Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З турмы на Акрэсьціна рыхтуецца выйсьці новая група палітвязьняў


Радыё Свабода У ноч на панядзелак з турмы на Акрэсьціна выйдзе група людзей, арыштаваных і зьняволеных на 10 сутак пасьля ліквідацыі намётавага гарадка на Кастрычніцкай плошчы Менску. Частка удзельнікаў акцыі пратэсту атрымалі пакараньне тэрмінам 15 сутак адміністрацыйнага зьняволеньня й яшчэ застаюцца за кратамі. Сваякі, знаёмыя й сябры вязьняў па-ранейшаму прыходзяць да турмы на Акрэсьціна, каб перадаць ім асабістыя рэчы, прадукты й пітво.

Моладзь і людзі сталага веку прыходзяць да турмы штодня, незалежна ад надвор''я й дня тыдня. Шматлікія чэргі першых дзён ужо схлынулі, таму сваякі зьняволеных і іхныя сябры ідуць невялікімі купкамі й нясьпешна разважаюць пра тое, што адбылося.

(Юначка: ) “У мяне, да прыкладу, тут сядзіць бацька адной з маіх сябровак. Яго затрымалі каля Журавінкі. Ён нёс на плошчу ежу, і ў яго акрамя тэрмаса й галубцоў больш нічога не было. Вось яго затрымалі, і ён зараз сядзіць. Асабіста я проста не разумею, навошта гэта рабіць, калі мірныя дэманстранты выказваюць сваю думку, не парушаючы нічыіх правоў і свабодаў? Для мяне гэта дзіка”.

(Карэспандэнтка: ) “А Вы як ставіцеся да ўсяго адбытага?”

(Юнак: ) “Улада проста баіцца, вельмі баіцца. І гэтыя крокі, можна сказаць, як у параненай жывёлы, якая перад сьмерцю б''ецца й кідаецца на ўсё, гэтак зараз і ўлада робіць”.

(Юначка: ) “Я лічу, што ў тым, што адбылося апошнімі днямі, ёсьць таксама і свае плюсы. Да прыкладу, тое, што зараз вельмі вялікая колькасьць людзей незадаволеная. Яны бачаць, што іх родных пасадзілі ні за што. Я лічу, што зараз колькасьць людзей, якія далучацца да апазыцыі, будзе толькі расьці. Таксама я думаю, што людзі займеюць праблемы на працы й на вучобе, і гэта толькі выльецца ў новую хвалю супраціву”.

Праз колькі дзён пасьля масавых арыштаў сваякі зьняволеных пачалі атрымліваць паведамленьні з судоў, якія сталіся адной з тэмаў абмеркаваньня каля сьценаў турмы. Гаворыць спадарыня Крысьціна, якая прыйшла да свайго брата:

(Крысьціна: ) “Прыйшоў бацькам афіцыйны ліст з суда, пра тое, што ён затрыманы й зьняволены. Цытую: “Задержан на площади, 10 суток, кричал “Жыве Беларусь”. Мама сказала, што павесіць на сьцяне. У лісьце куча артаграфічных памылак. І нават суседзі, якія раней казалі, што, маўляў, вось, ён у вас апазыцыянэр, напэўна, кепска вучыцца й дрэнна паводзіцца, нават яны, пабачыўшы гэты ліст, сказалі, што гэта непісьменная ўлада, якая саджае лепшую моладзь”.

(Спадар: ) “Што тычыцца "адмарозкаў", якія нібыта сюды патрапілі, то асабіста я ніводнага "адмарозка" ня ведаю й думаю, што сапраўдныя "адмарозкі" ў іншых месцах зараз”.

(Спадарыня: ) “Нават міліцыя, многія зь іх казалі потым, што мы чакалі ўбачыць сапраўды алькаголікаў і адмарозкаў. Але калі пачалі пісаць пратаколы, калі даведваліся, зь якіх яны ўнівэрсытэтаў саджаюць людзей, што там выкладчыкі былі, лекары, то нават у міліцыі ўсе ў шоку ад таго, што адбываецца”.
XS
SM
MD
LG