Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 25 год Ярузэльскага абвінавацілі ў парушэньні Канстытуцыі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Былому камуністычнаму кіраўніку ПНР Войцеху Ярузэльскаму прад’яўленыя абвінавачаньні за ўвядзеньне ў краіне 25 гадоў таму ваеннага становішча, у выніку чаго загінулі дзесяткі людзей, а тысячы былі інтэрнаваныя.

(Ярузэльскі: ) “Я зьвяртаюся да вас у справе найвышэйшай важнасьці. Нашая краіна апынулася над безданьню...”

Гэтыя словы, якія ў халодны сьнежаньскі дзень 1981 году сказаў Войцех Ярузэльскі, абгрунтоўваючы увядзеньне ваеннага становішча, зьмянілі хаду гісторыі.

Загінулі ўдзельнікі акцыяў пратэсту, тысячы апазыцыянэраў кінулі ў турмы, рэформы, якіх дамаглася “Салідарнасьць”, былі спыненыя, сотні тысячаў палякаў пакінулі краіну.

Праз 25 гадоў пасьля гэтых падзеяў Інстытут нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы прад’явіў Войцеху Ярузэльскаму, тагачаснаму кіраўніку краіны, абвінавачаньні ў крымінальных злачынствах. Паводле пракурораў, уводзячы ваеннае становішча, ён парушыў Канстытуцыю, бо зрабіць гэта дэкрэтам можна было толькі тады, калі б не трывала паседжаньне Сэйму, а ў тыя дні Сэйм якраз працаваў.

(Прадстаўнік ІНП: ) “Пракурор Інстытуту Нацыянальнай памяці прад’явіў Ярузэльскаму абвіначаньне ў зьдзяйсьненьні камуністычнага злачынства, якое палягала ў кіраваньні ўзброенай групоўкай крымінальнага характару”, заявіў прадстаўнік Інстытут нацыянальнай памяці.

Сам Войцех Ярузэльскі, які мае цяпер 83 гады, вінаватым сябе ня лічыць.

(Ярузэльскі: ) “Я глыбока перакананы ў агульнай правільнасьці таго, што было зроблена, нягледзячы на памылкі і недахопы”.

Між тым гісторык Лех Кавальскі, аўтар кнігі пра Войцеха Ярузэльскага, лічыць, што тады ў 1981 годзе генэрал добра ведаў, што парушае Канстытуцыю, але нягледзячы на гэта пераконваў сваіх супрацоўнікаў, што ваеннае становішча трэба ўвесьці нечакана адпаведным дэкрэтам.

(Кавальскі: ) “Генэрал сьвядома абраў шлях парушэньня закону. Магчыма, ён думаў, што той лад, што быў у Польшчы тады, захаваецца назаўсёды. Ад яго тады залежала, парушаць Канстытуцыю ці не”.

Разам з Войцехам Ярузэльскім перад судом стануць яшчэ каля дзесяці ягоных паплечнікаў з часоў ПНР.


Архіўны здымак: Фідэль Кастра і Войцех Ярузэльскі
XS
SM
MD
LG