінны больш рашуча зьвяртаць увагу Расеі на тое, што ім не падабаецца ў палітыцы Масквы, у тым ліку і на падтрымку беларускага рэжыму.

Тым часам, віцэ-сьпікер Эўрапейскага парлямэнту і старшыня Дэмакратычнай партыі Польшчы Януш Анышкевіч прапанаваў польскім уладам даваць бясплатна візы тым беларусам, якія ня маюць нічога агульнага з рэжымам. Януш Анышкевіч заявіў, што ў беларускіх уладаў, таксама як калісьці ва ўладаў народнай Польшчы, не атрымаецца здушыць дэмакратычны рух.

(Анышкевіч: ) “Гэта, можа, не канец пэўнага працэсу, але напэўна пачатак. Нарэшце нехта крыкнуў, што кароль голы дастаткова голасна– яго пачулі шмат людзей. Цяперашнія падзеі ў Беларусі могуць у пэрспэктыве давесьці да паўтору польскага варыянту 1989 году”.

Заходняя прэса на першых палосах зьмясьціла камэнтары пра падзеі ў Менску.

Амэрыканская "Los Angeles Times": “Акцыя, заяўленая як апошняя спроба выказацца супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, скончылася гвалтам. Акрываўленыя ўдзельнікі пратэстаў крычалі, а міліцыянты перасьледавалі арганізатараў, зьбіваючы іх дубінкамі”.

Нямецкая газэта "Die Welt": "Тое, што цяпер падаецца перамогай Лукашэнкі, нагадвае Піраву перамогу –яшчэ некалькі такіх перамог, і рэжыму гнёту, сачэньня і абдурваньня насельніцтва прыйдзе канец".

Брытанская “Independent”: “Брусэль і Вашынгтон павінны працягваць сваю цяперашнюю палітыку, а менавіта: не прызнаваць ілжэвыбары Лукашэнкі, не даваць яму выхваляцца сваімі дасягненьнямі за межамі сваёй уласнай краіны, і нагадваць фундатару Лукашэнкі, расейскаму прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве сувязі Расеі з Эўропай для яе больш важныя, чым удзячнасьць Лукашэнкі”.

28сакавіка, аўторак

Дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, выступаючы ў Сэнаце, заявіла, што беларуская апазыцыя стала больш моцнай за апошні год, і існаваньне апазыцыі зьяўляецца дасягненьнем у Беларусі.

Упаўнаважаны АБСЭ ў пытаньнях свабоды слова Міклаш Харашці асудзіў затрыманьні беларускіх і замежных журналістаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Ён падкрэсьліў, што абарона журналістаў, якія выконваюць свае прафэсійныя абавязкі, і гарантыі іхнай бясьпекі зьяўляюцца фундамэнтальнымі абавязкамі краінаў-сябраў АБСЭ.

Тым часам Міністэрства замежных справаў Расеі ўсклала адказнасьць за жорсткія сутычкі на вуліцах Менску выключна на апазыцыю. У заяве расейскага зьнешнепалітычнага ведамства гаворыцца, што беларуская апазыцыя, арганізоўваючы несанкцыянаваныя мітынгі, спрабавала справакаваць улады на жорсткія дзеяньні, каб выклікаць крытыку Захаду адносна афіцыйнага Менску.

У Празе былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл разам з групай сэнатараў і дэпутатаў чэскага парлямэнту прыехаў да беларускай амбасады ў Празе, каб перадаць пэтыцыю ў падтрымку беларускай дэмакратыі і з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Аднак дэлегацыю на тэрыторыю амбасады не пусьцілі. Вось як патлумачыў Вацлаў Гавэл спробу наведаць беларускую амбасаду:

(Гавэл: ) “Мы хацелі б перадаць нашу кароткую заяву пра сытуацыю ў Беларусі, паказаць нашае стаўленьне да таго, што там адбываецца, выказаць пратэст супраць арыштаў дэманстрантаў. Гэта – акт салідарнасьці. Мы з уласнага вопыту ведаем, як важныя знакі салідарнасьці для тых, хто змагаецца за свабоду. Тут прысутныя тыя, хто асабіста наведаў Беларусь, і яны могуць пацьвердзіць, як важна для апазыцыі, калі яна ведае, што мае падтрымку і салідарнасьць у іншых краінах”.

29 сакавіка, серада

Дзейны прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў звароце, дасланым у штаб кандыдата ў прэзыдэнты ад аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, выказаў захапленьне “мужнасьцю і рашучасьцю беларускага народу ў прыхільнасьці дэмакратычным прынцыпам, якія выявіліся ў барацьбе з апошнім перажыткам імпэрыялізму ў Эўропе”.

Афіцыйная рэакцыя на падзеі ў Менску прыйшла і з далёкай Канады. Міністар замежных справаў Канады Пітэр Макей назваў беларускія выбары “абсалютнай абразай дэмакратычных прынцыпаў” і паведаміў, што Канада цяпер абмяжуе афіцыйныя стасункі зь Беларусьсю. Пітэр Макей таксама запатрабаваў вызваліць канадзкага журналіста Фрэдэрыка Левуа, затрыманага ў Менску ў часе акцыі пратэсту.

У гэты ж дзень амэрыканская газэта "New York Times" паведаміла, што ЗША і Эўразьвяз забароняць уезд 43 беларускім чыноўнікам – Аляксандру Лукашэнку, міністрам, начальнікам праваахоўных органаў, пракурорам, судзьдзям, прадстаўнікам выбарчых камісіяў, а таксама журналістам дзяржаўных СМІ. Газэта паведаміла таксама, што канчатковы сьпіс людзей, пакараных санкцыямі, мае быць ухвалены 10 красавіка міністрамі замежных справаў Эўразьвязу ў часе іхнай сустрэчы ў Люксэмбургу.

