Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Жодзінскай турмы сёньня выйшлі на волю яшчэ 3 палітвязьні


Радыё Свабода У Жодзінскай турме паменшала на трох палітвязьняў. Сёньня ўначы адсюль выйшлі на волю ўдзельнікі акцыі пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Сьвятлана Станкевіч, Дар’я Зялінская і Яўген Сільвановіч.

Усе трое актывістаў выйшлі з Жодзінскай турмы пасьля адбыцьця тут 8-суткавага арышту. Вось што распавяла Радыё Свабода жыхарка Смаргоні, 24-гадовая Сьвятлана Станкевіч:

(Станкевіч: ) “Тыя амапаўцы, якія бралі штурмам наш “гарадок”, яны сябе паводзілі як зьвяр’ё. Калі нас прывезьлі з Акрэсьціна, нас было сямёра –сямёра дзяўчат. Гэта Насьця Ларына, Аля Сідаровіч, Настасься Дарафеева, Надзея Манцэвіч, Іна Габрыельчык, Вольга Карэц плюс я”.

(Карэспандэнт: ) “У вашай камэры яшчэ засталіся людзі пасьля вашага адыходу?”

(Станкевіч: ) “Так, засталіся. І яны хварэюць. Таму што паветра вельмі цяжкое ў камэры. Не праветрываецца амаль памяшканьне. І таму, калі я зыходзіла сёньня ўначы, дзяўчаты ляжалі пластамі, яны кашляюць, у іх насмарк”.

Тым часам, у Жодзінскай турме працягвае заставацца ў зьняволеньні каля паўтары сотні палітвязьняў. Сваякі, сябры і паплечнікі пра іх не забываюць –сёньня яны прывозілі сюды перадачы з харчаваньнем. У іх ліку наведаў Жодзінскую турму і лідэр незарэгістраванай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “З партыі Свабоды сядзяць хлопцы як мінімум двое тут у Жодзінскай турме – Стагній Станіслаў, Васілеўскі Аляксандар. Маладыя хлапцы, і стараемся падтрымаць іх ад нашай арганізацыі – кнігі, прадукты. Усяго ў нас былі затрыманыя 23 чалавекі”.

Не засталіся абыякавымі да лёсу палітвязьняў Жодзінскай турмы і мясцовыя актывісты дэмакратычнага руху – у прыватнасьці, Зьміцер Чарткоў, Аляксандар Валчанін, Аляксей і Сьвятлана Лапіцкія. Напрыклад, праваабаронца Сьвятлана Лапіцкая сёньня прыносіла перадачы для зьняволеных апазыцыянэраў Зьмітра Рагачова і Зьмітра Лапцёнка:

(Лапіцкая: ) “Мы дапамагаем ладзіць перадачы тым дзецям, да якіх не могуць дабрацца бацькі. Яны паведамляюць і мы ладзім гэтыя перадачы для таго, каб дзеці не былі забытыя”.
XS
SM
MD
LG