30 сакавіка, чацьвер

Міжнародная супольнасьць ад заяваў асуджэньня дзеяньняў уладаў пераходзіць да канкрэтных захадаў. У Варшаве ў часе сустрэчы лідэра беларускай аб’яднанай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча з прэм’ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам была падпісаная Дэклярацыя аб стварэньні фонду імя Кастуся Каліноўскага – фонду дапамогі рэпрэсаваным беларускім студэнтам. Прамаўляючы перад прысутнымі, Казімеж Марцінкевіч адзначыў, што свабода заўсёды пачыналася ад унівэрсытэтаў, таму новы польскі ўрад не вагаўся, калі зьявілася ініцыятыва дапамагчы рэпрэсаваным беларускім студэнтам.

(Марцінкевіч: ) “Мы змаглі пераканаць Эўразьвяз заняць больш жорсткую пазыцыю што да так званых выбараў у Беларусі, але трэба дапамагаць далей. Мы ня так даўно часткова самі ўзялі, часткова атрымалі каштоўнае дабро, якое завецца свабода і дэмакратыя. Гэтай каштоўнасьцю нам трэба падзяліцца з вамі, беларусамі”.

Цяпер беларусы могуць разьлічваць прынамсі на 300 месцаў у польскіх ВНУ – ім будуць аплачаныя кошты навучаньня і пражываньня ў Польшчы.

Аляксандра Мілінкевіча з жонкай прыняў таксама прэзыдэнт Польшчы Лех Качыньскі. Польскі прэзыдэнт заявіў, што “вельмі значная частка беларускага грамадзтва ў часе апошніх выбараў падтрымала апазыцыю”. Качыньскі назваў Аляксандра Мілінкевіча “героем мінулых выбараў”.

Тым часам Камісія тэлерадыё Літвы забараніла ўсім дзяржаўным і прыватным тэлекампаніям краіны рэтрансьляваць праграмы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў. У рашэньні камісіі адзначаецца, што беларускія дзяржаўныя тэлеканалы распаўсюджваюць дэзынфармацыю.

У гэты ж дзень у Вільні было абвешчана пра стварэньне Фонду дапамогі рэпрэсаваным у Беларусі. На рахунак ад першага дня рэгістрацыі пачалі прыходзіць ахвяраваньні.

31 сакавіка, пятніца

За канкрэтныя захады ва ўплыве на беларускія ўлады выказалася і нямецкі бундэсканцлер Ангела Мэркель ў часе выступу ў Бундэстагу. Яна заявіла пра падтрымку санкцыяў, накіраваных супраць беларускага кіраўніцтва на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. За ўвядзеньне санкцыяў выказаліся ўсе фракцыі Бундэстагу, за выключэньнем партыі левых. У гэты ж дзень група нямецкіх парлямэнтароў знаходзілася ў Менску. У часе сустрэчаў як з прадстаўнікамі ўладаў, гэтак і з апазыцыяй, генэральны сакратар Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу, дэпутат нямецкага Бундэстагу Рональд Пофала выказваў патрабаваньне неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў.

(Пофала: ) “Мы чакаем неадкладнага вызваленьня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. Мы чакаем, што ні да Казуліна, ні да Мілінкевіча ня будзе выстаўлена абвінавачаньне, ня кажучы ўжо пра пагрозу пазбаўленьня волі на доўгі час. І мы чакаем, што каля 1 200 затрыманых, якія знаходзяцца пад вартай, у найбліжэйшы час будуць вызвалены. Я думаю, калі гэта адбудзецца, дык увядзеньне эканамічных санкцыяў з боку Эўразьвязу ня будзе пытаньнем: яно будзе знаходзіцца ў цэнтры ўвагі”.

Камітэт па культуры, навуцы і адукацыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы выказаў занепакоенасьць адносна стану з акадэмічнай свабодай у Беларусі. У ёй гаворыцца, што рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі ў апошнім дзесяцігодзьдзі цалкам кантралюе сыстэму адукацыі ў Беларусі улучна з перасьледам выкладчыкаў і студэнтаў за іхны нон-канфармізм. У заяве ўтрымліваецца заклік да Рады Эўропы працягваць кантакты зь беларускімі студэнтамі і ўнівэрсытэтамі ў справе павагі да акадэмічнай свабоды.

Сябра камісіі па міжнародных справах у нямецкім Бундэстагу, хрысьціянскі дэмакрат Манфрэд Грунд заявіў Радыё Свабода, што нямецкія палітыкі ня проста вітаюць увядзеньне візавых санкцыяў у краіны Эўразьвязу для адказных беларускіх чыноўнікаў, але таксама рыхтуюць прапановы да расейскага і ўкраінскага кіраўніцтва адносна абмежаваньняў на выезд беларускіх чыноўнікаў на адпачынак у гэтыя краіны.

Заходняя прэса зьмяшчае першыя камэнтары адносна плянаў Расеі ад наступнага году падвысіць цэны на газ для Беларусі да ўсясьветнага роўню. Так, “Нью-Ёрк Таймз”піша, што заявы “Газпрому” аслабляюць пазыцыі Лукашэнкі. Газэта адзначае, што пасьля 20 сакавіка Лукашэнка толькі аднойчы зьявіўся на дзяржаўным тэлебачаньні, і гэта выклікае шматлікія пытаньні пра тое, у якім ён стане.
XS
SM
MD
LG